Тысячи уток, сотни чаек и лебедей, десятки аистов: почему птицы перестали улетать на юг на зимовку

Перарваны палёт

Бiёлагi гавораць, што зiмой у нашай клiматычнай зоне можна налічыць больш за 100 відаў птушак. Але за апошнія гады гэтая лічба павялічылася. У асноўным за кошт тых птушыных, хто раней не меў шанцаў перажыць суровыя халады. Не першую марозную пару ў розных кутках краіны, напрыклад, назіраюць буслоў, якiя чамусьці вырашылi правесцi час тут. Гэтая зіма не выключэнне. З розных рэгiёнаў тэлефануюць занепакоеныя людзi: у нас засталіся зімаваць пералётныя птушкі! Чаму тыя не адлятаюць i ці трэба турбавацца за небарак, даведалася карэспандэнт «Р».

Ірына Самусенка: «Калі глабальнае пацяпленне прадоўжыцца, колькасць птушак, якія зараз лічацца пералётнымі, будзе і далей павялічвацца».

Нас і тут нядрэнна кормяць!

— З 1960-х гадоў у нас пачалі зімаваць качкі-крыжанкі. Спачатку iх было няшмат, толькі выключныя асобіны. А потым стала значна больш. Атрымалася так, што апошнія 20–30 гадоў зімоўкай крыжанкi ў нас ужо цяжка кагосьцi здзівіць, асабліва ў вялiкiх гарадах. Крыху пазней пачалі заставацца i лебедзі, – пачынае нашу гутарку загадчыца лабараторыі арніталогіі ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН па біярэсурсах», кандыдат біялагічных навук Ірына Самусенка. Гутарка праходзiць на набярэжнай Свіслачы, непадалёк ад Палаца спорту. – У мінулым годзе мы рыхтавалі для школьнікаў плакат пра нашых птушак. У раздзеле «Пералётныя» былі пазначаны крыжанкі. Я тады папрасіла рэдактараў пазначыць у дужках «магчыма зімоўка». Бо прачытае дзіця, што крыжанка — пералётная, выйдзе на вуліцу і ўбачыць на рэчцы з дзясятак, а то і сотню гэтых птушак. Вось тады здзiвiцца!



Лапкі крыжанкі ўстроены такім чынам, што ў iх адбываецца хуткая цыркуляцыя крыві, ім не холадна ў маразы — як на лёдзе, так і ў вадзе. Таму хвалявацца за птушак не трэба. Да таго ж прахожыя часта падкормліваюць зімоўшчыкаў. Вось пытанне тых з зiмоўкай i адпала: навошта махаць крыламі, ляцець тысячы кіламетраў, каб апынуцца ў Міжземнамор’i ці Афрыцы, калi i тут нядрэнна кормяць?

— Вадаплаўным птушкам абавязкова патрэбная вада. У Беларусі ёсць месцы, дзе яна доўга не замярзае, нават у самыя лютыя маразы. Напрыклад, многа птушак трымаецца на рэчках і ачышчальных сажалках буйных гарадоў — у Брэсце, Мазыры, Слуцку, Мінску. Дарэчы, сталiца — адно з асноўных месцаў для зімоўкі птушак у нашай краіне. У буйным горадзе паветра на некалькі градусаў цяплейшае. А яшчэ тут шмат ацяплення. Акрамя таго, сотнi птушак зімуюць на вадаёмах каля электрастанцый, напрыклад, Лукомльскай і Бярозаўскай ГРЭС.

На кольцы — спецыяльны нумар. Па ім можна «засячы» перамяшчэнне птушкі.

Рэдкія выпадкі

— Па выніках сярэднезімніх падлікаў вадаплаўных птушак, якія штогод праводзіць у канцы студзеня наш цэнтр разам з арганiзацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны», мы ведаем, што ў нас зімуюць больш за 10 000 крыжанак, некалькі соцень лебедзяў. Часцей сталі заставацца на зіму лыскі, вялікія коўры, звычайныя гогалі, вялікія савукі. Каля дзесяці гадоў таму пачалі зімаваць чайкі-рыбачкі, рагатухі і клыгуны. Колькасць апошніх можа дасягаць некалькi соцень ці нават тысяч асобін. Але толькі ў самыя лютыя маразы, калі вадаёмы сапраўды скаваныя лёдам, мы рэкамендуем дадатковае кармленне вадаплаўных птушак, што не адляцелі, — гаворыць Ірына Самусенка.

Апошнія 20—30 гадоў у вялікай колькасці ў нас зімуюць качкі-крыжанкі. Па апошніх падліках, такіх птушак больш за 10 000. 

А вось з бусламі справы цікавей­шыя. І раней кожны год асобныя птушкі заставаліся ў нас на зіму. Звычайна гэта тыя асобiны, са здароўем у якіх не ўсё добра, таму яны i не маглі адляцець. Але варта прызнаць, што апошнім часам паведамленняў пра зімуючых буслоў усё больш. Дакладна пакуль невядома, ці сапраўды яны часцей сталі заставацца ў краіне, ці проста людзі сталі больш звяртаць на іх увагу.

— Буслы — гэта так званыя далёкія мігранты. Яны могуць пераадольваць да месцаў зімовак каля 10 000 кіламетраў па прамой – ляцяць да Цэнтральнай ці нават Паўднёвай Афрыкі. Таму, калі яны не паляцелі, у іх, хутчэй за ўсё, ёсць нейкія праблемы са здароўем. Магчыма, у дзяцінстве бацькі выкінулі малога з гнязда і яго даглядалі людзі, ці пры палёце бусел пашкодзіў крыло аб электрычны провад, або яго на дарозе падбіла машына. Дарэчы, вучоныя заўважылі цікавую асаблівасць: калі птушка зімуе побач з чалавекам, яна часта страчвае міграцыйны інстынкт, — здзіўляе кандыдат біялагічных навук.

Лёха ужо другую зіму сустракае ў цэнтры «Сірын».

Прыклад таму — бусел па мянушцы Лёха. Ён ужо другую зіму сустракае ў цэнтры дапамогі дзікім жывёлам і птушкам «Сірын» пад Мiнскам. Тут ён адчувае сябе сапраўдным гаспадаром. Ходзіць важна, не саромеецца адбіраць ежу ў іншых жыхароў цэнтра. Спецыяліст па доглядзе за жывёламі Настасся Салавей кажа, што Лёху пазнаць можна не толькі па спецыяльным кольцы, але і па характары. Такіх нахабных буслоў рэдка сустрэнеш! 

Лебедзі-шыпуны ў невялікай колькасці таксама застаюцца ў краіне. Ім дапамагаюць перазімаваць у цэнтры «Сірын».

— Лёху прывезлі да нас з Лагойска. Ён перазімаваў у нас, з красавіка пачаў адлятаць на некалькі гадзін i нават дзён. А са жніўня мы яго вывезлі з тэрыторыі цэнтра, каб жыў у дзікай прыродзе і сам аб сабе клапаціўся. Ды дзе там! У канцы верасня нам яго прывезла пажылая пара. Аказалася, ён прыбіўся да іх. З завяршэннем дачнага сезона людзі ад’язджалі ў горад, а бусла вырашылі аддаць нам. Лёху мы пазналі адразу — па характары. А потым і кольца праверылі. Гэта ён, родненькі, – успамінае арганізатар цэнтра Ірына Траяноўская. Усяго ў цэнтры было тры буслы, аднак два з іх нядаўна адляцелі. Лётаюць дзесьцi побач: iх час ад часу бачаць мясцовыя жыхары. 

Дарэчы, Лёха харчуецца не зусім звыклай для нашага ўяўлення ежай: мёртвымі куранятамі. Іх спецыяльна прывозяць з фермы. За адзін прыём ежы бусел можа праглынуць каля дзясятка куранят! Яго глотка значна пашыраецца, а працэс глытання ідзе паступова.

Бусел Лёха харчуецца не зусім звыклай для нашага ўяўлення ежай: мёртвымі куранятамі.

Зараз у нашых умовах зімоўка птушак без умяшання чалавека амаль немагчымая. А Ірына Самусенка заўважае: калі глабальнае пацяпленне прадоўжыцца, колькасць птушак, якія зараз лічацца пералётнымі, будзе і далей павялічвацца.

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter