Штогод у канцы мая ў сталіцы праходзіць фестываль «Гармонік збірае сяброў». Палац культуры Мінскага трактарнага завода ў гэты час па традыцыі адкрывае дзверы для ўсіх, хто захапляецца гучаннем гэтага музычнага інструмента. Гарманісты з розных рэгіёнаў імкнуцца прыехаць на фестываль, каб паслухаць, што граюць сучасныя музыканты. Сёлета фестываль набыў новую форму: акрамя гала-канцэрта быў праведзены і конкурс гарманістаў. На ім пабывалі і карэспандэнты «СГ».

Гэта было спраўднае свята. У цэнтры ўвагі — гармонік. Стагоддзе таму без гэтага музычнага інструмента не абыходзіліся ні вячоркі, ні вяселе, ні хрэсьбіны. Хоць у наш час сямейныя святы ў большасці праходзяць у суправаджэнні сучаснай музыкі, народныя матывы таксама запатрабаваны. Гарманісты тлумачаць гэта так: «Музыка народнага інструмента сапраўды жывая».
Удзельнік фестывалю Іван Чайка з Брэста расказаў, што граць на гармоніку яму было наканавана лёсам. Усе ў яго сям’і спявалі і танцавалі, а граць на музычным інструменце не ўмеў ніхто. Іван Мікалаевіч скончыў чатыры класы музычнай школы і сёння грае на баяне, гітары і гармоніку. Доўгі час выступаў у ансамблі «Сузор’е». Цяпер Іван Мікалаевіч дэманструе свой талент проста на вуліцах Брэста.

Ролік, дзе «дзядзя Ваня» выконвае кампазіцію «Поцелуй меня, удача», набраў больш 6,5 мільёна праглядаў у Youtube. А ў студзені гэтага года музыкант пабываў у гасцях расійскага тэлеканала РТР на праграме Андрэя Малахава «Привет, Андрей!».
— Песні ад усёй душы заўсёды знаходзяць водгук у аудыторыі, — гаворыць гарманіст. — Мне падабаецца дарыць радасць людзям!
Бывае і так, што гармонік дапамагае нават знайсці каханне. Інструмент ўвогуле можа вывесці лёс па іншай, больш яскравай дарожцы. Так было ў жыцці гарманіста Міхаіла Папругі з горада Беразіно. Прыйшоўшы дадому пасля службы у арміі, не ведаў, дзе знайсці працу. А потым Міхаіла запрасілі музыкантам на вяселле.

— Маё выкананне так спадабалася аднавяскоўцам, што ў хуткім часе я стаў першым гарманістам ва ўсёй акрузе, — расказвае Міхаіл. — Мой графік музыканта быў распісаны на год наперад. На адным з вяселляў мяне запрасіла на танец дзяўчына. Яна і стала потым маёй жонкай. Сёння музычныя традыцыі нашай сям’і працягвае сын Павел.
Міхаіл Папруга любіць удзельнічаць у розных конкурсах. У 2007-м ён стаў лаўрэатам фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах. Пасля яго запрасілі прадстаўляць беларускую народную культуру падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Венесуэлу.
— Беларускія гарманісты, сярод якіх быў і я, віталі ў Каракасе двух прэзідэнтаў — Аляксандра Лукашэнку і Уга Чавеса — пералівамі гармонікаў, — узгадвае Міхаіл Папруга. — Аляксандр Рыгоравіч даў нашаму выкананню высокую адзнаку!

Уладзімір Шакуцёў з Гарадка на фестывалі выканаў «Рассыпуху гарадокскую», «Матаню», «Віцебскую польку». Гледачы ў зале пад вясёлыя рытмы кінуліся ў скокі.
Уладзімір Шакуцёў — прафесійны музыкант. На яго выбар у свой час паўплывалі аповяды бабулі пра дзеда, які загінуў на фронце ў час Вялікай Айчыннай вайны.
— Якаў Дзмітрыевіч Шакуцёў іграў на гармоніку, вельмі любіў народныя песні, — расказвае Уладзімір Шакуцёў. — У яго гонар я і вырашыў працягнуць яго справу. Скончыў музычную школу па класу баяна, пасля — Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў.

Чым ігра на гармоніку адрозніваецца ад ігры на баяне? Гармонік не мае паўтаноў, таму, каб выканаць складаную кампазіцыю, патрэбна ўмець лавіраваць. Уладзімір Шакуцёў для больш сучаснага гучання па-свойму апрацоўвае народныя мелодыі.
Выдатнай ігрой на гармоніку захапіў гледачоў Аляксандр Мурзін з Наваполацка. Музыкант нарадзіўся і вырас у горадзе Тула (Расія). Вывучаць інструмент пачаў з пяцігадовага ўзросту. Добра спявалі яго мама і бабуля. Таму хлопчык папрасіў набыць яму гармонік. Гэты інструмент з ім заўсёды па жыцці. Хоць па прафесіі Аляксандр — зваршчык, музыка застаецца для яго любімым хобі.
— Калісьці пабываў у Наваполацку на экскурсіі, мне вельмі спадабалася, і я прыехаў сюды жыць, — расказвае Аляксандр Мурзін. — Усю сям’ю сюды перавёз і вельмі рад, што жыву на беларускай зямлі, дзе вакол столькі прыгажосці і вельмі адкрытыя душой людзі! А яднае нас усіх любоў да народнай музыкі і яго вялікасць гармонік!

…Канцэрт скончыўся, а гледачы ды і самі ўдзельнікі яшчэ доўга не разыходзіліся. Кожнаму хацелася сфатаграфавацца на памяць з сапраўднымі самародкамі з народа, дакрануцца да ўнікальных музычных інструментаў і асабіста падзякаваць удзельнікам за падораны музычны цуд.
kuzmich@sb.by