На сцэне Белдзяржфілармоніі гала-канцэртам адзначылі 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна

Песня, спетая сэрцам

Год культуры пачаўся адметнай падзеяй: на сцэне Белдзяржфілармоніі гала-канцэртам адзначылі 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна. 


Упершыню праграма канцэрта цалкам складалася з твораў вялікага Песняра. Прагучалі песні кампазітара, якія падабаюцца шматлікім слухачам, — «Завушніцы», «Калядачкі», «Слуцкія ткачыхі», «Чырвоная ружа», яго апрацоўкі беларускіх народных песень «Касіў Ясь канюшыну», «Як я ехаў ды сам з сабою», «А ў полі вярба» і многія іншыя творы. А ў фінале гледачы пачулі аўдыязапіс «Малітвы» Алега Молчана на вершы Янкі Купалы ў выкананні самога Уладзіміра Мулявіна. Дарэчы, цікавае супадзенне: стагоддзе са дня вяселля Купалы і Ула-дзіславы Станкевіч адзначалася зусім нядаўна ў музеі народнага паэта БССР.

Наперадзе яшчэ шмат знакавых падзей у Мінску, і вельмі хочацца, каб у Год культуры не засталіся ў баку таленавітыя людзі ў абласных і раённых цэнтрах, сама-дзейнасць у вёсках. Паверце, яны гэтага вартыя!

З вялікай цеплынёй успамінаю, з якімі яркімі і самабытнымі самадзейнымі калектывамі давялося сустракацца. Усіх не пералічыш, не апішаш запал, радасць і цяпло душы, якія дораць аматары народнай песні. Гэта не часта сустрэнеш нават у прафесіяналаў. Ніякай фанаграмы. Толькі жывы гук. А песня, спетая сэрцам, акрыляе, натхняе і нават лечыць.

Не здзіўляйцеся, я гэты эфект назірала, калі прыяз-джала ў розныя куткі Міншчыны, дзе знаёмілася з самадзейнымі калектывамі. Бывала, збяруцца ў клубе бабулі і дзядулі. Спачатку раскажуць пра свае хваробы, бытавыя праблемы. Потым — нібы страпянуцца: «Давайце спяваць! Журналіст да нас прыехаў. Паслухаць хоча». Абмяркуюць, з чаго пачаць, і палілася песня. Спачатку, нібы крынічка, пракладваючы дарогу сярод пяску і камянёў, а потым, набіраючы сілу і ператвараючыся ў струмень паўнаводнай ракі. Загараюцца вочы ў салістак, твары без макіяжу і пластычных працэдур змяняюцца, артысткі становяцца страйнейшымі і маладзейшымі! А дзядулі-гарманісты ды баяністы так па-маладзецку энер-гічна іграюць, што ўстаяць на месцы немагчыма. Імгненна бытавыя праблемы і гады адступаюць.

Нездарма ж заўважана, што музыка лечыць. І я ўпэўнена, што не толькі класічная. Як больш карысная гародніна ды садавіна са свайго падвор’я, бо змяшчаюць неабходны набор мікраэлементаў для чалавека, які вырас у гэтай мясцовасці, так і ў музычны рацыён трэба ўключаць родныя матывы. Паспрабуйце. Здаравей бу-дзеце.

Сама не раз назірала. Клічуць 80-гадовую салістку ў клуб на рэпетыцыю, а бабуля і ціск высокі збівае, і на рэўматызм скардзіцца, а таблеткі з сабой не бярэ. Чаму? «Там лепей стане». На здзіўленне, яна сапраўды лёгка танчыць на сцэне, адбіваючы рытм абцасікамі. Адкуль узялося здароўе? «Сцэна вылечыла!»

Слухаеш песні пра тое, як шумяць вербы, бяжыць вада, нібы падтрымліваючы выканаўцаў у іх жыццях, напоўненых любоўю і расстаннем, дабром і злом, радасцю і клопатамі. Разумееш: ёсць нешта моцнае — глыбокія генетычныя карані, якія трымаюць нас на гэтай зямлі. Бо раней песні перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Мая бабуля ведае любімыя песні сваёй маці, некаторыя з іх памятае і мая мама, а часам мы спяваем іх разам з бабуляй. Трэба сказаць, што галасы ва ўсіх нас звонкія, высокія.

Шкада толькі, бабуліны песні не заспяваеш у караоке-клубах. Там наогул рэдка адшукаеш песні на беларускай мове. Але выйсце ёсць — праспяваць іх а капэла. Традыцыі і навінкі могуць існаваць у адной прасторы. Было б жаданне ўспомніць бабуліну песню.

Мноства прыемных імгненняў падарыла мінчанам і гасцям горада акцыя «Спяваем Мулявіна разам», якая, дарэчы, заканчваецца сёння. Песні Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры» можна было праспяваць караоке ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Вось і яшчэ адна магчымасць дакрануцца да творчай спадчыны песняра.

pahomovich@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter