Пераправа патанае ў… пылу

З-за невядомай нават для беларускіх старажылаў жнівеньскай спякоты штодня паніжаецца да 10 сантыметраў узровень вады ў Прыпяці і яе прытоках

З-за невядомай нават для беларускіх старажылаў жнівеньскай спякоты штодня паніжаецца да 10 сантыметраў узровень вады ў Прыпяці і яе прытоках. Не дапамагаюць і шлюзы для падтрымання ўмоў суднаходства ў вярхоў’ях галоўнай воднай артэрыі Палесся. Толькі маторныя лодкі і катары пакуль рассякаюць водную паверхню. З сямі гадзін раніцы і да дзевяці вечара штодня напружана працуе буксір на паромнай пераправе паміж Лунінецкім і Столінскім раёнамі. Збожжа і салому, сена і іншыя грузы перавозяць па скарочаным шляху вясковыя жыхары прыпяцкай зоны.


Плаваючы прычал дазваляе без перашкод заязджаць і выязджаць з парома транспартным сродкам. Да дзесяці аўтамашын адначасова перапраўляецца за адзін рэйс з аднаго берага на другі.

Адзінае, на што скардзяцца вадзіцелі, як і летась пасля адкрыцця пераправы, — не на належным узроўні пад’язная гравійная дарога, якая нагадвае мыйную дошку, а ў сухое надвор’е пасля праезду аўтамашыны слупам стаіць пыл. Усяго дзесяць кіламетраў ад Лунінца да пераправы і амаль столькі ж з боку Столінскага раёна цягнецца гравійка. Хочацца спадзявацца, што двум палескім раёнам пад сілу заасфальтаваць гэтыя ўчасткі і забяспечыць камфортны пад’езд да пераправы транспартных сродкаў, колькасць якіх пастаянна павялічваецца. Да 80 аўтамашын і іншай тэхнікі штодня перапраўляецца летнім часам праз прыпяцкі паром. Кошт паслугі для легкавікоў 12 тысяч рублёў, аўтамашын грузападымальнасцю да пяці тон — 25 тысяч рублёў, грузавікоў звыш пяці тон — 44 тысячы рублёў. Камерцыйны рэйс праз раку каштуе 222 тысячы рублёў. Гужавыя павозкі і пасажыры перапраўляюцца бясплатна. Другі сезон дзейнічае гэтая паромная пераправа, якую абслугоўвае Лунінецкая ДСПМК-101.

УЛАДЗІМІР СУБАТ, «СГ»
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter