За девять месяцев этого года в стране собрано почти 600 000 тонн вторичных материальных ресурсов

Перапрацоўка трубіць збор

Будаўніцтва новага завода, на якім будуць сарта­ваць смец­це, адмі­ніс­трацыйная адказнасць за пахаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў і закупка ДМР у насельніцтва. Што рабіць з адходамі, як удаска­нальваць сіс­тэму збо­ру і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў краіне, абмяркоўвалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы.

Адных толькі адходаў паперы і кардону сабрана 297 000 тон, яшчэ 74 000 тон — палімерныя адходы.

За дзевяць месяцаў гэтага года ў краіне сабрана амаль 600 000 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў. Адных толькі адходаў паперы і кардону сабрана 297 000 тон, яшчэ 74 000 тон — палімерныя адходы. Лічбы прыводзіць дырэктар ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч. І ўдакладняе: ДМР сёлета сабрана на 5 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Найбольшы прырост — па адходах электрычнага і электроннага абсталявання: іх сёлета сабралі 23 000 тон. Актыўна людзі здаюць адпрацаванае машыннае масла, а таксама зношаныя аўтамабільныя шыны. Магчымасці для гэтага — пункты прыёму другаснай сыравіны, а таксама вялікая колькасць кантэйнераў для збору ЦКА і ДМР. За кошт сродкаў аператара за апошнія 5 гадоў было закуплена 44,5 тысячы кантэйнераў.

Што датычыцца перапрацоўкі другаснай сыравіны, то хутка магчымасцей для гэтага стане больш. Сёлета ўвядуць у эксплуатацыю смеццесартавальны завод у Віцебску, заканчваецца будаўніцтва тэхналагічнай лініі для выкарыстання RDF-паліва ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», завяршаецца рэканструкцыя патоку папераробнай машыны на ААТ «Спартак». Апошняя дазволіць павялічыць перапрацоўку макулатуры ў 3,5 раза. Пра гэта расказала начальнік упраўлення цэлюлозна-папяровай і лесахімічнай вытворчасці канцэрна «Беллеспаперапрам» Таццяна Зайцава. Спецыяліст удакладніла: у параўнанні з 2015 годам перапрацоўка макулатуры ў арганізацыях канцэрна павялічылася амаль на 100 000 тон.

Велізарную нішу ў зборы ВМР займае Белкаапсаюз. Сёлета арганізацыя закупіла 380 000 тон другаснай сыравіны. Прычым 99 працэнтаў — гэта аб’ём, нарыхтаваны ў насельніцтва. Людзі атрымалі 115 мільёнаў рублёў за здадзеную другасную сыравіну, удакладняе начальнік упраўлення нарыхтовак Аксана Скіндзер. Прычына такой актыўнасці насельніцтва не толькі ў павышэнні закупачных цэн, але і ў даступнасці нарыхтоўчых пунктаў. Так, у сістэме спажывецкай кааперацыі 710 прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў, якія займаюцца нарыхтоўкай другасных відаў сыравіны.

Зрэшты, толькі аднымі пернікамі ні юрыдычных, ні фізічных асоб не прывабіш. Без належнага кантролю ў гэтай складанай справе ніяк. Абыходжанне з адходамі кантралююць спецыялісты Мінпрыроды. Яны ж сочаць за тым, каб другасныя матэрыяльныя рэсурсы не хавалі на палігонах. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Тарасаў. За дзевяць месяцаў гэтага года Мінпрыроды праведзена 4274 абследаванні аб’ектаў пахавання ТКА, у ходзе якіх выяўлена 3611 фактаў парушэння правілаў эксплуатацыі гэтых аб’ектаў. Акрамя таго, выяўлена 1609 выпадкаў пахавання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Па фактах выяўленых парушэнняў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 305 вінаватых асоб на агульную суму 214 000 рублёў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter