Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларуская Амбасада ў Польшчы актыўна падтрымлівае творчыя праекты тамтэйшых беларускіх грамадскіх суполак

Песня сябраваць дапамагае

Ці ведаеце вы такога дыпламата, які хораша спявае? Не так даўно пазнаёмілася з ім. Я расказвала ўжо пра Усепольскі фестываль “Беларуская песня-2017” (“Песня жывіць гарады”, ГР, 9.03.2017). І што Амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр’янаў выйшаў там на сцэну Беластоцкай оперы і філармоніі не толькі як афіцыйная асоба, але і як спявак! Разам з Беларускім народным фальклорным гуртом “Вербіца” выканаў песню “Дзед” — жартоўную, ім жа ў народным стылі напісаную. Гурт спяваў і яго лірычную кампазіцыю “Дзе ж ты, мая каханая”.

Амбасадар Аляксандр Авяр’янаў выступае на адкрыцці выставы ў Гайнаўцы
Кацярына Мядзведская

Пасля імпрэзы Аляксандр Авяр’янаў казаў мне ў інтэрв’ю: што гэта не першае яго выступленне на сцэне Беластоцкай оперы і філармоніі, але ён аніколі раней не выступаў з “Вербіцай”. Быў прыемна ўражаны, што яго песні ведаюць і спяваюць у Беларусі. Сам спяваць вельмі любіць, прычым піша і вершы, і музыку. То, можа, складзецца і творчая супраца з беларускімі гуртамі Беласточчыны? Ён таго не выключае, хоць, вядома ж, гэта не яго асноўная праца.

— Спадар Амбасадар, Беларусь і Польшчу злучаюць і чалавечыя стасункі. Шмат беларусаў жыве на Падляшшы… Ці спрыяе Амбасада беларускім суполкам?

— Сапраўды, лёсы нашых народаў цесна пераплецены. Беларусаў жыве шмат якраз на тэрыторыі Падляскага ваяводства. Гэта — карэннае насельніцтва, якое засталося тут, калі ў сілу гістарычных абставінаў дзяржаўная мяжа Польшчы пасля Другой сусветнай вайны пасунулася на ўсход. Гэтыя людзі самі сябе называюць “тутэйшымі”, не адносяць сябе ўжо да Беларусі, хоць і палякамі не лічаць. 61 год дзейнічае Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое даўно ўзначальвае Ян Сычэўскі. Амбасада і Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве надаюць значную ўвагу ўзаемадзеянню з беларусамі Падляшша: падтрымліваем мерапрыемствы па захаванні мовы, культуры, нацыянальнай ідэнтычнасці. Адно з такіх — Усепольскі фестываль “Беларуская песня-2017”. Створана і цэлая сістэма вывучэння беларускай мовы: пачынаючы з садкоў-прадшколляў, школ, гімназій, ліцэяў і да кафедраў беларускай філалогіі ў Беластоцкім і Варшаўскім універсітэтах.

— Чытала ў інтэрнэце, што і ў Варшаве бацькі выхаванцаў аднаго з прадшколляў хочуць стварыць у ім групу з беларускай мовай навучання…

— Сёння існуе тэндэнцыя: моладзь пераязджае з Беласточчыны ў цэнтральныя і заходнія рэгіёны краіны. Вось некалькі сем’яў з ліку беларускіх у Варшаве ініцыявалі такі праект. Паводле польскага заканадаўства для стварэння такой групы дастаткова й некалькіх галасоў. Мяркую, усё ў іх атрымаецца! Увогуле ў Польшчы ёсць цесная ўзаемасувязь нацыянальнага самавызначэння і вераспавядання. Праваслаўныя беларусы гуртуюцца звычайна вакол брацтваў імя святых Кірылы і Мяфодзія, і Амбасада супрацоўнічае з такімі цэнтрамі. Сумесна ладзім выставу старадаўніх званоў ды ікон “Брама веры” з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. Мы адкрывалі яе ў Цэнтры праваслаўнай культуры імя святых Кірыла і Мяфодзія ў Варшаве разам з мітрапалітам Варшаўскім і ўсяе Польшчы Савай. Потым выстава пабывала ў Беластоку, Дубінах, Гайнаўцы, Супраслі. Цяпер — зноў у Варшаве, а ў чэрвені яна пераедзе ў Мінск-Мазавецкі.

— Апошнім часам шмат беларускіх імпрэзаў праходзіць у Польшчы: гастралююць тэатральныя трупы, асобныя выканаўцы… З чым звязана такое відавочнае пацяпленне адносін?

— Супрацоўніцтва паміж краінамі ў розных галінах, і ў сферы культуры таксама, вельмі актывізавалася пасля візітаў міністраў замежных спраў летась. У Польшчы адбыўся шэраг знакавых мерапрыемстваў. Так, Нацыянальны акадэмічны аркестр імя І. Жыновіча прывозіў сюды рок-оперу “Песня пра долю”, а Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — спектакль па кнізе Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”. У Варшаве пабывала трупа з Тэатра-студыі кінаакцёра са спектаклем “Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў”, выступалі піяністы-віртуозы Расціслаў Крымер, Кірыл Кедук, віяланчэліст Іван Карызна, оперны спявак Уладзімір Александровіч. Сёлета сумесна з Амбасадай Польшчы ў Мінску зрабілі выставу “Беларусы ў Войску Польскім” у Варшаве. У Мінску ж у Нацыянальным мастацкім музеі працуе арганізаваная з нашым удзелам выстава “Радзівілы: лёсы краіны і роду”, на адкрыццё якой прыязджаў Мацей Радзівіл, нашчадак знакамітага шляхецкага роду. Нядаўна падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Беластоцкай операй і філармоніяй і Белдзяржфілармоніяй ды Тэатрам імя Янкі Купалы. У чэрвені чакаем танцавальны калектыў “Харошкі” ў Варшаўскай оперы. У маі пад час Дзён славянскага пісьменства ў Бельску-Падляшскім пройдуць мерапрыемствы і з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Дні беларускай культуры ды Беларуска-польскі эканамічны форум запланаваны ў Мінску-Мазавецкім.

— Беларусь увяла спачатку бязвізавы рэжым наведвання Белавежскай пушчы, затым — Аўгустоўскага канала і горада Гродна, а нядаўна і 5-дзённы бязвізавы рэжым для замежнікаў, якія прыбываюць у краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Як гэта спрыяе развіццю беларуска-польскіх стасункаў?

— Доўгі час Беларусь для палякаў заставалася нейкай terra incognita. Сёння грамадзяне Польшчы нанова адкрываюць для сябе нашу краіну. І гэта мы заўважаем у сваёй паўсядзённай працы. Дарэчы, менавіта палякі — у лідэрах 5-дзённага наведвання Беларусі без віз. І едуць не толькі як турысты, але і, прычым, усё часцей, для правядзення дзелавых перамоў, устанаўлення кантактаў, знаёмства з умовамі вя-дзення бізнесу ў Беларусі. Папулярныя сёння й настальгічны, экалагічны, медыцынскі турызм. Набіраюць абароты і вандроўкі на ровары, пешыя…

— Аляксандр Казіміравіч, 2 сакавіка споўнілася 25 гадоў з часу ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Польшчай. Вядома, стасункі за гэты час былі і лагодна-сяброўскімі, і дастаткова напружанымі. Як ацэньваеце сённяшні этап нашых адносінаў?

— Сёння часта ўжываецца тэрмін “нармалізацыя”. На мой погляд, гэтае слова дастаткова поўна вызначае цяперашні этап у нашых адносінах. Актывізаваліся беларуска-польскія кантакты на розных узроўнях, пры тым за даволі кароткі час удалося зрабіць больш, чым за папярэдняе дзесяцігоддзе. Гэта надае нам аптымізму, хоць наперадзе яшчэ шмат працы. Галоўнае: мы вярнуліся на шлях дыялогу, і яго трэба пастаянна падтрымліваць. Дыялог — гэта шлях да паразумення, і мы гатовы пашыраць узаемадзеянне ў розных галінах. Хочацца, каб людзі як у Беларусі, так і ў Польшчы адчулі рэальны эфект ад нармалізацыі палітычных адносін.

Гутарыла Кацярына Мядзведская

Варшава — Мінск

Голас Радзімы № 14 (3518), чацвер, 6 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter