Былы настаўнік Франц Хоміч з вёскі Дунілавічы Пастаўскага раёна ўлюбёны ў родныя мясціны і ахвотна паказвае славутасці краю турыстам з розных краін

Пешшу ў Парыж

Былы настаўнік Франц Хоміч з вёскі Дунілавічы Пастаўскага раёна ўлюбёны ў родныя мясціны і ахвотна паказвае славутасці краю турыстам з розных краін

У Франца Ігнатавіча ёсць у жыцці надзейны тыл — жонка Галіна Ігнатаўна

Сёння, у эру камп’ютараў, губляюць ранейшы сэнс словы глыбінка, перыферыя: і ўдалечыні ад вялікіх гарадоў можна быць у віры жыцця. З ліку аптымістаў і Франц Хоміч з Пастаўшчыны. Неяк у інтэрнэце знайшоў пра яго: нарадзіўся 31 сакавіка 1949 года, настаўнік, пенсіянер. Захапляецца краязнаўствам, тэхнічнай творчасцю. І з камп’ютарам на ты. Яшчэ пра сябе дадае: “Паважаю людзей абавязковых, тактычных, захопленых, з пачуццём гумару — і не паважаю з якасцямі наадварот”.

Тонка і вельмі па-беларуску! Захацелася пазнаёміцца з ім і з тае прычыны, што гадоў сорак таму з гакам у Дунілавічах месяцы два я працаваў глебазнаўцам. Дамовіліся па тэлефоне, і адным восеньскім днём быў я ўжо ў вёсцы, якую можна назваць і мястэчкам. Сустрэў мяне Франц Ігнатавіч як старога знаёмага. Пакуль ішлі вясковаю вуліцай, расказаў: родам ён з мясцовага хутара, закончыў школу ў Дунілавічах, потым Аршанскае педвучылішча, Мазырскі педінстытут і больш за 30 гадоў працаваў настаўнікам у Дунілавічах. 

На парозе хаты нас гасцінна сустрэла гаспадыня, Галіна Ігнатаўна. Шмат гадоў працавала ў мясцовым дзіцячым садку. Накарміла нас смачным абедам. Потым была своеасаблівая экскурсія па сядзібе Хомічаў: гэта як пабываць у этнаграфічным музеі. Пад навесам на сцяне — выстава рэчаў сялянскага побыту. Склюд, цесла, цуглі, бразготкі… Бачылі такое? А вось жорны, ручная “баба” — гэта каб забіваць пáлі. А на гэтай драўлянай лапаце маці гаспадара саджала хлеб у печ. Станок для вырабу дранкі-дахоўкі, зручную сокавыціскалку Франц Ігнатавіч змайстраваў сам: залатыя рукі.

У невялічкім дамку і музей хатняга побыту: можна паслухаць патэфонную музыку. У кутку — калаўрот і 100-гадовы бязмен. Прысядзьце на канапе, якой больш за 100 гадоў і на якой сядзеў граф Юзаф Тышкевіч.

Дарэчы, у Польшчы, магчыма, жыве дачка графа Крысціна ці яе нашчадкі: дзяўчынаю “на выданні” наведвала яна мястэчка ў другой палове 30-х. А вось на сцяне герб Окша: раней людзі з шляхецкім прозвішчам Хоміч былі пад ягонай абаронай. На стале — камп’ютар. Франц Ігнатавіч мае свой блог у сацсетках, змясціў там і сваю кнігу пра Дунілавічы. Далей аглядалі пасеку: гаспадар сябруе з пчоламі. На сядзібе моцная цяпліца, дзе гаспадыня вырошчвае кветкі і гародніну. Трымаюць курэй, у тым ліку гамбургскай пароды, авечак. Хораша там: усё грунтоўна, прыгожа, па-гаспадарску зроблена.

Франц Хоміч з жонкаю ў зоне адпачынку “Салаўіны гай”, пры шашы Полацк—Вільнюс

Франца Хоміча ведаюць на Віцебшчыне як экскурсавода, краязнаўцу, пра яго пісалі розныя выданні, друкавалі яго краязнаўчыя тэксты. Турыстам расказвае пра гісторыю краю, паказвае старапанскія сядзібы, паркі, расказвае мясцовыя легенды і паданні. Вядзе гасцей звычайна праз Мосар, Асінавы Гарадок, Парыж. Чулі пра беларускі Парыж? Ад Дунілавіч можна туды і пешшу: кіламетраў 15. У вёсцы ёсць металічная вобразная копія Эйфелевай вежы з агляднай пляцоўкаю. Існуе паданне: імператару Напалеону пад час паходу на Маскву гэтак спадабаліся мясціны Пастаўшчыны, што ён збіраўся заснаваць тут другі Парыж — так і ўзнікла назва вёскі. Франц Ігнатавіч, праўда, выводзіць назву ад слова “рыга” — гумно для захавання неабмалочаных снапоў збожжа. І тады парыжжу маглі называць месца “за рыгамі” — па аналогіі: Панямонне, Парэчча, Паазер’е…А ў Дунілавічах, якія за 27 кіламетраў ад Пастаў, прыпыняўся расійскі цар Мікалай ІІ. Даводзілася Францу Хомічу рабіць экскурсіі для гасцей не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Канады,  Ізраіля… Экскурсантаў яму звычайна “пастаўляюць” мясцовыя аграсядзібы, якіх у рэгіёне пад 30, у тым ліку і  размешчаная непадалёк ад Парыжа аграсядзіба “Хутор Волк”. І з Мінска ў Дунілавічы раз на дзень ходзіць маршрутка. Гэта да ведама тым, хто захоча туды наведацца.

Окша — родавы герб Хомічаў

Потым хадзілі мы па вуліцах мястэчка, і Франц Ігнатавіч шмат цікавага расказваў пра яго гісторыю. Упершыню Дунілавічы згадваюцца ў 1473-м:  як уладанне князя Аляксандра Гальшанскага. Гаспадарамі пазней былі польскі кароль Жыгімонт Аўгуст, магнаты Радзівілы, Тышкевічы… Цяпер мястэчка ўпрыгожвае велічны Троіцкі касцёл канцы ХVІІ стагоддзя. Да вайны ў Дунілавічах жыло шмат яўрэяў, і ў вайну гітлераўцы створылі там яўрэйскае гета, а ў лістападзе 42-га ўсіх там расстралялі: 828 чалавек, з іх звыш 300 дзяцей. У брацкай магіле пахаваны бязвінныя ахвяры.

Старажытны Крыкалаўскі парк, закладзены ў канцы XVII стагоддзя на левым беразе рэчкі Заражанкі — адна са славутасцяў мястэчка. Тут былі прыгожыя алеі, фантаны, скульптуры, а на ўзгорку, сярод клёнаў і лістоўніц, узвышаўся палац у класічным стылі. У Першую сусветную вайну парк, апошнім гаспадаром якога быў граф Тышкевіч, моцна быў пашкоджаны, не даглядаўся і ўрэшце здзічэў. Мы падняліся ў ім на высокую Лысую гару. Кажуць, па начах там збіраецца на шабаш усялякая нечысць. А непадалёк — Чортаў камень: вялізны валун у форме сэрца з таямнічымі знакамі. Паводле мясцовага падання, на валуне граф-чараўнік, уладальнік парка, гуляў з чортам у карты. Граф, кажуць, умеў замаўляць змей, і таму, нібыта, у парку гады не водзяцца, хаця ў наваколлях іх шмат. Франц Ігнатавіч пацвярджае, што ў парку пануе асаблівая, таямнічая атмасфера.

Добрыя, гасцінныя людзі жывуць у Дунілавічах. Менавіта яны, дарэчы, сталі прататыпамі герояў кнігі апавяданняў “Суседзі” — яе напісала Юлія Зарэцкая з роду Хомічаў. Гэта дачка маіх новых знаёмых: журналістка, пісьменніца, галоўны рэдактар часопіса сатыры і гумару “Вожык”. Кніга напісана з гумарам, з любоўю да жыхароў Дунілавіч. Зрэшты, чаму тут здзіўляцца — кажуць жа, што яблык ад яблыні недалёка падае. Пэўна, ад бацькоў спадарыня Юлія атрымала ў спадчыну мяккі гумар, павагу да людзей, працавітасць… Галіна Ігнатаўна гаворыць: на адпачынак дачка нікуды не хоча ехаць з Бацькаўшчыны, яе больш вабіць бацькоўская сядзіба, дзе адпачывае душой. А вось сын Юрый у іх —праграміст, спецыяліст высокай кваліфікацыі, па справах наведвае многія краіны.

Хораша жывуць у глыбінцы муж і жонка Хомічы. Дзяцей пагадавалі, у працы рэалізаваліся, ды і цяпер працягваюць рабіць добрыя справы. Вяртаючыся ад маіх новых знаёмых, якія неўпрыкмет сталі і сябрамі, я думаў: можа, і сапраўды не столькі важна, дзе ты і хто ты. Важна: які ты.

Даведка ГР:

Мястэчка Дунілавічы знаходзіцца ў 27 кіламетрах на ўсход ад раённага цэнтра Паставы, за 9 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Варапаева. Гэта маляўнічая мясцовасць на берагах азёр Бледнае і Свідна – там абсталяваныя пляжы для купання. Старадаўні мясцовы сядзібна-паркавы ансамбль Крыкалы займае плошчу каля 15 гектараў. Пра гісторыю, мясцовыя паданні Дунілавічаў шмат цікавага можна прачытаць у кнізе Франца Хоміча “Дунілавічы: след у гісторыі”, якая ёсць у інтэрнэце.

Лявон Целеш, в. Дунілавічы, Пастаўскі раён
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter