Падчас перапісу-2019 стаўку зробяць на высокія тэхналогіі

Перапiсныя iсцiны

Пробны перапіс насельніцтва ў Маладзечанскім раёне прайшоў паспяхова. Адпрацаваны пытанні, на якія будзе адказваць насельніцтва ў 2019 годзе. Ацэнена нагрузка на перапісчыкаў. Пратэсціраваны планшэты і праграмнае забеспячэнне для збору і перадачы даных. Засталося падлічыць сабраныя даныя і падрыхтаваць да перапісу неабходную тэхніку і перапісчыкаў з рэспандэнтамі.
Жанна ВАСІЛЕЎСКАЯ

Нагадаем, падчас пробнага перапісу было арганізавана пяць стацыянарных участкаў: тры – у Маладзечне, па адным — у аграгарадку Лебедзева і вёсцы Цюрлі. На гэты раз перапісчыкамі выступалі толькі працаўнікі органаў дзяржаўнай статыстыкі. Яны выкарыстоўвалі для хуткай працы планшэты са спецыяльна ўладкаваным праграмным забеспячэннем.

У пробным перапісе паўдзельнічалі 97,9% ад запланаванай колькасці насельніцтва (14 683 чалавекі). Не захацелі ўдзельнiчаць у перапiсе 1,7% апытаных (248 чалавек). Прычым людзі аддавалі перавагу прыёму перапісчыка ў сябе дома. Па папярэдніх даных, на стацыянарны ўчастак завіталі каля 6% рэспандэнтаў, у асноўным жыхары сельскай мясцовасці.

Самае галоўнае, спецыялісты абкаталі новы спіс пытанняў з пашыранымі сельскагаспадарчым і міграцыйным блокамі. У цэлым спіс застанецца такім жа і на 2019 год. Папраўкі магчымы толькі ў фармулёўках.

Вынікі пробнага перапісу і прагнозы на 2019 год мы абмеркавалі з намеснікам старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Жаннай Васілеўскай.

— Ці задаволены вынікамі пробнага перапісу насельніцтва?

— Мяркую, задаволенымі засталіся не толькі перапісчыкі, але і самі рэспандэнты. Дзякуючы планшэтам на перапіс аднаго чалавека пайшло каля пяці хвілін. Яшчэ ў 2009 годзе гэты паказчык быў у тры разы большы. Асноўных мэт мы дасягнулі – апрабіравалі і пытанні, і праграмнае забеспячэнне. Некаторыя пытанні пра занятасць і сельскую гаспадарку выклікалі цяжкасці ў рэспандэнтаў. Асабліва калі даводзілася лічыць плошчу пад асобнымі культурамі. Мы прыйшлі да высновы, што людзям прасцей палічыць колькасць дрэў ці кустоў. Абавязкова ўлічым гэта на будучае і зробім спрэчныя пытанні больш даступнымі для ўспрымання.

— З якімі яшчэ цяжкасцямі сутыкнуліся падчас перапісу?

— Часам нашы перапісчыкі не маглі трапіць у неабходную кватэру: то званкі не працавалі, то дамафоны, то кодавыя замкі. Даводзілася турбаваць суседзяў або чакаць, пакуль дзверы ў пад’езд не адчыніць хто-небудзь з жыхароў. Таксама рэспандэнты адсутнічалі па аб’ектыўных прычынах – хто на дачу паехаў, а хто і месца жыхарства змяніў. У такіх выпадках мы звярталіся да адміністрацыйных крыніц. Яны дазволілі атрымаць даведкі пра 51 чалавека. Ніхто не адмяняў выпадкі, калі прыходзілася на перапіс ісці ў суправаджэнні міліцыі: суседзі загадзя папярэджвалі, у якіх сем’ях вядуць асацыяльны лад жыцця.

— Якіх навінак чакаць ад перапісу насельніцтва ў 2019 годзе?

— Будуць прадугледжаны новыя формы перапісу. Каля 30% жыхароў выявілі жаданне перапісацца ў рэжыме анлайн. Здзівіла, што за інтэрнэт выступілі і жыхары сельскай мясцовасці, і пажылыя грамадзяне. Таксама разглядаецца магчымасць перапісу праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму «Разлік». Папяровыя носьбіты будуць задзейнічаны па мінімуме. Аднак цалкам іх выключыць немагчыма. Чаму? Справа ў тым, што некаторыя грамадзяне па рэлігійных поглядах адмаўляюцца ад электронных носьбітаў. Мы павінны прадугледзець самыя непрадказальныя выпадкі і прыстасавацца да любой катэгорыі насельніцтва.

Падчас пробнага перапісу не абышлося і без такіх момантаў, якія выклікаюць усмешку. Так, некаторыя жыхары настойліва патрабавалі прыпісаць да іх сельскагаспадарчай хатняй жывёлы кошак і сабак. Між іншым у сельскай мясцовасці перапісчыкаў амаль у кожнай хаце запрашалі на кубак кавы. Такія прыемныя моманты толькі падаграюць цікаваць да ўсеагульнага перапісу, які адбудзецца ў 2019 годзе. Застаецца спадзявацца, што ён пройдзе ў такім жа спакойным і плённым рэжыме.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter