Хутка ў краіне пачнецца распрацоўка Нацыянальнай стратэгіi ўстойлівага развіцця да 2035 года

Перспектывы відаць здалёк

Забяспечыць годную працу і эканамічны рост, добрае здароўе і дабрабыт — гэта толькі частка глабальных мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця. Усяго такіх задач 17. Кожная з іх будзе адаптавана пад нашы ўмовы і ляжа ў аснову Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года. Праца над гэтым дакументам ужо пачынаецца. Як мы будзем жыць праз два дзесяцiгоддзі — аб гэтым разважаюць эканамiсты.


На пытанне, ці патрэбныя камусьці доўгатэрміновыя планы, эканамісты адказваюць так: калі ты не ведаеш, куды ідзеш, то туды вядзе любая дарога. I дадаюць: мінулае і сучаснасць — наш сродак, будучыня — наша мэта. У любым выпадку нармальнае грамадства любога ўзроўню — ад сям’і да дзяржавы — умее вызначаць перспектывы на доўгатэрміновы перыяд. Менавіта таму не варта здзіўляцца, што ўжо ў наступным годзе пачнецца распрацоўка Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця (НСУР)  да 2035 года.

Днямі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і дзяржорганаў сустрэліся за адным сталом у Навукова-даследчым эканамічным інстытуце Мінэканомікі (НДЭІ): тут прайшло першае пасяджэнне грамадскага савета па маніторынгу і ацэнцы ўстойлівага развіцця. Менавіта гэты орган будзе працаваць над мэтамі і прыярытэтамі, якія будуць пакладзены ў аснову НСУР-2035. Адкрываючы сустрэчу, міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі нагадаў пра тое, што пры распрацоўцы дзеючай стратэгіі ўстойлівага развіцця былі шырока задзейнічаны каналы грамадскага абмеркавання. Сёння вялікую цікавасць да тэмы праяўляюць грама-дзянская супольнасць, бізнес i навука. Пачынаецца праца з імплементацыі глабальных задач і мэтаў ААН у галіне ўстойлівага развіцця, якіх усяго 17. Для іх рэалізацыі ў краіне ўжо створана нацыянальная сістэма паказчыкаў. Такую маштабную працу правёў савет па ўстойлівым развіцці пад кіраўніцтвам Марыяны Шчот-кінай.

— Наша задача —  быць у трэндзе ўстойлівасці, — пазначыў Уладзімір Зіноўскі. І так расшыфраваў ідэалогію НСУР-2035. — Палітыка дзяржавы па-ранейшаму будзе накіравана на паляпшэнне дабрабыту кожнага чалавека, стварэнне камфортных умоў яго жыцця і, вядома, эканамічнага базісу. Гэта новыя вытворчасці і працоўныя месцы, годны ўзровень заработнай платы.

Што да працы грамадскага савета, то сёння перад ім стаяць тры задачы. Па-першае, будзе дадзена ацэнка дзеючай стратэгіі ўстойлівага развіцця. Гэта робіцца для таго, каб улічыць памылкі і прабелы, не дапусціць перакосаў і задзейнічаць нявыкарыстаны патэнцыял. Па-другое, трэба будзе выпрацаваць нацыянальныя прыярытэты і мэты развіцця да 2035 года, вызначыць актуальныя паказчыкі для краіны. Па-трэцяе, пасля гэтага пачнецца ўласна распрацоўка НСУР-2035. Чакаецца, што гэта адбудзецца ўжо ў наступным годзе.

МЕРКАВАННЕ

Павел ДАНЕЙКА, генеральны дырэктар Бізнес-школы ІПМ, эканаміст:

— Калі мы гаворым пра бізнес-асяроддзе, то калі я чую, быццам ніякіх рэформ у краіне не праводзіцца, я не разумею, пра што ідзе гаворка. Паглядзіце, напрыклад, як мы падняліся ў рэйтынгу Doing Business. Сёння асяроддзе для прыватнага бізнесу досыць прывабнае, хоць, безумоўна, ёсць галіны, дзе клімат больш суровы. Напрыклад, у сектары страхавання і медпаслуг яшчэ досыць высокая зарэгуляванасць. У той жа час я са здзіўленнем чую папрокі ў адрас дзяржорганаў з боку прадпрымальнікаў. Мне так і хочацца спытаць: «Хлопцы, чаму вы хочаце, каб замест вас чыноўнік разумеў, што трэба рабіць? Чаму вы не аб’ядноўваецеся ў бізнес-супольнасці і асацыяцыі, не выбудоўваеце дыялог з дзяржавай?» Для фарміравання клімату прыватнаму бізнесу зверху было зроблена даволі шмат. Гэта ў 1990-я гады можна было сказаць, што чыноўнікі закрытыя, а прадпрымальнікам да іх не дастукацца. Цяпер сітуацыя дыяметральна супрацьлеглая: дзверы да чыноўнікаў адчынены, але ў іх мала хто заходзіць.

У любым выпадку нам трэба будзе вырашыць шмат чаго. Калі прааналізаваць апытанні, якія мы праводзім сярод прадстаўнікоў бізнесу, то 4 з 5 самых распаўсюджаных бар’ераў звязаны з макраэканамічным становішчам у краіне. Гэта азначае, што трэба атрымаць больш устойлівую эканоміку. І высвятляецца, што пытанне прыватызацыі і рэструктурызацыі дзяржкампаній набывае зусім іншы сэнс. Трэба разумець, што на падтрымку неэфектыўных прадпрыемстваў ідзе шмат грошай, усё гэта прытрымлівае развіццё прыватнага бізнесу. Мы ўжо падышлі да эканамічнай неабходнасці пазбавіцца ад стратных кампаній. Але гэта вельмі доўгі шлях, на які ідуць гады. Калі пачаць зараз, нам спатрэбіцца мінімум пяць гадоў, каб атрымаць першыя вынiкi. Дарэчы, у свой час мы прапаноўвалі выкарыстоўваць даходы ад прыватызацыi для фарміравання нацыянальнага пенсійнага фонду.

Ульяна БУШУЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter