Першая Прачыстая

Сёння адзначаецца вялікае царкоўнае і народнае свята
 Духоўнае

УСПЛЕННЕ БАГАРОДЗІЦЫ — адзін з дзён ушанавання Боскай Маці. Пасля Ушэсця Ісуса Хрыста Дзева Марыя жыла на зямлі яшчэ некаторы час (па сведчаннях адных гісторыкаў — 10 гадоў, па іншых сведчаннях — 22 гады). Пра яе жыццё і абставіны смерці вядома мала. Апостал Іаан, па запавету Ісуса Хрыста, клапаціўся аб ёй як сын. Падчас свайго жыхарства ў Іерусаліме яна любіла наведваць тыя мясціны, дзе бываў Збавіцель, малілася там, каб ён хутчэй забраў яе да сябе. Потым яна жыла ў Эфесе. Там Марыя прапаведвала вучэнне свайго сына. У сталым узросце яна наведала Кіпр, дзе епіскапам быў уваскрэшаны Ісусам Лазар. Апошнія гады свайго жыцця Марыя правяла ў Іерусаліме і часта размаўляла з апосталам Лукой, які шмат з яе слоў узяў у сваё Евангелле. Аднойчы, за тры дні да смерці, яна малілася на Елеонскай гары, дзе ёй з’явіўся архангел Гаўрыіл з райскай фінікавай галінкай у руках і паведаў аб тым, што праз тры дні сын возьме яе да сябе. Прасвятая Багародзіца ўзрадвалася гэтай навіне, расказала аб ёй Іаану і пачала рыхтавацца да смерці. Каля яе ложка ў час Успення сабраліся ўсе апосталы, акрамя Фамы. І раптам “незвычайнае святло асвяціла пакой”, дзе яна знаходзілася. “Сам Гасподзь Ісус Хрыстос з’явіўся і прыняў яе прачыстую душу, а цела яе апосталы пахавалі ў Гефсіманскім садзе, у пячоры, дзе знаходзіліся целы яе бацькоў і праведнага Іосіфа”. У час пахавання адбылося шмат цудаў. Ад дотыку да яе труны шмат людзей атрымалі пазбаўленне ад сваіх хвароб. Але на трэці дзень пячора, дзе пахавалі Багародзіцу, была знойдзена пустой. Сын узяў яе да сябе, на Неба.

 З народнага

Першая Прачыстая — вялікае летне-восеньскае свята. Боская Маці заўсёды лічылася ахоўніцай простага люду. У душах вернікаў гэты дзень быў напоўнены і смуткам, і радасцю. Смуткавалі з нагоды смерці сваёй ахоўніцы, радаваліся, што не засталася яна ў труне, а ўваскрэсла, узышла на нябёсы, і адтуль ужо не дзевай Марыяй, а Царыцай Нябеснай ахоўвае ўсіх, хто ўшаноўвае яе. У гэты дзень заканчваўся Успенскі двухтыднёвы пост.
l Назву гэтага дня звязвалі з іменем Боскай Маці, якую звалі Гаспажой, і адначасова, з часам сельскагаспадарчых работ, дажынкамі. Гаспажынкі, Гаспожын дзень — адно з галоўных сельскагаспадарчых святаў.
l “Перша Прачыста — стала ў полі чыста”: у гэтыя дні заканчвалася і жніво. Па старажытнай традыцыі сяляне пакідалі ў час жніва на ніве адну некранутую паласу — “бараду”, з якой можна было сабраць цэлы сноп. Гэты сноп дажыналі якраз на Прачыстую. Пакідаючы некалькі каласоў, жнейкі спадзяваліся вярнуць зямлі сілу, страчаную на вырошчванне ўраджаю.
l “Дажыначны” сноп быў членам і лёсам той сям’і, у чыю хату яго неслі. Яго ставілі ў чырвоным куце, захоўвалі ўсю зіму. Зерне з гэтага снапа выкарыстоўвалі ў сямейных абрадах — на пахаванні, вяселлі, радзінах і г.д., выкарыстоўвалі ў лекавай практыцы, частавалі хатнюю жывёлу, каб яна была здаровай і пладавітай.
l  Як толькі з поля збіралі апошні сноп, на пустыя палеткі наладжваўся хрэсны ход. Гэта была падзяка Богу за атрыманы і будучы ўраджай. 
l У гэты дзень у цэрквах абавязкова асвячалі зерне ці каласы новага ўраджаю, садавіну, агародніну, лекавыя расліны. Таму на Беларусі гэты дзень атрымаў яшчэ адну назву — “Зельная” ці “Зялёнае свята”. Сярод усходніх славян даволі распаўсюджаным быў абрад, які выконваўся ў гэты дзень: кожны гаспадар прыносіў у царкву свежаспечаны хлеб — каравай. Да яго вяртання дадому ніхто з сям’і не павінен быў нічога есці. Разгавецца можна было толькі гэтым асвечаным хлебам. Рэшты каравая загортвалі ў рушнік і клалі ў чырвоны кут.
l У гэты ж дзень у кожнай вёсцы наладжвалі так званы “мірскі пір” — агульны стол, на які падавалі толькі што спечаныя караваі з мукі новага ўраджаю. Для гэтага ж стала варылі ў агульнай піваварні “брацкае піва”. Каля апошняга снапа, які займаў на стале пачэснае месца, да ночы гуло вяселле.
l “Да Прачыстай пахаць — ячшэ капну нажаць”, “Азімыя сей тры дні і тры дні пасля Прачыстай”, “Да Пятра ўзараць, да Іллі — паскародзіць, да Спаса — пасеяць”, “Пасля Аспажы тыдзень і адзін дзень — сей жыта хоць кожны дзень” — вось асноўныя правілы аграноміі гэтага часу, якіх прытрымліваліся нашы продкі.
l Быў занятак і на пчальніку: “Прачыста жыта сеіць, пчолак ладзіць, кадкі мёдам наліваець” — гэты дзень лічылі спрыяльным для адкачвання мёду з вулляў.
l Дзяўчатам давалі такую параду: “На Прычыстую не нагледзеш — зіму дзеўкай і праседзеш”. З 28 жніўня паўсюдна пачыналіся карагоды і вясельныя абрады: агледзіны, сватаўство, заручыны, запоіны.
l На Беларусі ў больш познія часы ў гэты дзень наладжвалі свята свечкі: увечары запаленую свечку пераносілі з хаты ў хату, такім чынам запальваючы ў кожнай з іх новы “свяшчэнны” агонь. Таго, хто насіў свячу, абавязкова частавалі і давалі падарункі.
З ціхім смуткам заканчвалася свята Першай Прачыстай, каб саступіць месца дню заўтрашняму, калі адзначаецца светлае і вялікае свята ў гонар Ісуса Хрыста — трэці Спас.
Першай Прачыстай называюць у народзе дзень Усплення Багародзіцы, Другой Прачыстай дзень Яе нараджэння — Раство Багародзіцы (21 верасня), Трэцяй Прачыстай — Пакроў Прасвятой Багародзіцы (14 кастрычніка).

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter