Першы ўрок для полацкіх школьнікаў правядуць беларускія пісьменнікі

У Полацку ў Дзень ведаў 1 верасня, якраз напярэдадні свята беларускага пісьменства, пройдзе ўрачыстая лінейка “Мы ганаровае імя Скарыны нясем”.


Перад полацкімі школьнікамі выступяць фіналісты рэспубліканскага творчага конкурсу “Жывая класіка", а таксама вядомыя беларускія пісьменнікі. Міхаіл Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Алена Стэльмах не толькі выкажуць добрыя пажаданні на новы навучальны год, але і правядуць урокі ў некаторых класах Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. 



Да прыкладу, Алена Стэльмах замест традыцыйнага падручніка захопіць з сабой займальную кніжку "У гасцях у Францыска Скарыны". Дзякуючы гэтаму выданню творчай групы Ева НЭММ, якой кіруе Алена Анатольеўна, падарожжа ў часы беларускага першадрукара здзейснілі дзеці не толькі нашай краіны. Серыя "Кніга чараўніцтва" прыйшлася даспадобы юным чытачам Дагестана, Калмыкіі, Кабардзіна-Балкарыі, Малдовы. А ўсё таму, што дзеці жыва адгукаюцца на тое, пра што распавядаюць таксама дзеці -дочкі і ўнучкі Алены Стэльмах. Дарэчы, назва праекта Ева НЭММ - гэта абрэвіятура імён аўтарак Алены, Вікторыі, Надзеі, Эміліі, Марыі, Маргарыты Стэльмах-Навумавых. Дзякуючы гэтаму выданню полацкія школьнікі здзейсняць падарожжа ў мінулае і пазнаёмяцца з друкарняй Скарыны 500-гадовай даўніны. Алена Стэльмах абяцае школьнікам цікавыя гульні і віктарыны, а значыць, іх першы ўрок пройдзе цікава і неардынарна. 

                                                                                                                                                                             Фота: аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter