Першацветы не ў букетах

— У лесе з’явіліся падснежнікі. Падкажыце, ці можна іх збіраць?

— У лесе з’явіліся падснежнікі. Падкажыце, ці можна іх збіраць? — пытае мінчанка Маргарыта Васільева.

За адказам мы звярнуліся ў Эксперыментальны інстытут батанікі НАН.

— Падснежнікамі ў нас памылкова называюць усе першацветы. Сапраўдныя падснежнікі — снежныя — у Беларусі растуць усяго ў адным раёне Брэстчыны, і рваць іх забараняецца, — тлумачыць навуковы супрацоўнік Уладзімір Лябедзька. — Што ж датычыцца першацветаў, то многія з іх таксама занесены ў Чырвоную кнігу. Нельга, напрыклад, збіраць сон-траву, воўчую ягаду, падбел.

Дарэчы, букетамі з двух іншых відаў: ветраніцы дуброўнай — з белымі кветкамі і люцікавіднай — з жоўтымі — радаваць сябе можна. Як і медуніцай, і падбелам.

— У пераходах бабулі часцей за ўсё стаяць з пралескамі высакароднымі — гэта кветкі бэзавага колеру. У асноўны спіс Чырвонай кнігі яны не ўнесены, але я б не рэкамендаваў іх браць, усё ж такі дзікарослымі кветкамі лепш проста любавацца, — працягвае спецыяліст. — На рынку можна сустрэць і чарамшу — знешне яна падобна да ландыша. I хоць у народзе і кажуць, што яе хоць касой касі, аднак кветка гэта чырванакніжная.

Колькасць тых, хто ў гэтым годзе ўжо пакараны за незаконны збор першацветаў, у Мінпрыроды пакуль не называюць, але папярэджваюць: жаданне парадаваць сябе кветкамі з Чырвонай кнігі можа абысціся штрафам у 10—50 базавых велічынь (1,5 мільёна — 7,5 мільёна рублёў). 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter