Скрипач Лев Горелик сорок лет посвятил работе в Большом театре

Першая скрыпка

Сёлета адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, вядомага скрыпача і музычнага педагога Льва Гарэліка. Ён нарадзіўся ў сям’і Давіда і Марыі Гарэлікаў з Бабруйска. Бацька працаваў фурманам, маці займалася хатняй гаспадаркай і выхоўвала дзяцей — іх у сям’і было сямёра. Відаць, што Гарэлікі не шыкавалі. Аднак, заўважыўшы ў сыне неверагодныя музычныя здольнасці, зрабілі ўсё магчымае, каб іх раскрыць.

фота: bolshoibelarus.by
Спачатку адправілі Льва займацца ў музычную школу, пазней паказалі хлопчыка загадчыку кафедры скрыпкі Маскоўскай кансерваторыі прафесару Ямпольскаму. Леў скончыў Цэнтральную музычную школу пры гэтай кансерваторыі, затым — Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. І з 1956 года да апошніх дзён быў “першай скрыпкай” аркестра Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР.

Заслужаная артыстка Беларусі, канцэртмайстар сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра оперы і балета Рэгіна Саркісава ўспамінае, што Леў Гарэлік валодаў неверагодным талентам і сапраўдным майстэрствам. І ад яго можна было атрымаць сапраўдную школу адносін да музыкі, працы і выступленняў: “Мы, музыканты аркестра, прыслухоўваліся да яго пакорліва. І не толькі мы. Такім жа аўтарытэтам ён быў і для дырыжораў, і для любога музыканта ў Беларусі. Гэтага ён дамогся сваім дасканалым прафесіяналізмам — ідэальнае валоданне інструментам, выдатная чытка з ліста, кругагляд і неверагодная патрабавальнасць перш за ўсё да самога сябе”.

Гарэлік аб’ездзіў з канцэртамі мноства краін. Цікава, што, выступаючы для замежных слухачоў, ён абавязкова выконваў беларускае сачыненне і твор аўтара прымаючай краіны. Так склаўся яго велізарны рэпертуар. Ён выконваў творы Анатоля Багатырова, Рыгора Пукста, Пятра Падкавырава, Генрыха Вагнера, Эдзі Тырманд, Яўгена Глебава, Дзмітрыя Смольскага, Рыгора Суруса, Андрэя Мдзівані, Галіны Гарэлавай і многіх іншых.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter