Чаго чакаць ад беларускіх канкурсантаў на “Еўрабачанні”

Песня па-кiеўску

Як складзецца для нашага гурта NaviBand, якi сёння выйдзе на сцэну Еўрабачання, другi паўфiнал


Кіеў ужо амаль тыдзень у колерах «Еўрабачання». Чырвоная дарожка, бясконцыя вечарынкі, аўтограф-сесіі — усё як звычайна. Хтосьці ўжо нават сабраў чамаданы — не ўсім пашчасціла трапіць у фінал. Але беларусы пакуль у напружанні: ці будзе там NaviBand? Іх першы выхад сёння.

NaviBand з задавальненнем назіраў за ўдзельнікамі першага паўфіналу.

«Еўрабачанне» без букмекераў — як яйка без курыцы. Стаўкі зроблены, спадары! І якія яны? Што з беларускім дуэтам? Усё будзе добра. Галоўнае, што з еўравізійнай сцэны мова наша ўсё ж прагучыць. Хочацца, каб двойчы? Ну тут пакуль ніякіх гарантый, хоць Ксенія з Арцёмам і ўлюбілі ў сябе палову Кіева. Заўсёды такія светлыя, яны раптам з’явіліся перед публікай у чырвоным і чорным. Па дарожцы даўжынёй 265 метраў яны ішлі дзве гадзіны. З аднаго боку на іх накідваліся журналісты, з другога — фанаты. Адным — інтэрв’ю, другім — сэлфі і аўтографы. Арцём гаворыць, што некаторым нават прыйшлося адмовіць, бо не хапала часу. Словам, рвалі іх на чырвоныя шматкі. А потым гурт запусціў у неба наш сцяг — на ўдачу. 

Рабяты доўгі час трымалі ў сакрэце, як будзе выглядаць іх нумар. Але пасля дзвюх рэпетыцый на ўкраінскай сцэне гэта ўжо не тайна. Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук будуць «лётаць». Такі эфект атрымаецца дзякуючы камп’ютарнай графіцы і вентылятарам. Трэба сказаць, што ў мінулыя гады ў нашых удзельнікаў былі больш вычварныя нумары, але сёлета гурт робіць стаўку на нацыянальную адметнасць і родную мову. Ці адзначаць гэта еўрапейцы? 

Цяпер пра тых, хто з канкурсантаў ужо стаў гледачом. У першым паўфінале іх было 18. Засталося дзесяць. Нехта браў голасам, нехта — спецэфектамі. Шмат удзельнікаў спрабавалі заваяваць гледачоў адкрытымі ўборамі. Асабліва ў гэтым пастараўся прадстаўнік Чарнагорыі. Ён выйшаў на сцэну з доўгай касой, падалося, імкнуўся спарадзіраваць аднаго з герояў фільма «Гульні тронаў». Але гэтую фантазію гледачы не зразумелі. У выніку — без пуцёўкі ў фінал. Не ўразіла і вогненнае шоу ўдзельніцы з Грузіі. Куды цікавей выглядала прадстаўніца Арменіі, яна скарыла не толькі голасам, але і незвычайнымі візуальнымі эфектамі і яркай харэаграфіяй. Удзельніца з Азербайджана зладзіла незвычайны перформанс і надзела на аднаго з мужчын у падтанцоўцы галаву каня. Яшчэ адзін прадстаўнік постсавецкай прасторы ў фінале — Малдова. Трыа SunStroke Project у складзе скрыпача, саксафаніста і вакаліста з'яўляецца ўладальнікам залатога медаля конкурсу WCOPA ў Лос-Анджэлесе і лепшым вакальна-інструментальным праектам свету. 

Але фаварытамі на сёлетнім «Еўрабачанні» лічацца зусім не гэтыя ўдзельнікі. Партугалец Сальвадор Сабрал не рабіў ніякага перформанса, падалося, нават прычасацца і пераапрануцца забыўся, але які голас, якая пачуццёвасць, меладызм! Зусім іншы прыклад — швед Робін Бенгтсан. Касцюм з іголачкі, модная стрыжка — дзяўчаты рыдаюць ад захаплення.

На чырвонай дарожцы нашы з’явіліся ў чырвоным.

У другім паўфінале букмекеры раяць звярнуць увагу на Балгарыю. Яе прадставіць 17-гадовы Крысціян Костаў. Хлопец адметны не толькі сваімі вакальнымі данымі, але і тым, што нарадзіўся ў Маскве. Улічваючы, што Расію сёлета не пусцілі ў Кіеў, гэта для балгарскага ўдзельніка дадатковы бонус. Цікава, што некалькі гадоў таму Крысціян ужо выходзіў на сцэну «Еўрабачання», гэта адбылося некалькі гадоў таму ў Маскве: ён адкрываў конкурс у складзе вядомага ансамбля «Непаседы». Да таго ж у 2013-м ён з’яўляўся ўдзельнікам расійскага шоу «Голас. Дзеці», дзе яго настаўнікам быў трыумфатар «Еўрабачання-2008» Дзіма Білан. 

Але ўсе лаўры яшчэ да пачатку сёлетняга конкурсу букмекеры аддаюць Італіі. Франчэска Габані мы ўбачым адразу ў фінале. Такое права гэта краіна атрымлівае на правах аднаго са стваральнікаў «Еўрабачання» разам з Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Іспаніяй. Па правілах гэтага міжнароднага музычнага форуму такую прывілею мае і краіна-гаспадыня. 35-гадовы Габані перамог на апошнім «Сан-Рэма» з вясёлай песняй Occidentali's Karma («Карма па-заходняму») і здзівіў публіку малпай, якая танцуе. Гэты ж нумар, мяркуецца, будзе паказаны і ў Кіеве. 

Словам, сёння вечарам трэба ўключыць «Беларусь 1», каб пахварэць за NaviBand, а 13 мая — каб атрымаць асалоду ад відовішча, а таксама праверыць, ці пацвердзяцца сёлета прагнозы букмекераў. Прыемнага прагляду.

Наталля ІВАНОВА

Фото БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter