Знакамітую “Касіў Ясь канюшыну” ў Самары спявалі разам гурт “Спадчына” з Беларусі ды гурт паволжскіх беларусаў “Каданс”

Песні на добры ўспамін

Знакамітую “Касіў Ясь канюшыну” ў Самары спявалі разам гурт “Спадчына” з Беларусі ды гурт паволжскіх беларусаў “Каданс”


Самарскія беларусы з артыстамі гурта “Спадчына” на наберажнай Волгі

З беларускім каларытам адзначыла сёлета Самара Дзень горада. Паколькі 2015-ы ў Расіі абвешчаны Годам літаратуры, а Самара на год стала бібліятэчнай сталіцай краіны, то і асноўнай тэмай Дня горада была літаратура. Самарскія беларусы на выставе нацыянальных літаратур прадставілі творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава ды іншых класікаў. Прымалі віншаванні: сёлета Самарскай абласной грамадскай арганізацыі (САГА) беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” — 15 гадоў. Дарэчы, сёлета юбілей і ў кіраўніцы суполкі Ірыны Глускай. Пад час свята яна ўшанавана Ганаровай граматай кіраўніка Адміністрацыі і Думы гарадской акругі Самара, Нагрудным знакам першай ступені “За бездакорную працу на карысць горада Самара”. Такія ж граматы і Нагрудныя знакі трэцяй ступені атрымалі яшчэ дзве нашы супляменніцы: мастацкі кіраўнік вакальнага ансамбля “Каданс” Іна Сухачэўская і кіраўнік моладзевага аддзялення, памочнік прэзідэнта суполкі Юлія Цяплянская. Падзячнымі лістамі адзначаны салісткі “Каданса” Марына Кірылава і Таццяна Марозава, намеснік кіраўніка моладзевага аддзялення Георгій Курмакоў. Падзяку Кіраўніка Адміністрацыі і Думы гарадской акругі Самара атрымалі суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000” і гурт “Каданс”.

Яшчэ цікавы штрых на свяце: жыхароў і гасцей з Днём горада віталі праз відэавіншаванні кіраўнікі гарадоў-партнёраў. Сярод іх і старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка і старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін.

Яркі, непаўторны нацыянальны каларыт ва ўрачыстасці прыўнёс і беларускі вакальна-інструментальны ансамбль “Спадчына”, у які, нагадаем, уваходзяць экс-салісты і музыканты легендарнага ансамбля “Песняры”. Артыстаў запрасілі на свята па ініцыятыве Ірыны Глускай. “Алеся”, “Ручнікі” ды іншыя песні ў выкананні артыстаў з Мінска прымаліся бурнымі апладысментамі. Сюрпрыз і падарунак беларусам Самары ад гурта “Спадчына” быў такі: завяршаючы канцэрт, яны выканалі знакамітую песню “Касіў Ясь канюшыну” сумесна з вакальным ансамблем “Каданс”. І абвясцілі: прысвячаем яе 15-годдзю беларускай суполкі, віншуем з юбілеем яе кіраўніка. Вераніка Кузняцова, салістка “Каданса”, гаворыць: “Я бязмерна шчаслівая, што наш ансамбль меў гонар выступаць на галоўным свяце горада. Мы выканалі народную песню “Бульбачка” і ўпершыню выступілі сумесна з гуртом “Спадчына”, прычым з такой выдатнай песняй. Проста мора станоўчых эмоцый! Я стаяла на сцэне, а перада мной — уся Самара. Гэта і вельмі адказна было, і душэўна: як быццам з гэтым беларускім калектывам выступаю ўсё жыццё разам...” Вераніка вельмі ўдзячна Ірыне Глускай, якая зладзіла такую сустрэчу са “Спадчынай”, а таксама кіраўніцы “Каданса” Іне Сухачэўскай за вялікую працу з гуртом.

Сама ж Іна Сухачэўская згадала, як самарскія беларусы расказвалі артыстам “Спадчыны” пра Самару, паказвалі ім Волгу, і што гасцей з роднай Беларусі ўразіла прыгожая набярэжная. “Галасы салістаў гэтай групы пакарылі жыхароў і гасцей Самары, і многія з іх падпявалі знаёмыя і любімыя беларускія песні, напрыклад, “Белавежскую пушчу”, — гаворыць Іна Ігараўна. — Маем надзею, гурт яшчэ не раз наведае Самару. І нам карысныя такія сумесныя выступы: салісткі “Каданса” атрымалі цудоўныя майстар-класы”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter