Перагарні старонкі ў цішы

Удзельнікамі Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу стануць 26 краін

Удзельнікамі ХХI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу стануць госці з 26 краін

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, дваццаць першая па ліку, пачне работу 5 лютага. Як паведаміла журналістам першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, удзельнікамі сёлетняга форуму стануць больш за 600 экспанентаў з 26 краін. Над Нацыянальным выставачным цэнтрам «Белэкспа» разам з беларускім узнімуцца сцягі Азербайджана, Арменіі, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Германіі, Ізраіля, Ірана, Італіі, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Палесціны, Польшчы, Расіі, Сірыі, ЗША, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швейцарыі і Швецыі.

— Беларусь упэўнена развівае кнігавыданне і кожны год пацвярджае, што наша кніжная прастора вельмі прыцягальная як для нашых суседзяў, так і для краін бліжняга і далёкага замежжа. Сёлетняя выстаўка зноў дазволіць пераканацца, што, знаходзячыся ў моры камп’ютарным, тэхналагічным, сучасная Беларусь застаецца краінай, дзе выдаюць і чытаюць кнігі, — адзначыла Лілія Ананіч.

Летась у рэспубліцы выдадзена 11 тысяч 441 найменне кніг тыражом звыш 31 мільёна экзэмпляраў. Дзяржаўныя выдавецтвы выпусцілі звыш 2 мільёнаў экзэмпляраў кніг каля 700 найменняў. Не памяншаецца колькасць выданняў на роднай мове. Трэцяя частка кніг дзяржаўных выдавецтваў — на беларускай мове. І найбольш цікавыя праекты, якія выдаюцца з дзяржпадтрымкай, — гэта кнігі беларускіх аўтараў.

У мінулым годзе дзяржавай на падтрымку нацыянальнага кнігавыдання толькі па лініі Міністэрства інфармацыі было выдаткавана больш за 10 мільярдаў рублёў. На бягучы год у бюджэце прадугледжана сума каля 20 мільярдаў рублёў.

У ходзе выстаўкі будуць прадэманстраваны лепшыя айчынныя кнігі.

Асаблівасць нацыянальнага стэнда гэтага года — вялікая колькасць знакавых праектаў. Сярод іх — праект, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які прадставіць кнігі з фондаў Нацыянальнай кніжнай палаты пачынаючы з далёкага ўжо 1945 года. Цікавым будзе праект «Мінск хакейны. Кніга і спорт» — летапіс спартыўных дасягненняў нашай краіны. Чакаецца і яркая прэзентацыя зусім новага выдання — «Энцыклапедыя беларускага хакея». 10-годдзе адзначае сёлета праект «У пошуках страчанага», які прадставіць кнігі, выдадзеныя 100 гадоў таму, паштоўкі, фотаздымкі з адлюстраваннем гісторыі нашай краіны. Усяго больш за 160 мерапрыемстваў пройдзе на нацыянальным стэндзе.

Дарэчы, сёлета на выстаўцы не будзе пачэснага госця. На гэты раз Беларусь мае намер шырэй прадставіць сябе, а ў статусе пачэсных гасцей Мінск сустракае ўсе краіны, якія ўдзельнічаюць у форуме.

Традыцыйна ўваход на выстаўку — вольны. Арганізатары папярэджваюць, што для наведвальнікаў у дзень адкрыцця яна пачне працаваць пасля 14.00.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter