Песня куліка

ЯК яны спяваюць ранняй вясной, як стараюцца адзін перад адным, гэтыя балотныя, даўганогія і даўгадзюбыя птушкі. То заліваюцца салаўём, то бестурботна высвістваюць шчымліва-душэўныя лёгкія і чыстыя мелодыі, то нечакана замаўкаюць.


Песню куліка Іван ПЫРКО, не блытаючы, пазнаваў у вялікім птушыным хоры. Гэта песня кахання, якая кранала самыя патаемныя струны душы. Яна заўсёды розная, ніколі не паўтараецца. Песня гэтага легендарнага жыхара балот то вольная, як дыханне ветру, рух аблокаў, то наўздзіў гарэзліва-хмельная, то светла-самотная, але ніколі абыякава-халодная. Як не згадаць песенныя радкі Міхася Машары:

Мілы мой, прыйдзі ў суботу, 
Як засвішчуць кулікі.
Адчыню сама вароты
І спаткаю ля ракі.

“БЫЎ час — кахалі і нас”, — уздыхаў Іван Рыгоравіч. Яна ўжо ніколі не адчыніць вароты іх катэджа ў Калінкавічах. Ён не пачуе яе звонкі голас. Яна так хацела ў апошні год свайго жыцця, каб ён звазіў яе на забалочаны падлесак за горадам, каб разам паслухаць кулікоў. Не змаглі вырвацца: справы, даўнія і сённяшнія балячкі.

Разам вырасцілі трох сыноў, дачку Алену. Яна з зяцем і ўнукамі і скрашвала радасць бацькі ў яго апошнія гады. Адзін з сыноў трагічна загінуў, а двое другіх увесь час у раз’ездах, і ўсе разам збіраліся толькі на Радаўніцу на магіле маці.

— Скажы, дзядуля, — пыталі тады ўнукі, — а чаму кулік сваё балота хваліць?

— Таму што любіць. На балоце яго дом.

— Чаго ж добрага ў балоце? Там гадзюкі, камар’ё кружыць, а яшчэ кікімары жывуць.

— Ужо, унучкі, не жывуць, я іх даўно прагнаў.

— А каго табе, дзеду, шкада?

— Кулікоў. Я любіў з вашай бабуляй слухаць іх песні. Пакрыўдзіліся птушкі, што дом іх зачапілі, больш не спяваюць, пераляцелі ў іншае месца.

Сотні цяжкіх магутных машын рвалі грудзі гомельскага Палесся. Экскаватары, бульдозеры метр за метрам адваёўвалі ў дрыгвы яе векавыя ўладанні. Не хацела здавацца вязкая, смуродна-гібельная, непраходная імшара. Яна дрыжэла, качалася, палохала цёмна-рыжай, гнілой раскай, доўгімі, тлустымі гадзюкамі, пачварнымі рапухамі, камарамі-крывасмокамі.

Бульдозер дваццацітрохгадовага Вані Пырко поўз за экскаватарам, засыпаючы старыя канавы, зразаючы купіны, выраўніваючы чорна-бурачковы торф.

Тэхніка не падводзіла свайго гаспадара. Бульдозер зрэдзь упіраўся ў вялікую цвёрдую купіну, пачынаў ненатуральна гучна раўці, пагражаючы не падначаліцца маладому механізатару. Той адводзіў машыну назад, прымерваўся і зноў кідаў яе наперад.

“Ты ж не падвядзі мяне, — звяртаўся ўголас да бульдозера, — кантралёр не прыме няроўнага поля. Нам з табой не стануць давяраць”.

Бульдозер збаўляў абароты, пераставаў палохаць нервовым ровам, ён не хацеў падводзіць гаспадара, які старанна даглядаў яго, напрыканцы змены ледзь пылінкі не здзьмухваў. Дзе яшчэ знойдзеш такога? Так што трэба знесці гэтую купіну і наступную, і вось той прыгорак зрэзаць.

“Малайчына, зразумеў, — радаваўся Іван, — разумелі б так жонка і начальства… А калі сумленна, то грэх скардзіцца. Жонка цудоўная, каб лепшай, то і не трэба. Ды і начальства міравое. За добрую працу плаціць шчодра: чатыры-пяць соцень у месяц. У калгасе за год гэтулькі атрымліваў. Вунь і на тэлевізар з халадзільнікам разжыліся. Хаця навошта той тэлевізар? Наперадзе акно кабіны. Усё відаць. Вунь чорны бусел праляцеў. Кажуць, у Чырвоную кнігу занесены, а я выгнаў яго, гаротнага, з асінніку. Што белым буслам да гэтага? Шпацыруюць сабе па асушанаму балоту, куды раней не паказвалі дзюбы, а зараз збіраюць дань. У адрозненні ад чорнага сабрата, яны ніколі не хаваліся ад людзей.

НЕ АДРАЗУ Пырко трапіў у меліяратары. У Калінкавіцкім водбудаўскім трэсце ці не кожны другі механізатар ардэнаносец, ды і зарплата на зайздрасць. Бралі туды лепшых з лепшых. Працавалі, не шкадуючы сябе. Захварэў напарнік, і даводзіцца шчыраваць па дваццаць гадзін у суткі, на руках ад рычагоў цвёрдыя, быццам падошвы чаравікаў, мазалі; ныюць плечы, не разгінаецца спіна.

Першы поспех натхніў. Рэкорды сыпаліся адзін за адным. Пырко ўмудрыўся за адзін месяц выканаць гадавы план, а за першую пяцігодку ў трэсце 50 (!) гадавых заданняў.

Неўзабаве Івана Рыгоравіча адправілі ў Маскву на ВДНГ, адкуль ён вярнуўся з сярэбраным медалём, а па прыездзе дадому яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР.

Свой Т-75 Іван Пырко бярог, не раўнуючы, як даярка карову-рэкардыстку. І ўсё ж аднойчы мог утапіць машыну. Прынамсі, так лічылі сябры-механізатары. Наўрад ці хто-небудзь з іх асмеліўся б пераправіцца на трактары праз хуткаплынную Пціч. Вельмі ўжо сур’ёзная рака, ды і брод праз яе адшукаць няпроста: мелка, мелка — і раптам яма.

Іван Рыгоравіч з галоўным інжынерам стаялі на левым беразе ракі. Трэба было пераправіцца на правы.

— Да моста 27 кіламетраў, — тлумачыў інжынер, — далекавата, і па тым баку гэтулькі ж ехаць. Але што зробіш? Я падскочу гадзіны праз тры. Чакай.

Галоўнаму інжынеру і ў галаву не магло прыйсці, што былы танкіст Пырко рызыкне фарсіраваць Пціч. Ён спакойна сеў у “Волгу” і паехаў.

Непадалёку бабулька паласкала бялізну. Іван Рыгоравіч падышоў да яе, даў дзень добры і пачаў распытваць пра брод.

— Вунь ля той вярбы хлопцы пераязджаюць раку на конях, а вось ці асіліць раку твой жалезны конь — не ведаю.

Пырко, хоць было халаднавата, раздзеўся да трусоў, перайшоў з аднаго берага на другі. Дно цвёрдае, але ў двух месцах глыбакавата. Варта рызыкнуць. Выйгрыш у часе, эканомія саляркі. Ён на другім беразе не стане чакаць галоўнага інжынера, прыступіць адразу да работы.

Падышоў да трактара, патупаў каля яго. Трэба зняць рамяні з вентылятара і забіць наглуха масляны шчуп, каб не трапіла ў картэр вада.

Пырко рашуча сеў у кабіну і паехаў. Бабулька перахрысцілася і з-пад рукі сачыла за трактарам. Вось ужо вада дастае да кабіны, здаецца, імгненне, і замочыць смелага механізатара, але машына, здаецца, не ехала, а плыла, і вось ужо бераг.

— Дзякуй! — пракрычаў бабульцы Пырко. Ён хуценька паставіў на месца рэмень вентылятара, “вызваліў” шчуп і прыступіў да работы.

Сказаць, што галоўны інжынер па прыездзе быў уражаны — нічога не сказаць.

— Пакараць бы цябе за са-самавольства, — заікаючыся, прамовіў ён. — Але пераможцаў, кажуць, не судзяць. 

РОДАМ Іван Пырко з вёскі Глінная Слабада. Яе ўжо не знойдзеш у Калінкавіцкім раёне, хоць не згарэла, не правалілася ў балотнае чортава вока — проста і ціха перайшла ў Рэчыцкі раён. 

Бацька Івана Рыгоравіча загінуў, калі сыну было чатыры гады. Пакінуў удаву і двое дзетак. Маці выйшла замуж за ўдаўца. Была сям’я з трох чалавек — стала з васьмі, а там сумеснае дзіцё паявілася на свет. Ні да вучобы было Ваню. Да вайны два класы закончыў, пасля вайны — чатыры. У васемнаццаць год сорамна ў школу хадзіць, ды і пара прыйшла ў армію ісці.

Служыў у Прыморскім краі, бліз возера Ханка. Вярнуўся і сеў за рычагі ДТ-54. Самай шчаслівай аказалася восьмая пяцігодка. Семдзесят гадавых планаў выканаў бульдазерыст Іван Рыгоравіч Пырко. Дзясяткі тысяч кубаметраў зямлі перавярнуў. А ў 1971 годзе на “Калінкавічводбуд” спусцілі разнарадку: вылучыць аднаго механізатара на прысваенне звання Героя Сацыялістычнай Працы. Было 16 кандыдатаў. Перавагу аддалі Пырко.

Зорку Героя і ордэн Леніна Івану Рыгоравічу ўручыў легендарны Сяргей Восіпавіч Прытыцкі.

Я не раз буду згадваць нашы сустрэчы і размовы.

“Вылазіць чорт з балота, — усміхаўся Пырко, — і кажа механізатару: забяры адсюль трактар, я табе мех золата прынясу. Той падумаў і адказвае: знаю я вашы хітрыкі, ускінеш мне мех на плечы, я пайду на дно. Лепш сам дакапаюся да золата…” 

Што і казаць, знакавы анекдот. Пры нашай апошняй сустрэчы Іван Рыгоравіч расказаў, як аднойчы на застоллі далёкі родзіч, падвыпіўшы, заплакаў: “Чаму не я Герой, а ты?”

— І што вы адказалі?

— Не я выбіраў час, а ён мяне выбраў!

Васіль ШЫРКО
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter