Віншаванні з юбілеем прымае сёння Алег Елісеенкаў

Песня на біс

Iм напісана большасць песень з рэпертуару Аляксандра Саладухі. Яго хіты выконвалі Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Іна Афанасьева, Алеся, Ірына Дарафеева, Леся Кодуш і Слава Нагорны і многія іншыя артысты. Менавіта ён падрыхтаваў да «Славянскага базару» Пятра Ялфімава, і той прынёс у конкурсе трыумфальную перамогу Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам у вакальнай студыі «Гран-пры» яшчэ да расійскіх тэлепраектаў «Народны артыст», «Фабрыка зорак» і «Еўрабачання» саліраваў спявак-пачатковец Дзмітрый Калдун. Ён стаў першаадкрывальнікам знакамітага гітарыста ДзiДзюЛі. Да станаўлення сёння ўжо вядомых выканаўцаў — Іскуі Абалян, Макса Лорэнса, Стаса Сацуры, Наталлі Падольскай, Сашы Нэма, Тэа руку прыклаў таксама ён, працуючы ў журы некалі папулярнага тэлеконкурсу «Зорная ростань».

Кампазітар Алег Елісеенкаў.

Адзін з самых плённых нашых эстрадных кампазітараў, аўтар дзясяткаў шлягераў Алег Елісеенкаў 21 верасня святкуе 60-годдзе.

Уявіце сабе, удалай была нават самая першая яго песня. Як распавядаў Алег Мікалаевіч, з ёй праславілася музычная школа ў Маладзечне, дзе ён тады вучыўся. Было так. Да конкурсу вучням далі заданне скласці якую-небудзь песеньку. Усе яго выканалі, а будучы кампазітар — не, наогул, музычную школу ён наведваў без асаблівага энтузіязму, больш цікавіўся футболам. У выніку песня яму дасталася чужая. Але хлапчуку яе мелодыя не спадабалася, і ён тут жа экспромтам склаў сваю. Праспяваў (а гэта ён выдатна ўмеў тады, умее і цяпер) і стаў адразу героем школы. Выкладчыкі былі ў захапленні, песня трапіла на абласны, а пасля і рэспубліканскі конкурс, дзе таксама перамагла.

Дарэчы, шмат цікавага пра жыццё і творчасць Алега Елісеенкава раскажа сёння тэлеканал «Беларусь 3». Раніцай у эфір выйдзе новы выпуск праекта «Майстры і куміры», госцем вядучай Марыны Драгінай стане кампазітар-юбіляр. Таксама тэлегледачы ўбачаць фондавыя запісы Белтэлерадыёкампаніі розных гадоў з лепшымі кампазіцыямі Алега Елісеенкава ў выкананні нашых самых вядомых эстрадных артыстаў. Днём пакажуць аўтарскі канцэрт — творчы вечар Алега Елісеенкава, запісаны Белтэлерадыёкампаніяй у студыі «600 метраў». Са сцэны прагучаць многія вядомыя і любімыя творы кампазітара, праспявае і сам маэстра. А ўвечары будзе прадстаўлены выпуск праграмы «Камертон». Пра дзяцінства і сям’ю, выкладчыцкую працу са студэнтамі і прафесійную — са слухачамі, погляды на бытавыя і вечныя пытанні даведаемся з першых вуснаў. Дапоўняць карціну фондавыя запісы Белтэлерадыёкампаніі і відэа з асабістага архіва юбіляра.

Ірына ЮР’ЕВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter