Мiёрскi мясакамбінат — адно з валаўтвараючых прадпрыемстваў у райцэнтры

Перспектыўны інвестпраект у Міёрах

МІЁРСКІ мясакамбінат — адно з валаўтвараючых прадпрыемстваў у райцэнтры, фарміруе каля паловы яго бюджэту. Камбінат прызнаваўся лепшым у галіне. Але ў апошні час далейшае развіццё прытарможвала састарэлае абсталяванне.

 Цырымонія адкрыцця халадзільніка на Міёрскім мясакамбінаце.

Быў распрацаваны і выстаўлены на зацікаўленае абмеркаванне інвестыцыйны праект па рэканструкцыі. Першай на дапамогу прыйшла дзяржава. Звыш 34 мільярдаў рублёў на будаўніцтва новага халадзільніка  выдзеліў Віцебскі аблвыканкам, 49 мільярдаў крэдыту выдаў філіял абласнога ўпраўлення «Белаграпрамбанка». Знайшліся дадатковыя сродкі і на самім прадпрыемстве.

Трэба аддаць належнае ў гэтай сітуацыі вертыкалі раёна і яе кіраўніку — старшыні райвыканкама Ігару Кузняцову. Ён не толькі задзейнічаў у якасці асноўнага падрадчыка будоўлі мясцовую арганізацыю — Міёрскую ПМС, але трымаў на кантролі ўвесь час ход узвядзення аб’екта, пакуль той не быў здадзены пад ключ.

Што ўяўляе сабой новы халадзільнік? Пра гэта расказаў генеральны дырэктар ААТ «Міёрскі мясакамбінат» Віктар Бандарэнка:

— Гэта не проста халадзільнік, а цэлы комплекс з новымі кампрэсарнай, цэхамі абвалкі і ўпакоўкі. Ёмістасць самога халадзільніка — 500 тон. Самае сучаснае абсталяванне дазваляе як замарожваць мяса да мінус 35 градусаў, так і трымаць яго ахалоджаным на костцы і без яе да 25 сутак. Апошняе вельмі важна, бо ў ахалоджаным мясе захоўваюцца ўсе мікраэлементы, і вырабы са свежай сыравіны больш якасныя. 

Прыменены ў халадзільніку навінкі: падлога з падагрэвам, што выключае прамярзанне грунту і яго «ўспучванне», і электратэхнічная абарона ад розных грызуноў, якая дазваляе адмовіцца ад стандартных метадаў іх знішчэння.  Новая кампрэсарная поўнасцю гарантуе экалагічную бяспеку, а аўтаматыка і шматступеньчатасць работы абсталявання да таго ж у разы эканоміць электраэнергію.

Узвядзенне халадзільніка стала вельмі сваечасовым і па той прычыне, што Міёрскі камбінат увайшоў у аграхолдынг, створаны на базе ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў».

— Наша задача, — заявіў на адкрыцці халадзільніка гендырэктар ААТ «Полацкі мясакамбінат хлебапрадуктаў» Васіль Хамёнак, — забяспечыць магутнасці міёрскага прадпрыемства сыравінай. Для гэтага робяцца адпаведныя крокі: нарошчваецца пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах аграхолдынгу. З новага года дадуць прадукцыю адноўленыя свінакомплексы «Гарадзец» Шаркаўшчынскага раёна, «Цітова» Міёрскага і «Дунілавічы» Пастаўскага раёнаў.

Старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў, падзякаваўшы ўсім, хто прымаў удзел у пабудове аб’екта, падкрэсліў яго важнасць як для дабрабыту гараджан, так і працаўнікоў раёна.

Калектыву завода падорана ікона заступніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай. З нагоды здачы аб’екта на тэрыторыі завода пасаджаны яблынькі.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter