Пра што пісалі байцы Вялікай Айчыннай сваім нявестам і жонкам. І што яны атрымлівалі ў адказ

Перадавая і каханне

Міжнародны жаночы дзень, 8 Сакавіка, які ўжо набліжаецца, — цудоўная нагода яшчэ раз сказаць словы любові самаму дарагому чалавеку. А калі ён у далёкіх краях і сустрэча адбудзецца не ў хуткім часе, з’яўляецца імкненне выказаць яму яшчэ больш цёплых слоў. У час Вялікай Айчыннай вайны мільёны байцоў, і камандзіраў, і чырвонаармейцаў адпраўлялі сваім каханым лісты з фронту, не ведаючы нават, ці давядзецца яшчэ напісаць.


Нягледзячы на беражлівае захоўванне, многія лісты выглядаюць пакамечанымі і падранымі. Колькі ж разоў перачытвалі іх маці, жонкі, нявесты? Як правіла, франтавыя лісты пачынаюцца са зваротаў “дарагая”, “пяшчотна каханая”, “мая радасць і шчасце”, “мой адзіны сябар”. А заканчваюцца нязменна словамі “цалую і моцна абдымаю”.

Калі чытаеш лісты, якія захоўваюцца ў музеі, адчуваеш хваляванне і нават няёмкасць, нібы спазнаў незнарок таямніцу чужой душы. Столькі асабістых, непадробных пачуццяў і жаданняў у простых радках! Аляксандр Лізюкоў, Герой Савецкага Саюза, ураджэнец Гомеля, у лютым 1942 года павольна рухаўся са сваім стралковым корпусам на поўнач ад Масквы. І пісаў жонцы такія далікатныя радкі: “У нас з табой адна дарога. Мяняць цябе, маю родную бабульку, на каго-небудзь іншага не буду і не хачу. Ты адна мне салодкая ўцеха, ты адна мне самы блізкі сябар. Прыціскаю да свайго сэрца, якое заўсёды кахала і кахае цябе адну з усіх жанчын”. Ён называў яе ў лістах сваёй “маленькай жонкай”, хаця абоім ужо было каля сарака гадоў. Аляксандр Лізюкоў загінуў у баі ўлетку 1942 года, калі на сваім танку ўварваўся на пазіцыі праціўніка. Дарагія сэрцу лісты яго жонка захавала і перадала ў музей праз 10 гадоў пасля заканчэння вайны.


Юрый и Валянціна Трыфанавы.
Шмат доўгіх і пранізлівых лістоў адправіў з фронту камандзір медсанбата Юрый Георгіевіч Трыфанаў сваёй жонцы Валянціне: “Мне здаецца, што няма на свеце ні слоў, ні дзеянняў такіх, каб выказаць усё, што я адчуваю зараз, так перапаўняе мяне каханне. Часам нават неяк хваравіта хочацца прылашчыць, пагаварыць з табой, адчуць цябе ў сваіх руках...” Яго пачуцці разгараліся адначасова з агнём вайны. У 1937 годзе паступіў у Ленінградскі медыцынскі інстытут, з чацвёртага курса быў урачом-ардынатарам хірургічнага аддзялення ў бальніцы. Падчас вучобы пазнаёміўся з Валянцінай. Ажаніліся яны ў жніўні 1941 года, а ўжо ў верасні ўвесь курс Юрыя Трыфанава выпусцілі з інстытута датэрмінова, без дзяржаўных экзаменаў, і ён быў мабілізаваны ў армію. Самае дзіўнае, што аркушы са сшыткаў, на якіх пісаў Юрый, да гэтага часу захавалі пах лекаў. “Так хочацца што-небудзь далікатнае табе сказаць, душа разрываецца. Мабыць, грубым стаў я за вайну”. У адным з лістоў ён просіць прабачэння за нанесеную крыўду. (Але як ён мог пакрыўдзіць за тысячы кіламетраў, акрамя як неасцярожным словам у перапісцы?) “Прабач мяне, няшчаснага, што азмрочыў твой тварык, што я груба, незаслужана пакрыўдзіў цябе, маю каханую, чыстую Валюшачку. Я ўпэўнены: толькі таму і жывы да гэтага часу, што ты мяне чакаеш, а я берагу сябе для цябе”. У гэтай гісторыі быў шчаслівы працяг. Пасля вайны Юрый з Валянцінай жылі ў Мінску, у іх нарадзілася двое дзяцей.

Тысячы лістоў-трохкутнікаў, паштовых картак, паштовак ішлі з фронту ў розныя гарады і вёскі. У хвіліны зацішша байцы бралі паперу і аловак, коратка апісвалі падзеі франтавога жыцця, даўжэй — свае мары пра тое шчаслівае жыццё разам, якое будзе пасля заканчэння вайны. Ігнат Цямрук у красавіку 1945 года, знаходзячыся ўжо на нямецкай тэрыторыі і разумеючы, што хутка перамога і блізкая ўжо сустрэча з сям’ёй, пісаў жонцы ў Калінінскую вобласць: “І калі-небудзь адвячоркам пасля працы сядзем побач з табой, і, забыўшыся на нейкі час пра паўсядзённыя клопаты, я раскажу табе пра ўсё, што было перажыта і перадумана. І пакуль я буду распавядаць, ты прытулішся да мяне, абдымеш і пацалуеш”. А можа, гэта праўда, што весткі ад байцоў каханым жанчынам дапамагалі чакаць, а байцам ад каханых — выжыць: “Калі побач ірваліся снарады, свісталі кулі — у гэтыя хвіліны ясна бачыў я вобраз твой мілы. У віхуры баёў, тварам да смерці, ты стаяла побач, мая родная”.

Гэтая перапіска была падобная да штодзённых зносін з блізкім чалавекам. Удзельнік вызвалення Беларусі Аркадзь Фрадкін апісваў сваёй нявесце “размову” з ёй так: “Калі бывае сумна і хочацца ў думках перанесціся да цябе, я вымаю з кішэні гімнасцёркі тваю фотакартку і доўга-доўга гляджу на яе, і здаецца, што зноў я побач з табой, як было пры апошняй нашай сустрэчы”.

Пісьмо Юрыя Трыфанава да жонкі.

Амаль у кожным такім лісце салдаты выказваюць свой смутак і жаданне хутчэй убачыцца: “Засумавала па табе страшэнна, і маральна, і фізічна — і як хочаш”. Многія салдаты пішуць, што часта бачаць каханых у сне. І вельмі перажываюць, калі весткі з дому прыходзяць не так часта, як звычайна. Аляксандр Дзебалюк, удзельнік Сталінградскай бітвы і Берлінскай аперацыі, у 1943 годзе ў лістах да жонкі некалькі разоў выказвае незадаволенасць, што яны прыходзяць толькі раз у 10—15 дзён, просіць паведамляць пра ўсё, пра кожную дробязь. Бо хутка на свет павінна з’явіцца іх дзіця, а ён так далёка: “Пішы, Оля, часцей — кожная твая вестка робіць мяне бадзёрым і ўпэўненым у барацьбе, тваё каханне прымушае думаць пра будучыню — а гэта вельмі добра на вайне”.

Напэўна, трэба браць прыклад з нашых прадзедаў, якія ўмелі выказваць пачуцці настолькі проста і шчыра, што іх хацелася не толькі прыняць, але і пранесці праз усё жыццё. У эпоху кароткіх віртуальных перапісак здзівіць сваіх каханых вельмі проста. Напішыце ліст ад рукі, як гэта рабілі нашы бабулі і дзядулі.

Пра што пісалі каханыя на фронт?

Пелагея Валошына: “...Мілы муж! Бі іх, праклятых гадаў, не давай ім літасці, а я тут буду працаваць так, каб дапамагаць як мага лепш фронту, каб разбіць фашыстаў, гэта значыць, буду дапамагаць табе і іншым абаронцам Радзімы. У нас праходзіла падпіска на грашова-рэчавую латарэю. Я таксама падпісалася, на сябе 30 рублёў і на дзяцей...”

Мора Шуліра: “...Вашыя “поспехі” мы адчуваем. Нам хлеба зрэзалі — і вам, напэўна. Нам даюць 1/2 кг і маме 200 г. У нас часта шмат навін, але праўды ў гэтым мала. Напішы ты нам, калі што-небудзь ведаеш. Бо нам праўды не гавораць”.

Марыя Слесарава: “Прывітанне з радзімы! Жыццё наша патроху паляпшаецца. Нам з раёна далі цялушку-леташніцу, таму што, калі мы зарэзалі сваю карову, то два пуды мяса аддалі партызанам”.

Лісты дзяўчат з фронту

“...Зусім нечакана для ўсіх з траншэі выскаквае спачатку адна дзяўчынка, потым другая, трэцяя... Яны сталі перавязваць і адцягваць параненых, нават немцы на нейкі час анямелі ад здзіўлення. Да дзясятай гадзіны вечара ўсе дзяўчынкі былі цяжка параненыя, а кожная выратавала максімум два-тры чалавекі”.

“...Дарагая Матуля! Я — баявы сябар Вашага любімага сына Боры. Мы з ім у адной часці. Калі быў у Боры вольны час, ён прыязджаў да мяне на веласіпедзе. А калі ў мяне быў вольны час, я ездзіла да яго. Прыгатавала яму кісель, напякла піражкоў з макам. Божа мой, які ён задаволены быў учора. А сёння Ваш сын і мой незаменны сябар па фронце забіты”.

“...Ехалі шмат сутак... Выйшлі з дзяўчынкамі на нейкай станцыі з вядром, каб вады набраць. Азірнуліся і ахнулі: адзін за адным ішлі склады, і там адны дзяўчаты. Спяваюць. Махаюць нам — хто хусткай, хто пілоткай. Стала зразумела: мужыкоў не хапае, палеглі яны, у зямлі. Зараз мы замест іх”.

“...Мама, мілая мама, не крыўдуй на мяне за тое, што без твайго дазволу я адлятаю на фронт. Мае абавязак і сумленне прымушаюць мяне быць там, дзе вырашаецца лёс Радзімы... Мой мілы крылаты “Як” — добрая машынка, а маё жыццё непарыўна звязана з ім, і паміраць з ім будзем толькі героямі”.

Анастасія Стахоўская, навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter