Пески: возрождение усадьбы Пусловских

Пескі: тут кожны сокал – брацейка

Побач з маладым горадам энергетыкаў Белаазёрскам вокнамі ў люстэрка Чорнага возера ўглядаюцца векавыя муры і сучасныя катэджы бярозаўскага аграгарадка Пескі.


Упершыню паселішча ўзгадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1503 года. Вялікі князь Аляксандр падараваў маёнтак Дзмітрыю Кіяніну. На працягу трох з паловай стагоддзяў да 1939 года тут уладарылі пакаленні заможнага роду Пуслоўскіх.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Пескі адышлі да Слонімскага ўезда Гродзенскай губерні Расійскай імперыі.

Шляхетны гаспадар маёнтка Казімір Пуслоўскі і яго сын Войцах у канцы ХVІІІ стагоддзя на беразе Чорнага возера абнавілі сядзібу. Праз некалькі дзесяцігоддзяў драўляны дом гаспадароў згарэў. Галоўнай рэзідэнцыяй магнатаў Пуслоўскіх стаў слонімскі маёнтак Альберцін. Графскую сядзібу ў Песках дапоўнілі дзве мураваныя брамы. Бераг возера аздобіў парк пейзажнага тыпу з экзатычнымі пародамі дуба чырвонага, сасны веймутава, лістоўніцы еўрапейскай і іншых каштоўных дрэў. Пачаў дзейнічаць вінакурны завод, які і сёння вырабляе прадукцыю.

На пачатку мінулага стагоддзя, у час баявых дзеянняў, большасць сядзібных пабудоў была знішчана. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, вёска адышла да Палескага ваяводства буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Пескі сталі цэнтрам сельсавета Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.


У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах базіраваліся падпольныя бярозаўскія райком партыі і камсамола, штаб партызанскага атрада. У партызанскай зоне друкаваліся раённая газета «Пламя» і абласная «Заря».

Мемарыяльным комплексам «Хаваншчына» ўшанавана памяць змагароў з гітлераўцамі. На брацкай магіле, дзе пахаваны 42 савецкіх воіна, усталяваны помнік.

У пасляваенныя гады ў Песках арганізаваны калгас, рэфармаваны ў ААТ «Пескаўскае». Цэнтральная сядзіба гаспадаркі ў 2008 годзе атрымала статус аграгарадка Бярозаўскага раёна.

Дырэктар ААТ «Пескаўскае» Павел ВАЎЧОК, старшыня сельвыканкама Аляксандр ШЫМЧУК, паспартыст Ірына ВАСІЛЕЎСКАЯ, кіраўнік справамі Святлана ЖУР і галоўны спецыяліст сельвыканкама Вольга ПУКАЛА.

Густанаселеная палеская нізіна шырокай стужкай апяразвае поўдзень Беларусі. У бярозаўскі аграгарадок Пескі, багаты на гістарычныя скарбы, прывяла мяне чарговая вандроўка. Тут рэчка Ясельда паміж чаротаў і лазняку, хлебных ніў і заліўных лугоў няспешна нясе свае воды да шырокай Прыпяці. У дзевяці населеных пунктах самага буйнога ў Бярозаўскім раёне сельсавета звыш чатырох тысяч жыхароў. І колькасць шматдзетных сем’яў найбольшая ў раёне. Іх тут 70. Шматдзетная сям’я ў кіраўніка справамі сельвыканкама Святланы Жур. Старэйшы сын Іван выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. На адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў разам з алімпійскай чэмпіёнкай па біятлону Надзеяй Скардына запальваў факел. Вышэйшую эканамічную адукацыю атрымлівае ў Мінску дачка Ксенія, малодшы Фёдар — школьнік.

Адзінаццаць дзетак у Алены і Уладзіміра Фядзінаў. На падворак да іх у вёску Нівы, што побач з Пескамі, завіталі са старшынёю сельвыканкама Аляксандрам Шымчуком і кіраўніком справамі Святланай Жур. Прасторны двухпавярховы мур акружаюць садовыя дрэвы. У агародзе накрытая плёнкай цяпліца. На мурожным газоне забаўляліся хлопчыкі. Пад густымі шатамі дрэва на арэлях гойдалася дзяўчынка.

Гаспадар Уладзімір Іванавіч з украінскага Закарпацця. У маладыя гады па службовых справах прыехаў у Беларусь і сустрэў палескую дзяўчыну. Неўзабаве згулялі вяселле. Вянчаліся ў Закарпацці, а жыць вярнуліся на Палессе. Пайшлі дзеткі. Старэйшыя дочкі Юлія, Марыя і Ганна скончылы сярэднюю школу. Школьнікі — Ліза, Даніла, Іван, Міша, Аляксей і Уладзімір. Самыя меншыя Авенір і Аленка яшчэ дашкаляты. Дзяржава дапамагла шматдзетнай сям’і набыць дом. Уладзімір Іванавіч сваімі рукамі добраўпарадкоўвае яго. Гаспадыня працавала закройшчыцай, а зараз выхоўвае сваіх дзяцей. Кожны ў доме мае абавязкі. Дзеці разам з бацькамі даглядаюць дваццаць сотак агарода.

Шматдзетная сям’я Алены і Уладзіміра ФЯДЗІНАЎ.

Непадалёку ад сядзібы Фядзінаў у зацені старых яблынь і груш схаваўся бацькоўскі дом вядомай беларускай паэткі Ніны Мацяш. Некалі духмянымі яблыкамі частавала мяне маці Ніны Іосіфаўны. На ўскрайку сада красаваўся невялікі ставок. Круглы год сюды і ў гарадскую кватэру паэткі ў Белаазёрску едуць паклоннікі таленту лаўрэата літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Шмат літаратурных твораў яна прысвяціла роднаму Палессю, землякам.

У Вайцяшынскай сельскай бібліятэцы, куды завіталі, кінуўся ў вочы стэнд з фотапартрэтам і кніжнымі выданнямі Ніны Мацяш. У будынку раней была пачатковая школа. Апантаная любоў’ю да роднага краю, загадчыца бібліятэкі Лідзія Рудзьман у былых класах стварыла ўнікальны грамадскі музей этнаграфіі і сялянскага побыту. У трох пакоях выстаўлена для агляду звыш тысячы экспанатаў. Асобны стэнд прысвечаны слыннаму земляку — франтавому генералу Сцяпану Іванавічу Лаборскаму, які загінуў у баі пад Берлінам за тры тыдні да Перамогі.

Ветэран вайны і працы Аляксей КОЖУХ і стараста вёскі Пескі Таццяна РУДЗЬМАН.

Лідзія Іванаўна разам з юнымі краязнаўцамі ладзіць экспедыцыі па навакольных вёсках. Музей папаўняецца экспанатамі. Бібліятэкар і яе юныя памочнікі даглядаюць кветнікі і газоны, што акружаюць будынак. У зацішным заднім дворыку ўсталяваны макет млына-ветрака, зладжаны арэлі, іншыя забавы для дзяцей.

Аднавяскоўцы выбралі Лідзію Іванаўну дэпутатам сельсавета. Толькі ў час вучобы ў Магілёўскім бібліятэчным каледжы пакідала яна родную вёску Вайцяшын, выцягнутую ўздоўж ажыўленай аўтатрасы. На агародах роўныя радкі бульбы, грады з гароднінай. Хатнюю жывёлу тут ужо мала хто трымае. Многія жыхары прыгарадных вёсак былога Белаазёрскага сельсавета, які далучылі да Пескаўскага, працуюць у горадзе. Няма неабходнасці трымаць кароў, свіней. Гандлёвая сетка пастаянна забяс­печвае вяскоўцаў свежымі малочнымі і мяснымі прадуктамі.

Гаспадар падворка Дзмітрый БЯРЫНЧЫК.

Намеснік дырэктара ААТ «Пескаўскае» Ірына ФАРУКШЫНА.

Механізатар ААТ «Пескаўскае» Пётр ГУК.

Гаспадары прыазёрных сядзіб гадуюць гусей, качак. Частку агародаў засяваюць збожжавымі. За жнівом засталі Васіля Кавалевіча. Ён вымушаны сярпом жаць збажыну, бо ўчастак каля яго дома невялікі: тэхнікай не развернешся. Вязаць снапы дапамагала жонка Зінаіда Фёдараўна. Да выхаду на пенсію яны працавалі ў пескаўскай гаспадарцы. Васіль Ігнатавіч звычайна ў жніво на трактары МТЗ-80 прэсаваў салому, гаспадыня працавала на збожжатаку. Іх вёску Вайцяшын з усіх бакоў акружаюць хлебныя нівы ААТ «Пескаўскае». Магутная тэхніка працуе на палях.

Побач са збожжавымі на агародзе выспяваюць пад цёплымі промнямі сонца кавуны. На падворку ветэрана вайны і працы Аляксея Кожуха ў скрынках сушылася ўбраная з агарода цыбуля. Прыселі з Аляксеем Аляксандравічам на лавачцы ў цяньку. На падворак завітала сацыяльны работнік Таццяна Рудзьман. Пачаліся ўспаміны. Юнацтва дзевяностадвухгадовага гаспадара выпала на ваеннае ліхалецце. Памятае ён, як ліпеньскім днём 1941 года гітлераўцы на матацыклах уварваліся ў Пескі. Да вайны ў суседнім з вёскай маёнтку Пуслоўскіх працаваў немец Берхольд. Калі акупанты сагналі ўсіх вяскоўцаў да спіртзавода, Берхольд доўга тлумачыў нешта фашысцкаму ваеннаначальніку, і той даў загад адпусціць людзей.

Пасля вызвалення Пескаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Аляксея Кожуха прызвалі ў Савецкую Армію. Служыў у тылавых вой­сках. Забяспечвалі фронт боепрыпасамі. Узнагаро­джаны медалём «За перамогу над Германіяй». Пасля вайны пяць гадоў служыў у войску.

Галоўны аграном ААТ «Пескаўскае» Вольга ТАРАСЮК.

Вярнуўшыся дахаты, Аляксей Аляксандравіч працаваў на адноўленым спіртзаводзе. Ажаніўся, пабудаваў дом. З жонкаю Вольгай Мікалаеўнай пражылі 62 гады. Будавалі Бярозаўскую ДРЭС. За працоўныя поспехі Аляксей Кожух атрымаў званне заслужанага работніка энергетычнай галіны. Два гады таму аўдавеў. У бацькоўскі дом вярнуўся з Гродзеншчыны сын Уладзімір з нявесткаю Аляксандрай. У маладосці ён служыў на падводнай лодцы. Былы марак загарэўся агародніцтвам.

Сядзіба Кожухаў суседнічае з паўночнай брамай маёнтка графа Пуслоўскага. Адну з вежаў накрывае буслянка. Старшыня сельвыканкама Аляксандр Шымчук паказаў на брамнай арцы адлюстраваны мальтыйскі крыж. Падумалася пра дачыненне гаспадароў маёнтка да вядомага ордэна. Прадстаўнікі заможнага роду Пуслоўскіх займаліся прадпрымальніцтвам, мецэнацтвам, валодалі шматлікімі сядзібамі і палацамі. Рэшткі аднаго з іх маёнткаў захаваліся ў Песках як узор сядзібна-паркавай архітэктуры ХVIII—ХIХ стагоддзяў. Векавыя дубы, вечназялёныя лістоўніцы, стромкія грабы акружаюць тэрыторыю спіртзавода, якому ў будучым годзе споўніцца паўтара стагоддзі. Прадпрыемства — вытворчы ўчастак ААТ «Пескаўскае», якое нядаўна ўзначаліў выпускнік сталічнага тэхналагічнага ўніверсітэта Павел Ваўчок. Побач з мурамі былога графскага спіртзавода ўзвышаецца сучасны пяціпавярховы корпус. На прадпрыемстве дзейнічаюць лініі па разліву гарэлкі і каньяка.

На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць дарожная служба, завод па вытворчасці жалезабетонных вырабаў, лясніцтва, камунальная і іншыя сацыяльныя службы.

Удзельнікі ансамбля народнай песні «Пескаўскія весялухі» Анатоль ЯЦКЕВІЧ, Аксана САМУТА, Святлана ЧАЙЧЫЦ, Любоў ЯЦКЕВІЧ, Іосіф БУХТА.

Многія выпускнікі сярэдняй школы пасля вучобы ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах вяртаюцца спецыялістамі. Пасля заканчэння з адзнакай агранамічнага факультэта Белдзяржсельгасакадэміі Вольга Тарасюк атрымала размеркаванне ў ААТ «Пескаўскае». Яна ўвайшла ў рэспубліканскі Банк да­дзеных адоранай моладзі. Другі год Вольга Мікалаеўна ўзначальвае агранамічную службу гаспадаркі. Жніво — адказны час для яе. Пад збожжавымі ў гаспадарцы амаль паўтары тысячы гектараў. Тэмпы ўборкі стрымлівае непагода. У сярэднім кожны гектар дае па 35 цэнтнераў зерня.

У студэнцтве Вольга Мікалаеўна атрымала пасведчанне вадзіцеля. На «Ніве» адправіліся з ёю на поле. Завіталі і на збожжаток, дзе вадзіцель МАЗа Пётр Гук выгружаў збажыну. У мінулыя гады за сезон ён перавозіў ад камбайнаў па сто тон зерня. Сёлета на рахунку ўжо больш як паўсотні тон перавезенага ўраджаю.

Пасля васьмігодкі Пётр Гук скончыў Белаазёрскае прафтэхвучылішча і амаль сорак гадоў працуе вадзіцелем. Жонка Святлана Фёдараўна доіць кароў на малочна-таварнай ферме ў Вайцяшыне. Ад гаспадаркі сям’я атрымала катэдж.

Ветэран працы Васіль КАВАЛЕВІЧ.

Многія працаўнікі ААТ «Пескаўскае» жывуць у новых памяшканнях. Па Праграме адраджэння вёскі ў населеных пунктах Пескаўскага сельсавета пабудавана звыш 70 дамоў. Актыўна вядзецца і будаўніцтва жылля насельніцтвам: штогод узводзіцца звыш двух дзясяткаў сядзіб. Адноўлена праваслаўная Свята-Траецкая царква, узведзеная амаль два стагоддзі таму. Пасля аб’яднання ў 1987 годзе вёсак Старыя і Новыя Пескі захаваліся назвы асобных кварталаў: Горны, Барок, Дуброўка, Кастынёў, Карчы, Спіртзавод.

Завяршылі вандроўку сустрэчай з самадзейнымі артыстамі сельскага Дома культуры, якім кіруе Святлана Чайчыц. 12 самых розных фарміраванняў дзейнічае тут. Званне народнага прысвоена ансамблю народнай песні «Пескаўскія весялухі». Калектыў — лаўрэат прэміі прафесійнага саюза работнікаў культуры.

Бібліятэкар вёскі Вайцяшын Лідзія РУДЗЬМАН са школьніцай Ганнай МАСТЫКА.

Цудоўныя ўмовы для працы і адпачынку ў Песках. Аграгарадок, як і іншыя населеныя пункты сельсавета, газіфікаваны. Дзейнічаюць водаправод і каналізацыя. Цеснаватым стаў дзіцячы садзік аграгарадка. Разлічаны ён на 35 наведвальнікаў, а жадаючых значна больш. Расце колькасць навучэнцаў у сярэдняй школе. Сёлета атэстаты сталасці атрымалі 19 выхаванцаў, а папоўняць вучнёўскі калектыў значна больш першакласнікаў. Кожны год тут нараджаецца звыш трыццаці дзяцей. Рэгіструюцца шлюбы. Рыхтуецца да свайго вяселля і старшыня сельвыканкама Аляксандр Шымчук. Узгадаўся радок з верша Яўгеніі Янішчыц: «А ў палескай старане кожны сокал — брацейка». Менавіта так жывецца ў Песках.

Бярозаўскі раён.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter