Перамога прыйшла ў маі

Ёсць падзеі, якія не абясцэньвае час. Да такіх, без сумнення, належыць Дзень Перамогі 9 Мая.
Семдзясят гадоў — многа гэта ці мала? Як паглядзець. Між іншым, гэта ўзрост цэлага пакалення. Але нават сямідзесяцігадовыя, дзякуй богу, не зведалі ўсіх жахаў той самай страшнай вайны, на якую мы сёння глядзім праз прызму Вялікай Перамогі.


Так, ёсць падзеі, якія не абясцэньвае час. Да такіх, без сумнення, належыць Дзень Перамогі 9 Мая. Што б ні адбылося ў сучасным свеце, значнасць гэтай даты не падлягае ніякай дэвальвацыі. Памяць пра бяспрыкладны подзвіг савецкага салдата па-ранейшаму ўстойлівая і моцная.

Цяжкім катком пракацілася Вялікая Айчынная па беларускай зямлі. Тут загінула каля трох мільёнаў чалавек, былі разбураныя дзясяткі гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і райцэнтраў, тысячы сёл і вёсак. Амаль паўмільёна беларусаў былі сагнаныя ў рабства ў Германію. За гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі нацысты стварылі дзясяткі лагераў смерці, сотні турмаў і гета, дзе загінула некалькі сотняў тысяч старых, жанчын і дзяцей. Забыць такое немагчыма.

І нядзіўна, што менавіта на беларускай зямлі разгарнуўся небывалы ў сусветнай гісторыі рух супраціўлення. Народныя мсціўцы не давалі ворагу спакою ні днём, ні ноччу. Больш за паўтара мільёна ўраджэнцаў Беларусі ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Беларусы стаялі насмерць пад Масквой, Ленінградам, Сталінградам і Кіевам, удзельнічалі ў вызваленні вёсак і гарадоў сваёй Радзімы, а таксама дзяржаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Каля 400 выхадцаў з Беларусі сталі генераламі і адміраламі, камандавалі падчас вайны злучэннямі арміі і флоту. За праяўлены гераізм і доблесць пры абароне Айчыны ў гады вайны 448 беларусаў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза, чацвёра з іх — двойчы.

У гады вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Такая цана свабоды. Мы пра гэта памятаем. Але няхай ведаюць і іншыя. Дарэчы, пасля Другой сусветнай вайны Беларусь стала адной з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Далёка не кожная дзяржава атрымлівае такое права. На карысць Беларусі — тады адной з рэспублік Савецкага Саюза — такі выбар быў зроблены якраз за вялікі ўклад у разгром фашызму. Аб’ектыўна і па заслугах.

Так, май — асаблівы месяц. Гэта месяц перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. У Беларусі подзвіг салдата трапятліва шануецца. У краіне ўсё яшчэ пражывае каля сямнаццаці тысяч былых франтавікоў і партызан Вялікай Айчыннай. Іх становіцца ўсё менш. Але ветэраны па-ранейшаму акружаныя ўвагай дзяржавы. Пра гэта неабходна абавязкова сказаць на фоне звяржэння пераможных сімвалаў у асобных краінах. У нас свята Перамогі — свяшчэннае, таму што фактычна ў кожнай сям’і, праз блізкіх Вялікая Айчынная вайна пакінула свой след.

Уласна, ці многія сучасныя падлеткі заспелі ў жывых герояў той вайны? Што яны думаюць пра яе? Можна было б прывесці нямала прыкладаў, калі зусім юныя хлопцы і дзяўчаты самазабыўна вялі пошук загінуўшых у вайну салдат, аднаўлялі імёны невядомых, бралі шэфства над ветэранамі. Яны памятаюць і ведаюць пра вайну. Яны паважаюць пераможцаў.

Час ідзе, і свет, або яго канфігурацыя, як гавораць палітыкі, змяняецца. Але сапраўдныя каштоўнасці не падлягаюць перагляду. Беларусь будуе свае ўзаемаадносіны з іншымі краінамі на прынцыпах добрасуседства. Гэта і ёсць яе сучасны палітычны выбар.

А перамагаць лепш у конкурсах — дастойны шлях выявіць мацнейшага. Як і ў спорце, дзе спаборнічаюць за права быць першым. Бо тут канкурэнцыя — пры ўсёй найвастрэйшай барацьбе — усё ж такі самая мірная.

Сёння трэба больш партнёрства: паміж людзьмі, паміж краінамі. У гэтым — стратэгічная сутнасць міжнароднага супрацоўніцтва: адзіна правільная і актуальная. На яе арыентуецца і Беларусь у сваёй знешняй палітыцы. Фармат партнёрства ўзяты за аснову ва ўзаемаадносінах з усімі дзяржавамі.

Віктар Харкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter