Вершы Іван Юркін стаў пісаць чатыры гады таму, але пра яго ўжо як пра аўтара, які здзейсніў прарыў у песенным жанры

Песні дзеля душы

Вершы Іван Юркін стаў пісаць чатыры гады таму, але пра яго ўжо гавораць як пра аўтара, які здзейсніў прарыў у песенным жанры. Выпусціў два паэтычныя зборнікі, уладальнік рэспубліканскай літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў «Залаты Купідон», лаўрэат конкурсу «Песня года-2014», яго «Прыязджайце да нас у Беларусь» ужо стала вядомай і пазнавальнай, многія нават называюць яе візітнай карткай нашай краіны. Нарэшце, з дзясятак песень на яго словы з музыкай Алега Елісеенкава ў выкананні Анатоля Ярмоленкі ўвайшлі ў альбом «Дзе каліна цвіла», які стаў намінантам на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

— Іван Захаравіч, што прывяло вас, генерал-маёра ў адстаўцы, які большую частку жыцця прысвяціў службе ў органах дзяржаўнай бяспекі, да лірыкі і песні?

— У душы я заўсёды быў лірыкам. Ды і як было ім не быць. Вырас у вёсцы на Хоцімшчыне, наш дом на самай мяжы са Смаленскай вобласцю стаяў. Праўда, меж тады не было. Мясціны найпрыгажэйшыя. Бывала, у дзяцінстве пасеш кароў, глядзіш вакол, любуешся, душа сама спявае. Дарэчы, народныя песні з дзяцінства любіў, пазней — «Песняроў», «Сяброў», «Верасоў». А лірыка? Напэўна, з’явілася патрэба вярнуцца да вытокаў, нагадаць пра вечныя каштоўнасці — пра любоў да роднага краю, бацькоўскага дому, пра вернасць і абавязак, пра любоў да маці і жанчыны. Для мяне ва ўсіх гэтых пачуццях галоўнае — шчырасць і чысціня. Гэта не значыць, што я святы з німбам над галавой і кагосьці імкнуся павучаць. Я проста хачу паказаць, як гэта правільна павінна быць па жыцці. У гэтых вершах і адгалоскі майго лёсу, і пачутае ад іншых, яны — успаміны аб мінулым. І мне прыемна, што мае вершы і песні закранаюць людзей, знаходзяць свайго слухача.

— Але ж пачыналі вы з апавяданняў для дзяцей...

— Так, яшчэ гадоў дзесяць таму, калі ўнучка нарадзілася. Яна расла, я назіраў. Галоўныя героі ў тых гісторыях — дзяўчынка Маша, дзядуля, бабуля, кот, сабачка, марская свінка. Словам, унучка пазнавала свет, сталела разам з гэтымі персанажамі. Чатыры кнігі апавяданняў выйшла.

— А потым з’явіліся вершы.

— Прычым зусім нечакана. Сваяк з боку жонкі праз 30 гадоў прыехаў у родную вёску на Смаленшчыну, а там — поўнае запусценне: дарогі няма, хаты закінутыя без дахаў, трава пагарэлая, на могілкі ледзь дабраўся. Словам, вярнуўся ён зноў у Чэлябінск засмучаны і напісаў пра тое, што ўбачыў. Чамусьці ў вершах. Даслаў. Я пачытаў, падправіў, трохі змяніў, нешта дадаў, і атрымаўся ладны верш «Ах ты, вёска мая». Дачка спачатку не паверыла, смяялася, што спісаў недзе бацька. З гэтага ўсё і пачалося. А першы цалкам уласны верш — «Пасаджу каля дома бярозку». Таксама, дарэчы, нестандартны выпадак. Сядзелі, глядзелі тэлевізар, а там расказваюць, што Абрамовіч падарыў сваёй каханай яхту. Жонка мне і кажа жартам: а ты вось мне што падарыў? Я пасядзеў, падумаў, узяў ручку, аркуш паперы і — калі ласка: «Ну скажи ты, мой друг ненаглядный, что тебе для души подарить. Посажу возле дома березку, чтоб могла о любви говорить…»

— А як склалася садружнасць аўтара-пачаткоўца з песеннымі мэтрамі — кампазітарам Алегам Елісеенкавым і галоўным сябрам краіны Анатолем Ярмоленкам?

— Было нейкае мерапрыемства ў Доме літаратара, і Алег Елісеенкаў слова ўзяў, казаў, мала вы, пісьменнікі, нам талковых вершаў пішаце. А ў мяне ўжо было два вершы. Калі ўсё скончылася, падышоў да яго — паглядзі. Ён кажа, ды вершаў тысячы дасылаюць, толькі выбраць няма чаго. Паабяцаў на працягу года патэлефанаваць і, мне падалося, як даведаўся, што я генерал, цікавасць да мяне страціў. А мне той званок для чаго трэба? Я проста хацеў даведацца, ці на правільным шляху. Дамовіліся, паціснулі рукі. А праз суткі ён тэлефануе — давайце сустрэнемся. Аказваецца, ужо і музыку напісаў, праспяваў мне. Тую самую, «Пасаджу каля дома бярозку». Я быў шакіраваны. Сталі шукаць выканаўцу. Першым незадоўга да гібелі стаў Якаў Навуменка. А потым песню пачуў Анатоль Ярмоленка. Спытаў: можаш напісаць яшчэ з дзясятак? Пытанняў няма, я напісаў, паказаў. Ён кажа: будзем працаваць, рыхтаваць дыск.

— Масцітыя літаратары, напэўна, зайздросцяць гэткаму імкліваму поспеху?

— Думаю, ёсць крыху. Некаторыя кажуць: гэта не вершы, а песні. Але, дазвольце, нават са сцэны абвяшчаюць: песня на вершы гэткага аўтара.

— Ці праўда, што за свае вершы вы ад выканаўцаў грошай не бераце?

— Аўтарскія адлічэнні за выкананне, трансляцыі на мой рахунак паступаюць. Але артыстам свае вершы я проста аддаю. Я пішу песні не дзеля грошай. Мне гэты занятак — для душы.

— Што сёння на рабочым стале?

— Падборка вершаў для новага зборніка. А нядаўна разам з драматургам, празаікам Георгіем Марчуком сцэнарый лірычнай камедыі напісалі — «Вясковае танга». Яна — пра побыт сучаснай вёскі, галоўныя героі — тры юнакі. Адзін хоча стаць вайскоўцам, другі заняўся камерцыяй, а трэці марыць будаваць атамную станцыю ў Беларусі. Вакол гэтага гісторыя. Спецыяльна для будучага фільма і песні напісаныя. Сцэнарыем вельмі зацікавіўся рэжысёр Юрый Ялхоў.

— З вашай прафесійнай біяграфіяй можна і за палітычны дэтэктыў брацца...

— Дэтэктыў ці не, але сапраўды ёсць шмат цікавых дакументальных матэрыялаў, звязаных з 1991 годам. Мне ў свой час давялося працаваць у закрытых установах, у тым ліку і ў Маскве, на Лубянцы. Хаця, можа, яшчэ і не час пісаць пра тыя падзеі.

Iрына СВIРКО 

isvirko@mail.ru

Фота Паўла ЧУЙКО
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter