У Мінску пабываў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі

Перазагрузка адносінаў? Чаму б і не!

У Мінску пабываў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Гэта быў першы за апошнія восем гадоў прыезд кіраўніка польскага МЗС.

Беларусь і Польшча могуць адыграць значную ролю ў Еўропе і паўплываць на многія працэсы. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы. “Жывём побач, гісторыя, здаецца, адна і тая ж, часта перажываем адны і тыя ж праблемы, у кагосьці іх больш, у кагосьці менш, а шлях міністра з Варшавы ў Мінск аказаўся такім доўгім”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў надзею, што пасля візіту міністра ў Беларусь краіны будуць больш інтэнсіўна развіваць двухбаковыя адносіны.

А ў Мінску бакам было пра што пагаварыць. “Не скажу, што ёсць праблемы, якія нам цяжка ацаніць. Нават не скажу, што гэтыя праблемы або пытанні цяжка вырашальныя. Пры наяўнасці волі з двух бакоў мы іх можам вырашыць, прытым любыя праблемы. Галоўнае — дамовіцца аб крытэрыях. І тут, я думаю, праблем не будзе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што беларускі бок будзе зыходзіць з тых крытэрыяў выбудоўвання адносінаў, на якіх грунтуецца польская знешняя палітыка. “Як вы абараняеце свой суверэнітэт і незалежнасць, так і мы будзем абараняць. Тут у нас абсалютна няма разыходжанняў. Нават часам падглядаем у вас, як гэта рабіць. Як вы ажыццяўляеце сацыяльна-эканамічную палітыку ўнутры краін, так і мы будзем рабіць. Пры гэтым будзем імкнуцца рабіць так, каб ніхто нас ніколі не папракнуў у малой дэмакратыі, у адсутнасці яе. Мы будзем так рабіць, каб яе было не менш, чым у Польшчы”, — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў польскаму боку за тое, што там бачаць Беларусь суверэннай і незалежнай.

“Калі партнёры, з якімі мы вядзём дыялог, будуць настойваць на тым, вы з Усходам або з Захадам — выбірайце, гэта значыць вы з Расіяй ці Еўрасаюзам, ставіць нас перад такім выбарам, нам такая пазіцыя не падыходзіць. Я абсалютна ўпэўнены, што і вам яна сёння не патрэбна. Думаю, што Польшча больш, чым хто-не­будзь, зацікаўлена, каб Беларусь была не толькі незалежнай дзяржавай, але і стабільнай. Думаю, вам нестабільная яшчэ адна дзяржава на захадзе пасля Украіны не патрэбна. Гэта не на ка­рысць будзе Польшчы”, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Пры гэтым ён заўважыў, што Польшча ніколі не ставіла так пытанне.

“А вось разам з вамі мы можам адыграць значную ролю, знаходзячыся ў эпіцэнтры еўрапейскага кантынента. І разам мы можам значна паўплываць на многія працэсы, якія тут адбываюцца. У нашых інтарэсах, у інтарэсах Польшчы і Беларусі, але ні ў якім разе не на шкоду нашым суседзям”, — падкрэсліў Прэзідэнт.

На сустрэчы з Прэзідэнтам з вуснаў Вітальда Вашчыкоўскага прагучала вельмі шматзначнае выказванне. Сутнасць яго ў тым, што новы польскі ўрад настроены і нават лічыць неабходным пачаць дыялог з нашай краінай без усялякіх папярэдніх умоў. Яшчэ некалькі гадоў назад падавалася неверагодным пачуць такое меркаванне ад еўрасаюзаўскага палітыка. Паварот, безумоўна, прыемны і ўсяляе аптымізм. Што датычыцца Беларусі, то краіна ў выніку сваёй шматвектарнай знешнепалітычнай стратэгіі заўсёды гатова развіваць канструктыўныя і ўзаемапаважлівыя адносіны з усімі дзяржавамі. Гэтыя прынцыпы застаюцца нязменнымі і для беларуска-польскага дыялогу. Аляксандр Лукашэнка абазначыў галоўнае: мы будзем зыходзіць з тых крытэрыяў выбудоўвання адносінаў, на якіх грунтуецца польская знешняя палітыка. Прасцей кажучы, браць за аснову перш за ўсё свае нацыянальныя інтарэсы і бяспеку дзяржавы.


Польшча застаецца для Беларусі адным з найважнейшых гандлёвых партнёраў на заходнім напрамку. Нават нягледзячы на некаторае зніжэнне тавараабароту летась, гэты паказчык выглядае значна — 1,8 мільярда долараў. Толькі за адзін год польскія кампаніі інвеставалі ў беларускую эканоміку амаль 200 мільёнаў долараў. У Беларусі дзейнічае больш за 350 прадпрыемстваў з польскім капіталам, а ў Польшчы — амаль два дзясяткі прадстаўніцтваў буйных беларускіх кампаній. Канкрэтныя прапановы па павелічэнні тавараабароту плануецца абмеркаваць улетку на пасяджэнні міжурадавай камісіі. Гэта асабліва актуальна ў плане транзітнай прывабнасці нашых дзяржаў, якія злучаюць рынкі краін ЕС і Еўразійскага эканамічнага саюза. Чаму б не выкарыстаць гэты фактар для пашырэння эканамічнага партнёрства, стварэння новых сумесных праектаў у сферы лагістыкі і сацыяльнай інфраструктуры?

Такі падыход актуальны яшчэ і таму, што ў Польшчы жыве шмат этнічных беларусаў, а палякі складаюць значную частку нашых грамадзян. Зрэшты, падзел на нацыянальнасці Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі ўмоўным:

— У нас няма беларусаў, палякаў, яўрэяў, рускіх, украінцаў. У нас ёсць грамадзяне Беларусі, якія карыстаюцца роўнымі правамі і заўсёды будуць мець аднолькавы статус. Кожны чалавек ідзе ў той храм, які лічыць патрэбным. Я вельмі роўна да ўсіх стаўлюся. Так будзе і надалей.

Васіль Харытонаў


Мандат даверу павінен быць пераканаўчым


Беларусь унесла прапановы па падборы Генеральнага сакратара ААН

Гаворка ідзе пра канкрэтныя прапановы  па забеспячэнні адкрытасці і эфектыўнасці падрыхтоўчага працэсу да падбору і назначэння Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Прапановы агучыў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас у дыскусіі, якая адбылася  ў Нью-Ёрку падчас тэматычнага пасяджэння рабочай групы па актывізацыі дзейнасці Генеральнай асамблеі ААН. Пасяджэнне было прысвечана выбарам новага Генеральнага сакратара арганізацыі.

Па пытанні аб колькасці кандыдатаў, якіх Савет Бяспекі ААН можа рэкамендаваць Генеральнай асамблеі, кіраўнік беларускай місіі  прапанаваў зняць абмежаванне сямідзесяці­гадовай даўнасці, якое прапануе Савету Бяспекі рэкамендаваць дзяржавам — членам ААН толькі аднаго кандыдата. Разам з тым Андрэй Дапкюнас у чарговы раз выказаўся на карысць прадастаўлення членам Савета Бяспекі  неабходнай свабоды дзеянняў у няпростым працэсе падбору кандыдата або кандыдатаў без непатрэбнага націску і рэгламентацыі. Пры гэтым была звернута ўвага на неабходнасць вырашэння двухадзінай задачы пры вызначэнні параметраў падбору новага кіраўніка Сакратарыята: забеспячэння незалежнасці Генеральнага сакратара ААН ад волі абмежаванай колькасці ўплывовых дзяржаў з адначасовым умацаваннем яго адказнасці перад усёй Генеральнай асамблеяй.

Уладзіслаў Верамееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter