“Першым разам, лепшым часам”

Вялікая колькасць пачатку зямляробчых і сельскагаспадарчых работ звязана з першай чвэрцю Месяца — маладзіком. Станоўчым лічыцца ўплыў маладзіка і на долю чалавека, яго здароўе, магчымасць стварэння сям’і. Чалавек, які нарадзіўся на маладзік, будзе даўгавечным, рухавым, лёгкім на пад’ём. Менавіта да гэтага часу прымяркоўвалі вяселлі. Лічылася: калі ўбачыш Месяц на маладзіку першы раз з правага боку, цэлы месяц будзе шанцаваць.

(Працяг. Пачатак у № 24.)

Адпаведна з фазамі Месяца структурыруецца вымярэнне часу працягласцю адзін тыдзень. Сімвалізацыя пачатку гэтай адзінкі набыла розныя характарыстыкі ў народнай і хрысціянскай традыцыях. Калісьці першым днём тыдня была менавіта нядзеля, якая як у народнай, так і ў хрысціянскай культуры з’яўлялася вяршыняй акта першастварэння Свету і пачаткам існавання новага часу. Магчыма, менавіта з-за гэтага ў народнай традыцыі негатыўнае стаўленне да сучаснага першага дня тыдня: “Панядзелак — дзень цяжкі”.
Выключным сакральным статусам надзелены пачатак новага дня — усход Сонца і асабліва ў вялікія святочныя дні: Чысты чацвер, на Вялікдзень, Купалле. Існуе шэраг прыродна-касмічных фактараў, якія не маюць дакладнай часавай прымеркаванасці, але разам з тым могуць аказаць істотны ўплыў на фізічнае здароўе, псіхалагічны стан чалавека, а таксама прадказаць, якім будзе гэты год, які будзе сабраны ўраджай і г.д. Сюды адносяцца шматлікія прадказанні, звязаныя з аднаўленнем прыроднага цыкла жыцця (у непасрэднай сувязі стану прыроды і існавання чалавека):
l калі першы гром прагрыміць на “голы” лес, то год будзе галодны;
l пачуўшы першы гром, трэба было стаць спінай да дуба, або тройчы перакуліцца праз галаву, ці перавярнуцца з боку на бок; а пачуўшы першы раз зязюлю, трэба было патрэсці грошы ў кішэні, каб яны не зводзіліся ўвесь год; калі першы раз убачыш бусла ў палёце, значыць, і сам увесь год на нагах будзеш, калі ж у гняздзе, то можаш цяжка захварэць.
Па некаторых прыкметах варажылі аб ураджаі на новы год. Так, напярэдадні першага Спаса (Спаса на вадзе, Мядовага) вараць столькі яек, колькі ў двары мужчын. За абедам кожны выбірае яйка з місы і разбівае яго. Той, у каго яно будзе паўней, першы пойдзе засяваць жыта, каб так поўна было ў свірне.
У паўночных раёнах Беларусі існавала павер’е, што “добраму вываду гусянят вельмі дапаможа зямля з-пад правай нагі, узятая ўвесну, калі першы раз убачыш у небе дзікіх гусей; гэтай зямлёй трэба злёгку патрусіць наседжваемыя яйкі”.
Цікавы варыянт барацьбы з пустазеллем прапаноўвалі інфарматары беларускага фалькларыста А.К.Сержпутоўскага: “Калі на полі расце паганае зелле, то яго трэба пераараць тымі сашнікамі, што падвараны ў першую пятніцу”.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter