Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Праграміст з Гомеля Генадзь Караткевіч, які цяпер вучыцца ў Санкт-Пецярбурзе, у чарговы раз перамог у прэстыжным конкурсе

Першы радок у рэйтынгу

Беларуская школа праграмавання добра вядомая ў свеце, і адзін з яе маладых ды таленавітых прадстаўнікоў — Генадзь Караткевіч. Ён не раз перамагаў на міжнародных школьных алімпіядах па інфарматыцы, быў лепшым на турнірах па праграмаванні ад вядомых ІТ-кампаній. Вось і гэтым летам у чацвёрты раз стаў пераможцам чэмпіянату па спартыўным праграмаванні Яндекс.Алгоритм. Пра тое кампанія паведаміла на сваім сайце. Генадзь ужо займаў першыя месцы ў прэстыжным конкурсе ў 2013, 2014 і 2015 гадах. За сёлетнюю перамогу праграміст атрымае прыз у 300 тысяч расійскіх рублёў (каля 5 тысяч долараў ЗША).

Нагадаем, што Генадзь Караткевіч родам з Гомеля, там закончыў школу. А настаўнікам яго ў праграмаванні быў Міхаіл Далінскі: ён выкладае на кафедры матэматычных праблем кіравання матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта, да таго ж у 27-й гомельскай школе рыхтуе школьнікаў да алімпіяд па праграмаванні ды інфарматыцы. Генадзь Караткевіч выбраў для далейшай вучобы Піцер, цяпер ён — на шостым курсе Універсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі ды оптыкі.

Таленавіты студэнт займае першы радок у рэйтынгу спартыўных праграмістаў CodeForces. Год таму Генадзь Караткевіч распавядаў, што не вызначыўся пакуль з будучым месцам працы. Прычым адзначыў, што па краінах асаблівых пераваг у яго няма, і ён гатовы, калі прапануюць цікавую працу, застацца ў Беларусі.

Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter