Першая сцежка паэта

Хутка беларусы будуць святкаваць 125-годдзе народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Цікава, як выглядаюць мясціны, дзе ён нарадзіўся, зараз, ці рыхтуюцца там да юбілею? Наша сям'я у мінулым годзе летам наведала Міхайлаўскае — сядзібу Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, а сёлета плануем праехаць па Купалаўскіх мясцінах. Раскажыце, калі ласка, на старонках газеты, што цікавага мы зможам убачыць. Любоў Зязюлька, настаўніца з Віцебшчыны

Вязынка... Ёсць у гэтым слове нешта пяшчотнае і запаветна беларускае, роднае. Выцінанка, вышыванка, Вязынка... Сувязь з родным краем і сваякамі, вязь імкліва-лёгкай веснавой лістоты над блакітам возера. У студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ ёсць традыцыя — наведваць наваколле месца нараджэння народнага паэта Беларусі і наладжваць "маёўкі". 3 тлумнага і спякотнага Мінска я, нібы студэнтка філфака, бегла, каб паспець. Паспець на першае спатканне з Вязынкай — малой радзімай Янкі Купалы.
Раней нават не было такой станцыі на чыгунцы — новы прыпынак на мяжы Мінскага і Маладзечанскага раёнаў быў створаны дзякуючы намаганням Уладзіславы Францаўны Луцэвіч ужо пасля смерці паэта. Прыгожая, добраўпарадкаваная дарожка збягае з пагорка да сядзібы, якую калісьці арандавалі бацькі Янкі амаль адразу пасля шлюбу. Зараз тут знаходзіцца філіял літаратурнага музея Янкі Купалы, мемарыяльны запаведнік "Вязынка". Як вядома, бацька паэта Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч родам з Уздзеншчыны, маці Бянігна Іванаўна (дзявочае прозвішча— Валасевіч) нарадзілася ў фальварку Няшота Мінскага пав. (цяпер в.Ручын Стаўбцоўскага раёна), паходзіла з сям`і дробнага шляхціца. Як расказала навуковы супрацоўнік запаведніка Лілія Норка, бацькі Бянігны Іванаўны не ўпадабалі выбар дачкі, і ў пошуках працы маладая пара Луцэвічаў паехала з родных мясцін на Маладзечаншчыну. Магчыма, на іх выбар паўздзейнічаў старэйшы брат Дамініка, які пасяліўся ў гэтых мясцінах раней, а можа, проста тут была свабодная зямля, і Луцэвічы не прамінулі ўладкавацца на прыгожай сядзібе.
Прыветнымі вокнамі на мяне глядзіць хата, у якой нарадзіўся маленькі Янка, старэйшы сын і галоўная апора бацькоў. Хата цудам уцалела пасля трох войнаў, калі ўлічваць грамадзянскую, і толькі ў 1972 годзе, калі ёй ужо было за 150 гадоў, струхлелыя бярвёны замянілі новымі. Маёнтак у свой час пабываў у складзе Літвы, а таксама знаходзіўся практычна на мяжы Заходняй Беларусі і БССР. У былой хатцы дваровых (яна таксама стаіць і зараз) нават жылі памежнікі. Ці не паўздзейнічала неяк падспудна гэтае жыццё на мяжы на Купалу, калі шмат пазней ён ствараў вобраз краю ў "Тутэйшых"?.. Але ж вернемся на некалькі дзесяцігоддзяў раней, зазірнём у хату Луцэвічаў XIX стагоддзя.
Яна немалая — тры вялікія пакоі і своеасаблівыя сенцы з любоўю прыбраны, аздоблены музейнымі работнікамі, ёсць тут і сапраўды унікальныя экспанаты. Венскае крэсла, люстэрка з пяцямнелым ад часу шклом, ікона Маці Боскай Вострабрамскай, старая стрэльба і рогі лася, посуд — вось тыя рэліквіі, якія калісьці прынеслі з сабой у гэты дом бацькі паэта.
— Бывае, дзеці падчас экскурсіі пытаюцца: а дзе ж лапці? — з усмешкай распавядае Лілія Норка. — Мы тлумачым, што Луцэвічы — тыповая земляробчая пшяхта, блізкая па эканамічнаму становішчу і спосабу жыцця да сялян, але са сваімі адметнымі саслоўнымі рысамі. Продкі Янкі Купалы належалі да беларускага шляхецкага, а потым (з 1869-га) мяшчанскага роду (паводле тагачаснай саслоўнай тэрміналогіі), а роданачальнікам яго лічыўся Станіслаў Луцэвіч (XVII ст.). I хадзілі Луцэвічы не ў лапцях, а ў ботах. Палову ўраждаю аддавалі пану за арэнду, але маглі і самі наймаць работнікаў.
Акрамя вышэй згаданых экспанатаў у "Вязынцы" сабрана выдатная этнаграфічная калекцыя, якая вельмі пераканаўча ўзнаўляе выгляд хаты шляхціца канца XIX стагоддзя. Цёплы майскі ветрык калыша кветкі на стале, крыху вагаецца і калыска, падобная да той, у якой маці калыхала малога Янку. I нават сімвалічна, што калыска — не тая самая, бо ўзгадавала талент вялікага мастака слова не толькі малая, але і вялікая Радзіма. У суседніх пакоях хаты-музея — копіі архіўных і аўтабіяграфічных дакументаў, фотаздымкаў, графічных работ мастакоў Э.Агуновіча, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Янкі Купалы. У сенцах захоўваюцца прылады працы і рэчы хатняга ўжытку, якімі ці падобнымі карысталася сям`я Луцэвічаў. Адначасова са мной у мемарыяльны запаведнік завітала група настаўнікаў з Клецкага раёна. Дзівіліся незвычайнай драўлянай мэбляй і габеленамі, размешчанымі ў былым свірне.
Гэтая экспазіцыя працуе толькі ў цёплы перыяд. Лілія Уладзіміраўна паказала своеасаблівае "кола" з рушнікоў і саламяных фігурак, якія сімвалізуюць карагод народных святаў, апетых у творах Купалы. I калі мяліцу, трапло і кросны я бачыла ў этнаграфічных музеях не аднойчы, то швейная машынка "Зінгер", на шэсць гадоў старэйшая за Купалу, не можа не ўразіць.
Мы гуляем па вялікай і прыгожай, чыста прыбранай тэрыторыі мемарыяльнага запаведніка, які займае 21 гектар. Рыхтаваць малую радзіму Купалы да юбілею дапамагаюць усе. Райвыканкам дапамог аднавіць плітку, салдаты мясцовых ваенных часцей даводзілі да ладу дарожкі, чысцілі возера. Адрамантавалі таксама помпу, якая "ажыўляе" прыгожую крынічку. Дзякуючы кіраўніцтву Радашковіцкай ЖКГ будзе адноўлены і мост праз рачулку.
"Спяваюць" жабы ў маляўнічай запрудзе. На шматлікіх валунах высечаны радкі твораў Купалы, шумяць старыя ліпы, што памятаюць немаўлём Яся Луцэвіча. Нездарма мастакі спецыяльна прыязджаюць у Вязынку, мясціны тут сапраўды незвычайнай прыгажосці. I супрацоўнікі музея клапатліва апякуюцца над запаведнай зямлёй, не дазваляюць наведвальнікам або дачнікам кінуць тут ні паперку, ні бутэльку — тэрыторыя вельмі чыстая і дагледжаная. Праўда, за чыгункай у аддаленні ад запаведніка ёсць несанкцыяніраваны сметнік, але гэта ўжо на сумленні дачнікаў.
...Перад тым як пакінуць мемарыяльны запаведнік, я спынілася на хвілінку каля помніка Янку Купалу, за якім шапталіся веснавыя бярозкі. Яны расказвалі пра малога хлопчыка, якога ўладарная, валявая маці магла і добра паўшчуваць за непаслухмянства. А малы любіў бегаць па вёсцы і выпрошваць у старых людзей цікавыя казкі і гісторыі. Даверліва паведамілі мне бярозкі, як першы верш Янка прысвяціў сястры Леакадзіі, дзе з гумарам апісаў яе падрыхтоўку да імянін. Узлаваная сястрычка парвала паперку с першым творам будучага народнага паэта Беларусі. I хоць у Вязынцы Купала правёў толькі першы гадок свайго жыцця, сапраўдная прыгажосць мясцовай прыроды сугучная яго будучым юнацкім марам і натхненню. Гэтае паэтычнае паветра прыцягвае многіх завітаць у Вязынку і сёння.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter