Пілота самалёта-амфібіі, які разбіўся пад Браславам, прысудзілі да хатняй “хіміі”

Перарваны палёт

Для бізнесмена са сталіцы паветраная прагулка пазамінулым летам стала апошняя. А фінальную кропку ў крымінальнай справе паставілі ў пачатку гэтага красавіка. 
Палёт на трохмесным самалёце-амфібіі перапыніў жыццё вядомага ў Беларусі прадпрымальніка. Яшчэ двое чалавек пацярпелі. Хто вінаваты ў трагедыі, калі пілот да апошняга запэўніваў: загінуўшы сам схапіўся за штурвал?

Фото МЧС

Справа адбылася ў апошнія гарачыя дзянькі жніўня 2016 года. На турыстычнай базе ў Браслаўскім раёне яны праходзілі асабліва ярка. Узяць ад лета максімум імкнуўся і 56-гадовы жыхар Мінска. Аляксей (усе імёны герояў зменены па этычных меркаваннях, — Аўт.) не проста добра бавіў час, а рабіў гэта на ўласнай базе адпачынку. І хай па дакументах яе ўладальнікам значылася жонка, інакш, як гаспадаром, яго там ніхто не называў. На другую палавінку бізнесмена аформілі і Чэ-23М, набыты, каб дабірацца са сталіцы ў глыбінку. Дарэчы, яшчэ ў 2007 годзе Аляксей праходзіў навучанне па праграме падрыхтоўкі пілотаў-аматараў, але засвоіў толькі тэорыю. Да практыкі так і не дайшло. Аб персанальным пакарэнні аблокаў новаспечаны “авіятар” асабліва і не марыў. Калі двое яго сяброў набылі асабістыя верталёты, вырашыў не адставаць, але зрабіў выбар на карысць прагулачнага гідраплана. Пазней Аляксей пазнаёміўся з 49-гадовым Ягорам з Барысава, які пасля стане іх сямейным пілотам. За плячыма барысаўчаніна — немаленькі вопыт. У 1990-м ён скончыў Армавірскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча, атрымаў кваліфікацыю “Лётчык-інжынер”. Калісьці Ягор служыў у ВПС Украіны, а па вяртанні ў Беларусь працаваў у грамадзянскай авіяцыі. Курсы перападрыхтоўкі пілотаў на гідрасамалёт і стажыроўку ў Санкт-Пецярбургу яму аплаціў Аляксей. Пазней 49-гадовы авіятар раскажа, што навучаў таго пілатаванню, але бізнесмен астыў да самастойных палётаў. Для амфібіі ўласны гараж быў на Браслаўшчыне. Там самалёт шчасна зімаваў. З надыходам сонечных дзянькоў сюды прыбываў Ягор. Дома ён працаваў інжынерам-меха-нікам у прыватнай кампаніі, а ў лётны сезон не толькі вазіў бізнесмена і яго блізкіх, але і ажыццяўляў прагулачныя экскурсіі ад базы адпачынку. На апошняе, дарэчы, не меў ніякага дазволу. Па дамоўленасці са сваім наймальнікам ён пілатаваў і абслугоўваў амфібію, за што бясплатна жыў і харчаваўся на базе, атрымліваў заробак — каля 20 даляраў у дзень. Толькі вось дакументаў, якія пацвярджаюць, што барысаўчанін працаваў легальна, не захавалася. Хапала і іншых парушэнняў. Напрыклад, замест 95-га самалёт запраўлялі 92-м бензінам больш нізкай якасці. Масла ў рухавіку было ў неналежным стане. Цуд, што такія небяспечныя эксперыменты не скончыліся трагічна падчас паветраных падарожжаў адпачывальнікаў. Уладальніку судна пашанцавала менш.

Напярэдадні фатальнага для сябе дня прадпрымальнік адпачываў у сяброў на Міёршчыне. Да гасцей яго прывезла 29-гадовая жыхарка Ліды Аксана. З бізнесменам яны пазнаёміліся прыкладна за месяц да трагедыі — праз інтэрнэт. На базе адпачынку, дзе ўсім запраўляў яе новы прыяцель, бландзінка пабывала тыдні за два да крушэння. Яна толькі беглым позіркам акінула гідрасамалёт, што белай кропкай віднеўся каля прычала. Жыхар сталіцы не прамінуў зазначыць: апарат належыць яму і, наогул, ён навучаўся ў лётнай школе. Словы — словамі, але да рэальнага палёту тады не дайшло. Выпадак нагнаць упушчанае не прымусіў сябе чакаць. Бліжэй да вечара 28 жніўня Аляксей прапанаваў злятаць да яго сяброў — на турыстычную стаянку “Бярозы-2”, што паблізу ад населенага пункта Будзілы. Стартаваўшы ад возера Струста, амфібія стала набіраць вышыню. Як пазней успомніць Аксана, якая сядзела ззаду, бізнесмен размясціўся наперадзе справа, а пілот — злева. Гэта мае ключавое значэнне, бо асаблівасць самалёта ў тым, што рычаг кіравання ёсць з абодвух бакоў. Толькі вось з таго боку, дзе ляцеў Аляксей, ён быў зняты. Лідчанка ўпэўненая, што мінчанін ніяк не мог апынуцца за штурвалам. Падчас палёту яе тэлефон разрадзіўся, і дзяўчына папрасіла ўладальніка амфібіі перадаць ёй свой. Сэлфі і некалькі здымкаў з вышыні птушынага палёту — і яна вярнула мабільнік. Затым хтосьці з мужчын крыкнуў: “О, стаяць!”, і яна зразумела — прыляцелі да месца прызначэння. Гідраплан пачаў рабіць кругі, і яна ўбачыла людзей, якія стаяць на паляне. Потым хтосьці сказаў: “Давай яшчэ адзін круг, ніжэй”. І на наступным крузе самалёт знізіўся. Зрабіўшы пару кругоў над пляцоўкай, амфібія стала заходзіць на пасадку. Для прызямлення вышыня была небяспечная. Спачатку гідраплан урэзаўся ў высокую бярозу над кручай...

Першым на бяду пад Будзіламі зрэагаваў рыбак, які сядзеў на возеры. Пасля крушэння ён налёг на вёслы і хутка дабраўся да месца здарэння, дапамог Ягору, які ледзь трымаўся на нагах, выцягнуць з кабіны дзяўчыну. 

За бізнесмена, чыя галава, нібы ў лялькі, безжыццёва звісала з кабіны, узяліся медыкі “хуткай дапамогі”. Яе выклікалі работнікі турбазы, да якіх перш за ўсё датэлефанаваўся барысаўчанін, не ўпэўнены, што зможа злавіць сувязь яшчэ раз. Ён і пасажырка прыватнага судна засталіся жывыя, даволі хутка выпісаліся з раённай бальніцы. Гаспадар амфібіі памёр па дарозе ў рэанімацыю. 

На першым судовым пасяджэнні камандзір амфібіі прызнаў сваю віну толькі часткова. Па словах мужчыны, падчас палёту ён сядзеў на пасажырскім крэсле. Мужчына да апошняга гнуў сваю лінію, але факты рэч упартая. Матэрыяламі следства даказана, што ён знаходзіўся на левым сядзенні гідрасамалёта і кіраваў ім. Знаёмыя загінуўшага бачылі, як бізнесовец махаў ім рукой, седзячы каля пілота. Абвінавачаны спрабаваў даказаць, што гэта быў ён — паказваў на стаянку. Псеўдаверсію дапамагла рассыпаць навука, а дакладней, экспертыза тканкавых валокнаў. У момант аварыі на прадпрымальніку была льняная вышыванка, яе валакно і выявілі на правым сядзенні. На месцы злева знайшлі кроў жыхара Барысава, якога прысудзілі да 2,5 года хатняй “хіміі”. Нязгодны з такім рашэннем авіятар падаў на апеляцыю. 

Кампетэнтна

Дзмітрый Лутаў, старшы пракурор аддзела Віцебскай абласной пракуратуры:

— На днях судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда вырашыла, што вынесены раней прысуд законны. Барысаўчаніна прызналі вінаватым у парушэнні правілаў бяспекі руху паветранага транспарту, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, у прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання і шкоды ў асабліва буйным памеры. Яго пакаранне — 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу. Пілота пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем паветраным суднам, на працягу 5 гадоў. Рэшткі гідрасамалёта перадалі яго уладальніцы, ўдаве бізнесмена. На пакрыццё матэрыяльнай шкоды яна не падавала.

Васіль Сянько, начальнік упраўлення дзяржкантролю і інспектарскага нагляду за бяспекай палётаў Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый: 

— На сёння ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя каля 200 розных паветраных судоў, чые ўладальнікі — прыватныя асобы. Няшчасныя выпадкі з такімі лятальнымі апаратамі у нас рэдкія. Да трагедыі з амфібіяй каля пасёлка Будзілы была авіяпадзея пяцігадовай даўніны — крушэнне мотапланёра ў Маладзечан-скім раёне. А ў студзені 2018 года бяда адбылася ў небе над вёскай Лутава Ушацкага раёна. На дэльтаплане разбіўся 36-гадовы індывідуальны прадпрымальнік з Полацка. Аб якім бы паветраным судне ні ішла гаворка, усе палёты ў нашай краіне рэгулююць Паветраны кодэкс і авіяцыйныя правілы. З пункту гледжання закона, дэльтаплан нічым не адрозніваецца, скажам, ад самалёта. У тым сэнсе, што патрабаванні да іх аднолькавыя. Не мае значэння тое, каму належыць апарат: прыватніку, грамадскай арганізацыі або юрыдычнай асобе — у любым выпадку ён павінен быць спраўны, а пілот падрыхтаваны. Абавязковы дазвол на выкарыстанне паветранай прасторы. Яго можна атрымаць ва ўстаноўленым законам парадку. Што тычыцца трагедыі ў Браслаўскім раёне, то ў ёй нямала нюансаў і цэлы шэраг парушэнняў паветранага заканадаўства. Не прывязваючыся канкрэтна да гэтай нагоды, зазначу: што б ні здарылася, менавіта капітан нясе адказнасць за жыццё і здароўе пасажыраў падчас палёту.

Navumavahanna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter