Сёння споўнілася б 80-гадоў Рыгору Барадуліну

Песні матчыны з Вушаччыны

Сёння споўнілася б 80-гадоў Рыгору Барадуліну. Спецыяльна да юбілею саліст Белдзяржфілармоніі, лідар фольк-гурта Vuraj Сяргей Доўгушаў падрыхтаваў праграму народных песень Вушаччыны — тых самых, якія на працягу ўсяго жыцця натхнялі народнага паэта, якія ён з дзяцінства чуў ад сваёй любай матулі Акуліны Андрэеўны.



Наогул, у тэнара Сяргея Доўгушава шырокі канцэртны рэпертуар. Ім выкананы шэраг класічных оперных арый, рамансаў, сачыненняў сучасных кампазітараў, народных песень. Але апошнім часам артыста больш вабіць нацыянальная музыка і мастацтва. Ён — майстар ігры на жалейцы, акарыне, сапілцы і іншых народных драўляных духавых інструментах, запісаў некалькі альбомаў са створаным гуртом Vuraj, удзельнічае з ім у многіх фольк-фестывалях тут і за мяжой.

З дзядзькам Рыгорам, расказаў артыст, ён вельмі захацеў пазнаёміцца пасля такого, як пачуў запісы, дзе паэт спяваў народныя песні. Гэта стала штуршком і да таго, каб больш пацікавіцца яго вершамі. Асабістае знаёмства адбылося дзякуючы паэту Сяргею Панізніку, які некалі прывёў Сяргея ў госці да Рыгора Іванавіча. З таго часу ён стаў часта бываць у доме Барадуліна, іншы раз і з удзельнікамі гурта Vuraj. У адну з такіх сустрэч і атрымаў ад паэта ў падарунак маленькую кніжачку «Песні матчыны з Вушаччыны», укладзеную з народных песень яго родных мясцін.

Гэта розныя песні — веснавыя, восеньскія, жніўныя, вясельныя, хрэсьбінныя, валачобныя, застольныя. Яны надзвычай глыбокія, і справа ў тым, што менавіта ў гэтых песнях увесь Барадулін, літаральна ўсё ягонае жыццё, не хавае захаплення Сяргей і прызнаецца, што працаваць з гэтым матэрыялам было іншы раз няпроста. Аднак у выніку атрымалася цэлая праграма з 15 кампазіцый.

Некалькі новаствораных апрацовак вушацкіх песень паэт паспеў пачуць пры жыцці і быў вельмі ўсцешаны. Было гэта за тры дні да яго смерці. Успамінаючы зараз тую сустрэчу, музыкант гаворыць, ужо тады прадчувалася нядобрае, праўда, што яна стане апошняй, не думалася, дамаўляліся на новую. Але адбыцца ёй было не суджана. Рыгора Барадуліна не стала. Здарылася гэта летась 2 сакавіка. На пахаванні Сяргей даў сабе абяцанне, што барадулінскія вушацкія песні абавязкова прагучаць са сцэны.

Канцэрт «Песні матчыны з Вушаччыны», прысвечаны памяці народнага паэта, адбудзецца сёння, у дзень яго нараджэння ў Малой зале Белдзяржфілармоніі. У ім возьме ўдзел новы праект Сяргея Доўгушава і гурта Vuraj — Harmonic Style, а так сама малады кампазітар, вядучы, артыст Вячаслаў Пяцько.

Адразу пасля выступлення музыканты хочуць зрабіць запіс праграмы ў студыі і правезці яе па ўсёй краіне. Мяркуецца, што любімыя песні паэта будуць гучаць і ў час «Спеўных сходаў». Гэта — яшчэ адзін праект Сяргея Доўгушава, удзельнікі якога не толькі пашыраюць свой досвед у гісторыі нацыянальнай і замежнай музыкі, але і вучацца спяваць.

У тэму

Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Ушацкую сярэднюю школу, а ў 1959 годзе — філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у розных газетах і часопісах, у выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Першыя вершы Рыгора Барадуліна з’явіліся ў 1953 годзе ў газеце «Чырвоная змена». Яшчэ студэнтам яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Першая кніжка паэзіі — «Маладзік над стэпам» — выйшла ў 1959-м. У цэлым плён працы паэта налічвае больш чым 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, успамінаў, перакладаў. Вершы ж самаго Рыгора Барадуліна перакладзены на дзясяткі моў свету.

«Паэзія Барадуліна — чыстай красы Боская паэзія беларусаў, крыніца нацыянальнага натхнення, складнік яе спрадвечнага духоўнага набытку. Тое асабліва адчувальна, калі апынуцца ў расстанні з ёю...», — пісаў некалі блізкі сябар Рыгора Іванавіча Васіль Быкаў.

Ірына СВІРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter