Першы семестр на выдатна

Нашы ВНУ пашыраюць сваю прысутнасць за мяжой
ВНУ – беларуская, дыплом – амерыканскі? Такое магчыма! Нашы ВНУ пашыраюць сваю прысутнасць за мяжой.

Напрыклад, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі ў найбліжэйшай будучыні адкрые паўнавартаснае прадстаўніцтва ў амерыканскім штаце Ілінойс. Дарэчы, там гэта першы выпадак рэгістрацыі навучальнай установы іншай краіны. Гэты філіял будзе рэалізоўваць вучэбную праграму па падрыхтоўцы магістраў на англійскай мове. Больш за тое, плануецца, што выпускнікі атрымаюць дыпломы амерыканскага ўзору.


Знаёмы студэнт, які выехаў на месяц на стажыроўку ў адну з іспанскіх ВНУ, фактычна «згубіўся» ў яе калідорах. Не, не тое, каб яго там не чакалі. Проста такіх, як ён, штодня прыязджаюць сотні чалавек. У айчынных ВНУ такое немагчыма. Тут кожнага замежнага студэнта, можна сказаць, ведаюць у твар. І таму, што стаў­ленне да іх асабліва ўважлівае, і таму, што, мабыць, пакуль іх не так шмат, як хацелася б. Але ж гэта нішто іншае, як узровень экспарту адукацыйных паслуг — адно з найбольш важных праяўленняў кан­курэнтаздольнасці сістэмы адука­цыі любой дзяржавы. І некаторыя асабліва паспяховыя ў гэтым кірунку краіны штогод папаўняюць бюджэт вялікімі сумамі.

У нас сёння навучаецца каля 16 тысяч замежных студэнтаў з 98 краін. Спецыялісты кажуць, што за апошнія пяць гадоў гэтая лічба вырасла ў разы. Толькі за мінулы год экспарт адукацыі прынёс у бюджэт краіны каля 30 мільёнаў долараў. Што ж, у разрэзе мінулых гадоў гэта, безумоўна, шмат, а вось калі параўноўваць сітуацыю з краінамі — лідарамі ў прыцягненні замежных студэнтаў, у ліку якіх Вялікабрытанія, Францыя і Канада, то гэта сума не асаблiва ўражвае. Тым больш што патэнцыял у беларускіх ВНУ маецца.

Хоць, і гэта трэба прызнаць, сёння мы ў асноўным арыентаваны на краіны СНД, больш за 50 працэнтаў ад агульнай колькасці — гэта студэнты з Туркменістана, потым ідуць Кітай, Расія, Нігерыя, Ліван. Адным з галоўных бар’ераў для павелічэння колькасных па­казчыкаў эксперты да гэтага часу называлі моўны. Рускай, хоць яна і ўпэўнена набірае папулярнасць ва ўсім свеце, валодаюць нямногія патэнцыяльныя студэнты.

У чэрвені 2016 года ў Бангладэш адкрыецца беларускі ўніверсітэт.
У чэрвені 2016 года ў Бангладэш адкрыецца беларускі ўніверсітэт.

І гэта, перакананы спе­цыя­лі­сты, скідаць з рахункаў не варта. Напры­клад, як адбылося ў БДУІР, які адкрыў філіялы сваіх кафедраў у Чыкага і Бостане і вядзе дыстанцыйную падрыхтоўку амерыканцаў, робіць упор на нашых былых суграмадзян, якія пражываюць за мяжой. Акрамя гэтага, адкрыты сумесны інжынерна-тэхнічны факультэт БНТУ і Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя М.С. Асімі ў Душанбэ, створаны рэсурсны цэнтр пачатковай прафесійнай адукацыі па будаўнічых прафесіях у Азербайджане, Беларуска-В’етнамскі цэнтр садзейнічання навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, Беларуска-В’ет­намскі інавацыйна-адукацый­ны і навукова-тэхнічны цэнтр.

Але і першыя сур’ёзныя крокі ў выкладанні на замежных мовах мы таксама робім. Тое, напрыклад, што і англійская мова для беларускіх ВНУ не праблема, даказвае новы праект з Бангладэш. Тут ўжо ў чэрвені 2016 года адкрыецца беларускі ўніверсітэт, удзел у стварэнні якога прымае адразу некалькі ВНУ, сярод іх — БДУІР і БДТУ. Дарэчы, гэта той выпадак, калі ёсць сэнс выехаць, як гаворыцца, да студэнта па месцы жыхарства, паколькі ў краіне з насельніцтвам больш за 140 мільёнаў перспектыва экспарту паслуг вялікая. І калі, па прагнозах, першы набор у ВНУ складзе каля 500 чалавек, то ўжо да 2020 года плануецца павялічыць гэтую лічбу да 20 тысяч. 

«Беларускі бок у гэтым праек­це забяспечвае падрыхтоўку і прадастаўленне вучэбна-мета­дычных матэрыялаў на англійскай мове для выкладання дысцыплін па вочнай і дыстанцыйнай формах навучання, высокакваліфікаваныя педагагічныя і навуковыя кадры, — кажа старшыня рабочай групы, рэктар БДУІР Міхаіл Батура, — а таксама забяспечвае тэхналогіі навучальнага працэсу і інфармацыйныя тэхналогіі сусветнага ўзроўню, атэстацыю і выдачу дыпломаў». У сваю чаргу Бангладэш бярэ на сябе ўсе складанасці, звязаныя з фінансаваннем бу­даўніцтва і самім будаўніцтвам новай ВНУ. Тут з`явяцца таксама спартыўныя збудаванні і гасцініца для выкладчыкаў.

У амерыканскім штаце Ілінойс упершыню рэгіструецца навучальная ўстанова іншай краіны. І гэта будзе прадстаўніцтва БДУІР.
У амерыканскім штаце Ілінойс упершыню рэгіструецца навучальная ўстанова іншай краіны. І гэта будзе прадстаўніцтва БДУІР.

Словам, калі замежны студэнт не едзе да нас, айчынныя ВНУ могуць і павінны пашыраць сваю прысутнасць за мяжой. І тое, што геаграфія можа быць самай шырокай, даказвае яшчэ адзін праект Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. На гэты раз паўнавартаснае прад­стаўніцтва гэтай ВНУ па­вінна адкрыцца ў найбліжэйшай будучыні ў амерыканскім штаце Ілінойс. Дарэчы, там гэта першы выпадак рэгістрацыі навучальнай установы іншай краіны. «Пачалася ўжо падрыхтоўка дакументаў, узгоднены часовыя рамкі, — зазначае Міхаіл Батура. — Мы ў гэтым філіяле будзем рэалізоўваць вучэбную праграму па падрыхтоўцы магістраў». Больш за тое, плануецца, што выпускнікі атрымаюць дыпломы амерыканскага ўзору.

Безумоўна, гэта гонар, прэстыж і фінансавыя выгоды. Але, кажуць эксперты, замежныя студэнты маглі б таксама кампенсаваць страты айчынных ВНУ ад дэмаграфічнага крызісу. Бо не сакрэт, што колькасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школ з года ў год скарачаецца. Так, у гэтым годзе іх скончылі каля 55 тысяч чалавек, што менш, чым у мінулым, на 7 працэнтаў. У 2015-м гэтая  тэндэнцыя, кажуць эксперты, захаваецца.

Вера АРТЭАГА 

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter