У Брэсцкай абласной бальніцы адкрылася абноўленае аддзяленне трансплантацыі

Перасадка без перапынку

Наваселля ўрачы і медперсанал чакалі доўга — з мая 2011-га. Менавіта тады ва ўстанове з’явілася новае і шмат у чым перадавое аддзяленне. За сем гадоў тут зрабілі больш за 260 аперацый па перасадцы нырак, плюс па дзве перасадкі печані і сэрца. Сёння брэсцкія спецыялісты лічацца аднымі з лепшых у краіне.

Ва ўрачыстым адкрыцці аддзялення прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег ВЯЛІЧКА (другi справа), начальнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя Віктар МІХАЛОЎСКІ, галоўны ўрач абласной бальніцы Аляксандр КАРПІЦКІ і загадчык аддзялення Андрэй ШАСЦЮК.

Патрапіць у аддзяленне трансплантацыі і хірургіі без спецыяльнага чыпа немагчыма. Загадчык Андрэй Шасцюк, сустракаючы нас, тлумачыць прычыну:

— Пасля аперацыі ў нашых пацыентаў рэзка зніжаецца імунітэт, таму вельмі важна забяспечыць належныя ўмовы і догляд у пасляаперацыйны перыяд. Галоўнае, што цяпер пацыенты ізаляваны адзін ад аднаго. Гэта дазваляе звесці магчымасць перадачы інфекцыі да мінімуму. Так што наваселле — велізарная падзея для ўсіх нас. Што тычыцца абсталявання, то яно практычна не набывалася — мы і раней былі забяспечаны ўсім неабходным.


Загадчык успамінае, што на працягу сямі гадоў аддзяленне трансплантацыі размяшчалася ў кардыялогіі. Свайго памяшкання не было. Затое зараз створаны ўсе ўмовы як для хворых, так і для медперсаналу.

Аддзяленне разлічана на 15 ложкаў. У адной палаце будуць знаходзіцца максімум тры чалавекі. Ёсць двухпакаёвая палата павышанай камфортнасці. Яна за вылікам кухні нагадвае маласямейку: ложак, канапа, тэлевізар, шафа, санвузел.

Галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы Аляксандр Карпіцкі якасцю работ задаволены:

— Рамонт доўжыўся ўсяго чатыры месяцы. Рэканструкцыя аддзялення абышлася ў 236 тысяч рублёў. Палова сумы — пазабюджэтныя сродкі. Мы не прыцягвалі іншыя арганізацыі — усё зроблена сіламі нашай будаўнічай брыгады. Падлічылі, што гэта знізіла выніковы кошт у 3—4 разы. Паралельна ў інтэрнаце мы абсталявалі нумары для сваякоў пацыентаў. Максімальна набліжаем умовы знаходжання пацыентаў і суправаджаючых да еўрапейскіх стандартаў.

За сем гадоў у аддзяленні трансплантацыі зрабілі больш як 260 аперацый па перасадцы нырак.

Упершыню аперацыю па перасадцы ныркі ў Брэсцкай абласной бальніцы зрабілі ў маі 2011 года. За гэты час ліст чакання на трансплантацыю на Брэстчыне абнавіўся двойчы. Сярэдні тэрмін чакання донарскага органа знізіўся з 18 месяцаў да 7. У канцы снежня 2013 года ў Брэсцкай абласной бальніцы правялі першую аперацыю па перасадцы печані. 30 спецыялістаў рознага профілю, у тым ліку вядомыя дактары з Мінска, правялі ў аперацыйнай амаль 10 гадзін. Перасадку сэрца брастчане ўпершыню выканалі ў студзені 2015 года. Андрэй Шасцюк агучыў наступную мэту: стварэнне рэгіянальнага цэнтра транспланталогіі:

— У цэнтры мы плануем выкарыстоўваць усе існуючыя метады трансплантацыі. Мы да гэтага ідзём: пашыраем методыкі, вучымся. У нас вялікія планы. Думаю, у бліжэйшыя пяць гадоў мы іх ажыццявім. Трэба павялічыць колькасць аперацый па перасадцы печані, сэрца, ёсць магчымасці для правядзення першай трансплантацыі лёгкіх. Мы ніколі не стаялі на месцы. Далейшае развіццё аддзялення звязваем у тым ліку і з больш шырокім укараненнем рэканструкцыйных і пластычных аператыўных умяшанняў. Узровень іх развіцця ў нашым рэгіёне застаецца нізкім.

Па выніках мінулага года Брэсцкая абласная бальніца атрымала статус лепшай сярод рэгіянальных медыцынскіх устаноў. Галоўны ўрач Аляксандр Карпіцкі лічыць, што ў гэтым немалая заслуга аддзялення хірургіі і трансплантацыі:

— Сёння хірургі аддзялення займаюцца не толькі перасадкай органаў, але і найбольш тэхналагічнымі ўмяшаннямі на печані, жоўцевых шляхах, падстраўнікавай залозе. Большая частка аперацый выконваецца лапараскапічна з дапамогай невялікіх надрэзаў. Мы першымі сярод усіх рэгіёнаў зрабілі такім спосабам рэзекцыю падстраўнікавай залозы і першымі ў краіне выканалі лапараскапічную рэзекцыю печані.

Брастчане пераймаюць вопыт не толькі ў сваіх мінскіх калег, але і праходзяць стажыроўкі ў клініках Бельгіі, Францыі, Літвы. У 2015 годзе Еўрапейскі камітэт па трансплантацыі органаў правёў аўдыт транспланталагічнай службы Брэсцкай вобласці і ацаніў яе на выдатна.

p.losich@gmail.com

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter