
Па водгуках школьнiкаў, харчаванне ў новым навучальным годзе палепшылася.
Зараз у Мінску працуе дзевяць раённых камбінатаў школьнага харчавання — яны абслугоўваюць 190 тысяч вучняў у 251 аб’екце пры ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Але, распавёў нам Андрэй Улезла, начальнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, з пачатку лістапада структуру мадэрнізуюць:
— Мы ініцыявалі стварэнне адзінага камбіната, каб удасканаліць сістэму харчавання школьнікаў. Ужо адпрацавалі структуру — замест ранейшых камбінатаў у кожным раёне з’явіцца вытворчы ўчастак без юрыдычнага права. Працу ўсіх гэтых участкаў будзе каардынаваць адзіны камбінат на чале з дырэктарам, намеснікамі, тэхнолагамі і іншымі спецыялістамі. У аб’ектах грамадскага харчавання пры школах і гімназіях нічога не зменіцца. Што нам дасць адкрыццё такога камбіната? Цяпер мы зможам стварыць адзіны рэестр пастаўшчыкоў і ўзмацніць кантроль за якасцю і бяспекай прадуктаў, а таксама ўдасканаліць лагістыку дастаўкі тавараў. Як вынік — пачнём закупляць прадукцыю па адзіных, больш нізкіх цэнах. Раней кожны раённы камбінат самастойна працаваў з пастаўшчыкамі і заказваў толькі той аб’ём тавараў, у якім мелі патрэбу школы і гімназіі гэтага раёна. З-за таго, што на розных тэрыторыях больш або менш устаноў адукацыі, а таму большы або меншы аб’ём заказаў, адрознівалася і цана. Але мадэрнізацыя структуры дасць магчымасць сфарміраваць аднолькавыя цэны для ўсіх школ і гімназій. Ну і, што немалаважна, мы аптымізуем адміністрацыйна-кіраўнічы персанал.
Дарэчы, у жніўні МАРГ зацвердзіў новую інструкцыю з адзіным падыходам да фарміравання цэн ва ўсіх установах адукацыі. Механізм просты: да адпускных цэн вытворцаў тавараў дадаецца 20 працэнтаў гандлёвай надбаўкі і 40 працэнтаў нацэнкі грамадскага харчавання. Зараз цэны на стравы ў сталовых школ і гімназій Мінска адрозніваюцца нязначна — у сярэднім комплекс каштуе 2.30—2.50 рублёў.

У ежы паменшылі колькасць цукру і солі.
— Харчуюцца школьнікі як за кошт бюджэтных сродкаў, так і за кошт бацькоў. Да новага навучальнага года мы распрацавалі адзінае двухтыднёвае меню на восеньскі перыяд. Яно дыферэнцыравана па ўзросце навучэнцаў: 6—10 гадоў, 11—13 гадоў і 14—17 гадоў. Меню грунтуецца на санітарных правілах — у іх прапісаны нормы спажывання харчовых рэчываў і энергіі для дзяцей. У восеньскім двухтыднёвым рацыёне ўлічылі сезоннасць, таму зараз дзеці атрымліваюць больш свежай гародніны і садавіны, малочных, кісламалочных прадуктаў і рыбы. А таксама прыслухаліся да рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і паменшылі колькасць цукру і солі ў ежы.
Читайте также
— Мы выкарыстоўваем толькі тыя прадукты, якія дазволены дзецям. Стравы заўсёды розныя, на працягу двух дзён нічога не паўтараецца. За гэты навучальны год яшчэ распрацуем прыкладныя двухтыднёвыя меню на зімовы і вясновы перыяды.
Андрэй Улезла адзначае, што па водгуках навучэнцаў харчаванне ў новым навучальным годзе палепшылася.
У верасні адзінае двухтыднёвае меню праходзіла апрабацыю — у бліжэйшы час яго будуць карэкцiраваць. Кожны раённы камбінат унясе свае прапановы — на месцах добра ведаюць аб перавагах сваіх вучняў. У выніку з меню выключаць стравы, якія дзеці не з’ядаюць.
У ТЭМУ
Навукова-практычны цэнтр НАН па харчаванні прапануе навучыць школьнікаў прынцыпам правільнага харчавання ў фармаце адукацыйных курсаў і факультатыўных заняткаў. Алена Маргунова, намеснік генеральнага дырэктара НПЦ, лічыць, што маладое пакаленне павінна ведаць усё пра тое, што шкодна і карысна:
— Такія семінары і майстар-класы, дзе дзецям прапануюць прыгатаваць здаровы сняданак ці абед, распавядаюць, што такое вітаміны і чаму трэба спажываць гародніну, праводзяць у розных краінах. Мы спрабуем выходзіць у школы і гімназіі з прапановамі аб іх правядзенні. Але пакуль працэс ідзе цяжка, спадзяёмся на падтрымку Міністэрства адукацыі і Урада. Таксама важна і жаданне бацькоў навучыць дзяцей правільна харчавацца.
glushko@sb.by