Першы паласаты рэйс

Праверана: на рынках ўсё яшчэ трапляецца шмат няспелых арбузаў

Спякота вярнулася ў краіну. Кавун у топе спісу прадуктаў для здаволення смагі — цукровая ягада на 90 працэнтаў складаецца з вады. Сёння прылаўкі рынкаў і гандлёвых палатак ужо літаральна ломяцца ад разнастайнасці бахчавых культур. Карэспандэнт «Р», як і многія, спакусілася і купіла раннія прывазныя кавуны. І даведалася, дзе і як можна паласавацца нашымі — сакавітымі і духмянымі пладамі.


Салодкі, як персік

У разгар дня на Камароўскім рынку не праціснуцца. На сталах горы садавіны і ягад, а вакол — галавакружны водар. І як тут з пустымі рукамі пайсці?! Людзі з пакетамі і вёдрамі атакуюць прылаўкі — адны прыцэньваюцца, іншыя бяруць без разбору.

— Салодкі, як цукерка! — звонка падзывае прадавец паласатых ягад. Тут жа гатовы запакаваць «самы лепшы кавун» — такі, маўляў, толькі ў яго і толькі цяпер.

Я цягну рызіну і сыплю пытаннямі. Той не суцішаецца і працягвае рэкламаваць тавар:

— Кубанскі, цукровы. Такі спелы, што ў роце адразу ж растане!


Абяцаю падумаць і падыходжу да іншай «зялёнай» кропкі. Яе гаспадыня больш сціплая, або проста без настрою. Цікаўлюся, адкуль ласунак. У адказ тая неахвотна бурчыць:

— На таблічцы чытайце: Расія.

— А больш канкрэтна можна? Краіна немаленькая. Можа, Краснадарскі край?

— Так, напэўна. Дакладна не ведаю, — сказала як адрэзала. На просьбу ўзважыць палову адмовіла. Толькі ў тым выпадку, калі сама знайду чалавека, які тут жа купіць другую частку.

У другім месцы мне таксама прапанавалі кавун з краіны-суседкі.

— Бярыце! Салодкі, як персік, — круціць у руках, па словах гандляркі, расійскую ягаду.

Прашу прад’явіць дакументы. Прадавец не марудзіць — адразу дастае стос папер. Чытаю: Іспанія. Як так?

— Ой, сапраўды. Добра, што сказалі. Трэба таблічку памяняць.

Дзеля эксперымента прашу дакументы ў прадаўцоў ад суседніх прылаўкаў: многія, відаць, гэтаму не рады. Да апошняга ўпарта робяць выгляд, што не чуюць, чаго ад іх хочуць. Але я настойлівая — даведкі аб якасці кавуноў даюць. Чаго, пытаюся, было цягнуць ката за хвост?


Правілы ўдалай пакупкі

У пачатку сезона кошт кавуноў вар’іруецца ад 80 капеек да 1 рубля за кілаграм. Чым далей па радах, тым вышэй цэннік. Напрыклад, 1,50 рубля за кіло. Тлумачэнне простае:

— Тут самыя смачныя плады, — расплываецца ва ўсмешцы чарговы прадавец.

Абыходжу адразу дзесяць кропак: усюды, па словах іх уладальнікаў, кавуны спелыя. «Недаробленых» няма! Узброіўшыся папулярнымі правіламі ўдалай пакупкі з інтэрнэту, даследую практычна кожны плод. Так, лупіна павінна быць без пашкоджанняў. Аднак на некаторых кавунах знайшлося нямала ўвагнутасцей і трэшчынак. Па-другое, хвосцік не ўсюды сухі: першая прыкмета няспелай ягады. Ды і пляма на баку павінна быць не белага, а жоўтага колеру — і тут не ўсюды ідэальныя ўзоры.

Але прадаўцы не стамляюцца настойваць: абсалютна ўсе кавуны сакавітыя і спелыя! Паверыла і ўзважваю сімпатычны паласаты «шар» з Казахстана — мой выбар пацягнуў на 6 кілаграмаў.

— Сумняваецеся? Давайце пастукаем па ім далонямі: вось, глухі гук — прыслухоўваюся, але дарэмна. Ды трук вельмі эфектны: пераканалі — бяру!


Усё па тэхналогіі

На зваротнай дарозе праводжу апытанне. Усе гандляры сыходзяцца ў меркаванні: у пачатку жніўня «ўцюхаць» тавар досыць складана. Людзі з асцярогай ставяцца да ранніх кавуноў: ля аднаго прадаўца за дзень адкрываюць кашалёк толькі 10—15 кліентаў — наплыў будзе бліжэй да восені.

Доктар сельскагаспадарчых навук Мечыслаў Сцяпура гэтаму не здзіўляецца:

— На днях абышоў некалькі папулярных рынкаў. 95 працэнтаў кавуноў з тых, што я агледзеў, яшчэ недаспелыя. 

Каб прывезці паўднёвыя кавуны, трэба пераадолець тысячы кіламетраў, таму іх зразаюць зялёнымі і адпраўляюць да нас даспяваць. Дрэнна, бо кавун жывіцца і набірае карысныя элементы, калі знаходзіцца непасрэдна на расліне. Па-добраму, раіць спецыяліст, затаварвацца лепш толькі бліжэй да верасня.

— Сам я, вядома, ласуюся выключна беларускімі кавунамі, — навуковец упэўнены, што гэтая вялікая ягада зусім хутка перастане быць экзотыкай для нашай краіны.

І ён выдатна ведае, пра што кажа: менавіта Мечыслаў Францавіч займаўся падборам гатункаў і распрацоўваў тэхналогію вырошчвання новай для нас культуры. Мечыслаў Сцяпура прысвяціў вывучэнню гэтай ягады шмат часу і з нязменным поспехам ад А да Я ажыццяўляе навуковае суправаджэнне кавуновых градак у рэзідэнцыі Прэзідэнта. Па смакавых якасцях кавуны нават пераўзышлі знакамітыя астраханскія. Бахчавыя вырошчваюць без прымянення ўсялякай «хіміі». Можна есці і не баяцца атруціцца і зарабіць алергію.


Як абаранак з’есці

У мінулым годзе вучоны сам вырасціў 18-кілаграмовы кавун. Сёння, прызнаецца, яго «кабінет на полі» заўсёды адкрыты для нашых дачнікаў і фермераў — ён з радасцю падзеліцца тонкасцямі майстэрства:

— Вырошчваць кавуны не складаней, чым агуркі: да першых трэба зрабіць прыкладна два падыходы, а да другіх за ўраджаем «пакланіцца» разоў 20. Мы штогод можам збіраць добры ўраджай, наш клімат гэта цалкам дазваляе. І не трэба злавацца на надвор’е, як часта скардзяцца многія фермеры і дачнікі. Як і за любой культурай, тут трэба глядзець ды глядзець — пастаянная праца і належны клопат. Нельга пасадзіць семечка і забыцца пра яго да збору ўраджаю. З гэтага нічога не выйдзе.

Нашы спецыялісты ўжо дзясятак гадоў карпеюць над кавунамі: распрацавалі цэлы звод нарматываў па вырошчванні, сістэму сілкавання. Яны прагназуюць: салодкая ягада хутка зойме пачэснае месца на прысядзібных участках і ў сельгаспрадпрыемствах краіны. Так, гэтым ужо ўсур’ёз заняліся на поўдні. Стаўку на кавуны зрабілі на Брэстчыне, а таксама ў Рэчыцкім, Петрыкаўскім, Буда-Кашалёўскім раёнах Гомельшчыны. У мінулым годзе сабралі каля 1 тысячы тон кавуноў. Нават па самых сціплых падліках вопытных фермераў, рэнтабельнасць іх вырошчвання можа дасягаць 150—180 працэнтаў. Глядзіш, праз некалькі гадоў нашы вадзяністыя ягады будуць праганяць смагу ў кожнай сям’і.

ypopko@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Артур ПРУПАС
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?