Пераправа праз “вогненную раку”

У міфалогіях многіх народаў свету рака (вогненная рака) была мяжой паміж светам жывых і светам памерлых. Гэты матыў даволі часта сустракаецца ў чарадзейных казках. Герой прыходзіць на бераг мора і просіць гаспадара чоўна перавезці яго на той бераг, каб паглядзець, як там бацька (памерлы) жыве. Перавозчык патрабуе спачатку яму заплаціць. З далёкіх часоў у нас захавалася традыцыя: перад тым як апусціць труну з нябожчыкам у магілу (або адразу пасля апускання) сям’я памерлага (толькі яна, а гэта родныя першага і другога калена сваяцтва) кідае ў магілу грошы: робіць выкуп месца для цела памерлага, а таксама “аплачвае” пераправу душы на “той” свет.

Матыў дыстанцыравання свету жывых і “таго” свету (памерлых) і адмежавання іх ракой ці акіянам-морам шырока прадстаўлены ў надзвычай старажытных па паходжанні замовах і класічным казачным эпасе.
Цікава тое, што ў XIX і нават у XX стагоддзі на Беларусі захоўвалася абавязковая традыцыя: могілкі, якія, як правіла, знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад вёскі, адмяжоўвалі ад свету жывых глыбокім ровам, напоўненым вадой.
Студэнтка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў на адной з лекцый паведаміла нам сваю сямейную гісторыю і тым самым прапанавала паглядзець на грашовыя ахвяраванні зусім з іншага боку: “Мая бабуля вучыла маю маці і мяне: родныя першай і другой ступені сваяцтва абавязкова кідаюць грошы ў магілу. Аднойчы я яе запытала: навошта? І тады бабуля расказала: “Калі хавалі маю маці, ніхто не кінуў  у магілу грошай. Прайшло некалькі месяцаў і мне, яе дачцэ, сніцца сон: быццам я іду да маці  ў госці. Баюся, але іду. Іду па вуліцы, а матуля расказвае: во гэта хата аднаго з нашых сваякоў, гэтая хата — памерлага суседа. І вось мы падышлі да маленькай халупкі. Я пытаюся: матуля, а гэта чыя ж такая хатка. Яна і кажа: мая. Вы ж мне грошай пашкадавалі, вось цяпер і пакутваю, ад суседзяў сорамна, кажуць дрэнных дзяцей і ўнукаў выгадавала...”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter