Першым разам, лепшым часам

СУТКІ — адрэзак часу ў 24 гадзіны. Прынята лічыць, што суткі падзяляюцца на чатыры роўныя па працягласці часткі: раніцу, дзень, вечар і ноч.

СУТКІ — адрэзак часу ў 24 гадзіны. Прынята лічыць, што суткі падзяляюцца на чатыры роўныя па працягласці часткі: раніцу, дзень, вечар і ноч.

Аднак неабходна адзначыць, што ў культуралагічным разуменні часу ўсе 24 гадзіны нашых сутак далёка не раўназначныя паміж сабой, хутчэй за ўсё, кожная з іх валодае сваёй аўрай, сваім энергаінфармацыйным патэнцыялам, рытуальна-магічным полем, у прасторы якога прысутнічае выключна яму адпаведная сацыякультурная напруга. Пра гэта зусім недвухсэнсоўна сведчаць шматлікія замовы лекава-прафілактычнай накіраванасці. Многія з іх пачынаюцца не бытавой, а ў вышэйшай ступені сакраментальнай формулай-пачаткам: “Добрым часам, першым разам”, “Лепшым часочкам, першым разочкам”, “Першым разочкам, Гасподнім Божым часком”, “Першым разам, Божым указам, лепшаю гадзінкаю, лепшаю часінкаю”.

  • Гэта ж ідэя прысутнічае ў якасці абавязковай умовы ва ўсёй вясельнай абраднасці: добра ведалі той час, калі адпраўляць сватоў, калі рашчыняць цеста для каравая, калі благаслаўляць маладых, калі пачынаць святочнае застолле, у рэшце рэшт, калі дзяліць каравай.
  • Некаторым сакральным зместам напоўнены і момант адпраўкі чалавека ў далёкую (а асабліва невядомую) дарогу. Самыя блізкія людзі на парозе дома (ці каля варот) абавязкова скажуць словы-пажаданні на добры шлях (рус.: напутствие (на добрый путь): “Дай, Божа, у добры час”, “Благаславі, Госпадзі, у добрую хвіліну”, “З Богам”.
  • Практычна любая значная падзея ў жыцці і дзейнасці нашых продкаў не пачыналася без слоў благаслаўлення і свяшчэннай формулы-пажадання: “Дай, Божа, у добры час”. Неабходна распачынаць сяўбу зерневых ці бульбы, жаць жыта, квасіць капусту, садзіць дрэвы, засыпаць бульбу ў склеп і г.д. — і кожны раз важнаму для жыцця дзеянню абавязкова папярэднічала формула-абярэг, формула-пажаданне. Заслугоўвае ўвагі тлумачэнне некаторых інфарматараў да лячэння хворага чалавека замоўленай вадой ці толькі замовамі: “На худы час трапіць — не паможа, а на добры — памагаець”.
  • У цяперашні час існуе некалькі варыянтаў поглядаў на пачатак сутак, іх структуру, кампаненты, якія іх складаюць. З аднаго боку, абрады, звязаныя з зімовым і летнім сонцазваротам, пачынаюцца роўна апоўначы. З другога боку, у казачным эпасе шырока распаўсюджаны матыў, які можна ўмоўна назваць “да трэціх пеўняў”. Часавая прастора дзеяння нячыстай сілы абмежавана поўначчу і ранішнім спевам пеўня, які прадказвае пачатак дня і тым самым адымае моц у рознай нечысці. “Трэці спеў пеўняў” (у фальклорных творах ёсць ускосныя сведчанні, што ў перыяд паміж вясновым і восеньскім раўнадзенствам яно адпавядае 3 гадзінам ночы) — гэта яшчэ не ўзыход сонца, але ўжо той момант у структуры сутак, які азначае абуджэнне чалавека і пачатак яго шматпланавай гаспадарчай дзейнасці.
  • Зусім па-іншаму пачатак сутак прамаркіраваны ў хрысціянска-праваслаўнай традыцыі. Новыя суткі ў царкоўным набажэнстве пачынаюцца а 18 гадзіне. Таму дзень анёла-ахоўніка трэба адзначаць пачынаючы з 18 гадзін папярэдняга дня.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter