Перадавая Арсенiя Люцко

Арсенiя Люцко за вайну паспелi два разы пахаваць

Пасля Вялiкай Перамогi франтавiк вярнуўся на родную Случчыну, дзе яго ўжо два разы пахавалi, i яшчэ шмат чаго паспеў зрабiць у мiрным жыццi

Лёс кожнага чалавека можа стаць сюжэтам для асобнай кнiгi. Тым больш калi чалавеку спаўняецца 85 гадоў, частка якiх прыходзiцца на час Другой сусветнай вайны. Арсенiй Люцко з першых ваенных дзён 1941-га i да пераможнага 1945-га служыў у разведцы ў iнжынерна-сапёрных часцях. Змагаўся ў славутай асобнай 12-й штурмавой гвардзейскай iнжынерна-сапёрнай брыгадзе рэзерва Стаўкi Вярхоўнага галоўнакамандавання. Адзначаны 36 урадавымi ўзна-гародамi. Насычанымi аказалiся i мiрныя днi ветэрана. Ён настойлiва вучыўся, працаваў, атрымаў ступень кандыдата гiстарычных навук, выкладаў у ВНУ, напiсаў некалькi манаграфiй i кнiг.

…Першы год вучобы ў вучылiшчы хiмiкаў для Арсенiя Люцко праляцеў непрыкметна. Хоць i прыехаў са Слуцка, ён ужо добра арыентаваўся ў Ленiнградзе, прайшоў вытворчую практыку, здаў iспыты за першы курс. Пасля апошняга экзамена яго група адправiлася на экскурсiю па горадзе. Спынiлiся адпачыць на адной з плошчаў каля рэпрадуктара. Раптам з «талеркi» пачулася трывожная мелодыя, i дыктар абвясцiў аб выступленнi народнага камiсара замежных спраў СССР В.М. Молатава.

— Сёння ў чатыры гадзiны ранiцы фашысцкая Гер-манiя вераломна напала на Савецкi Саюз…

Астатнiх слоў Арсень амаль не чуў. Моладзь рынулася ў ваенныя камiсарыяты. Каля iх утварылiся вялiзныя чэргi. Калi Арсень зайшоў да ваенкома з заявай аб адпраўцы на фронт, той ласкава ўсмiхнуўся:

— Iдзi, хлопец, вучыся. Паваяваць ты паспееш.

Тады Люцко звярнуўся на хiмзавод, дзе праходзiў практыку, прыбавiў сабе гадоў, i яго залiчылi ў народнае апалчэнне. Юнак адправiўся на перадавую. Баi былi жорсткiя. У адным з iх Арсеня паранiла. Гэта абцяжарыла дыстрафiю ў вынiку голаду: юны салдат меў вагу 47 кiлаграмаў. Па «Дарозе жыцця» праз Ладагу яго эвакуiравалi на Вялiкую зямлю. У шпiталi Люцко атрымаў першыя ўзнагароды: медалi «За баявыя заслугi» i «За абарону Ленiнграда».

Пасля выздараўлення маладога салдата залiчылi ў ваенна-iнжынернае вучы-лiшча малодшага каманднага саставу. А ўжо ў першай палавiне 1943 года сяржант Арсень Люцко быў уключаны ў склад асобнай 12-й штурмавой iнжынер-на-сапёрнай брыгады i ваяваў там да самай Пе-рамогi. Брыгада была рэзервам Стаўкi Вярхоўнага галоўнакамандавання, i яе кiдалi на самыя гарачыя ўчасткi фронту. Малады сяржант стаў камандзiрам ад-дзялення ў 56-м батальёне.

Украiна, Малдова, Румынiя, Балгарыя, Венгрыя, Аўстрыя — ваенны шлях ветэрана. Асаблiва памят-нымi для сапёра-разведчыка былi баi за Крым i Севастопаль. Ключом да паўвострава аказалася Гнiлое мора — Сiваш. Шырыня яго даходзiла да 3 кiламетраў, але перайсцi можна было ўброд: глыбiня не дасягала плячэй. Для пераправы войск 51-й армii, да якой на той час належала i 12-я штурмавая iнжынерная брыгада, сапёры ўзвялi мост.

Гэта было незвычайнае збудаванне. Даўжынёю 2600 метраў, мост узводзiўся не на сваях, а на рамах, якiя абапiралiся на драўляныя плiты. Каб рама не ўсплывала разам з плiтой, на яе клалi мяшкi з пяском. Раней праз Сiваш масты не будавалi, лiчылася гэта немагчымым, бо таўшчыня глею на дне дасягала 15 метраў. Сапёры працавалi па 14—18 гадзiн у суткi, па горла ў горка-салёнай вадзе, часта пад бамбёжкамi фашысцкiх самалётаў. Мост пабудавалi за 20 дзён.

Пасля пераправы асноўных сiл праз Гнiлое мора, ноччу перад наступленнем сапёрам трэба было зрабiць праходы. Адна за другой групы знiкалi ў начной цемры. Хаця паняцце цемры на пярэднiм краi адноснае: фашысты пастаянна асвятлялi яго ракетамi. Адна кулямётная чарга змяняла другую.

Вораг выявiў сапёраў i адкрыў ураганны кулямётны агонь. Камандзiра ўзвода паранiла. Камандаванне прыняў на сябе Люцко. Байцы пачалi ратаваць параненага камандзiра, а Люцко разам з iншымi сапёрамi паўзлi пад абстрэлам наперад. Арсеня таксама паранiла ў бядро. Апошнiя мiны ён здымаў амаль у непрытомнасцi.

— Забыўся пра ўсё, у галаве была адна думка: мiны, мiны, — успамiнае ветэран. — Ногi не дзейнiчаюць, падцягнуся на руках, абяззброю мiну i падцягваюся да наступнай. Ачнуўся, калi хлопцы на плашч- палатцы валаклi мяне назад.

За гэты подзвiг Арсень Люцко ўзнагароджаны ордэнам Славы. Нядоўга прабыўшы ў шпiталi, вярнуўся ў сваю роту. Часцi 51-й армii, якой была прыдадзена 12-я штурмавая брыгада, працягвалi вызваляць Крым. Наперадзе была Балаклава. У балаклаўскай далiне ад крывi пачырванела вада ў рацэ — такiмi жорсткiмi былi баi за гэты горад, якi адкрываў шлях на Сiмферо-паль. Першымi на вулiцы Балаклавы прабiлiся ўзвод лейтэнанта Еврэйнава i аддзяленне Люцко. 19-гадовы юнак стаў вопытным байцом.

Перад штурмам варожых умацаванняў на сусветна вядомай цяпер Сапун-гары Люцко выклiкаў камандзiр узвода разведкi Азiмаў. Ён паставiў перад байцом складаную задачу: разведаць агнявыя кропкi i ўмацаваннi ворага на Сапун-гары, усё ўбачанае нанесцi на карту.

Ранiцай 6 мая 1944 года разам з Мiхаiлам Валынцом яны прабралiся да першай абароннай лiнii ворага. Фашысты нервавалiся, асвятлялi i абстрэльвалi пярэднi край, але байцы выявiлi агнявыя кропкi, кулямётныя гнёзды, гарматы i занеслi iх на карту ўмацаванняў.

Назаўтра пачаўся штурм варожых умацаванняў на подступах да Севастопаля. Байцы метр за метрам прасоўвалiся наперад. Люцко i тут быў наперадзе атакуючых. Ён не адразу адчуў боль: асколкамi снарада паранiла абедзьве рукi. Побач пачуўся моцны стогн. На дне варонкi ляжаў сяржант Iван Чаркашын. Правая яго рука вiсела, кроў бiла фантанам. Перамагаючы боль, Люцко перавязаў яму руку, узвалiў сябра на плечы i стаў выбiрацца з варонкi.

— Пакiнь ты мяне, Арсень, — прастагнаў Чаркашын, — ратуйся сам, ты ж таксама паранены.

Але Люцко дацягнуў сябра да медпункта i перадаў медыкам. Яго таксама перавязалi, але ехаць у шпiталь ён адмовiўся. Iван Чаркашын i цяпер пiша Арсеню Васiльевiчу пiсьмы падзякi.

Дзень Перамогi Арсень Люцко сустрэў у сырых акопах у аўстрыйскiх Альпах. Аднымi з апошнiх сапёрных аперацый былi размiнiраваннi будынка Венскага опернага тэатра, сабора Святога Стэфана. Усяго за гады вайны сапёр-разведчык Люцко абясшкодзiў больш як дзве тысячы мiн i ўзрыўных сiстэм. I кожная з iх магла быць апошняй...

Подзвiг у аўстрыйскай сталiцы адзначаны медалём «За ўзяцце Вены», яшчэ раней Арсень Люцко атрымаў аналагiчны медаль за Будапешт. Цяпер на мундзiры палкоўнiка ў адстаўцы А.В. Люцко 36 узнагарод, сярод якiх ордэны Славы 3-й ступенi, Айчыннай вайны 1-й ступенi, «Знак Пашаны», некалькi ўзнагарод балканскiх дзяржаў, Украiны i Малдовы, юбiлейныя медалi. У яго таксама сем падзяк Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

…У салдацкай казарме пасля адбою наступае цiшыня. Але сны ў франтавiкоў трывожныя: эпiзоды нядаўнiх баёў вярэдзяць душу. Разам з гэтым маладому сяржанту мроiцца iншае: як там будзе ў мiрным жыццi яму, iнвалiду. Як нейкае ганебнае кляймо, гэта не давала спакою Арсеню Люцко, i ён вырашыў: пры паступленнi на работу або вучобу трэба ўтаiць iнвалiднасць.

З невялiкiм чамаданчыкам прыехаў франтавiк у родныя Чыжэвiчы, дзе яго ўжо двойчы пахавалi. Тут ён даведаўся, што яго браты загiнулi ў ваенным агнi.

Пасля нядоўгiх разважанняў Арсень вырашыў працягваць вучобу. Закончыў партыйную школу, працаваў у камсамольскiх i партыйных, гаспадарчых органах, у 1956 годзе пасля заканчэння БДУ атрымаў дыплом юрыста i быў абраны народным суддзёй Ленiнскага раёна беларускай сталiцы. Адсюль яго перавялi ў Мiнскi абком КПБ, дзе ён курыраваў групу раёнаў i сельскiя адмiнiстрацыйныя органы вобласцi.

Прага да новых ведаў не давала спакою. Таму падчас работы ў аддзеле адмiнiстрацыйных органаў ЦК КПБ, дзе яму даручылi нагляд за дзейнасцю ўстаноў аховы здароўя i сацыяльнага забеспячэння, заняўся даследчай навуковай работай.

Ён прааналiзаваў архiўныя матэрыялы па рабоце з кадрамi ў 1943—1945 гадах ва ўсiх рэгiёнах рэспублiкi. Настойлiвая праца над гэтымi матэрыяламi, творчыя камандзiроўкi на месцы вылiлiся ў кандыдацкую дысертацыю, якую А. Люцко абаранiў у 1972 годзе.

Пасля таго як атрымаў ступень кандыдата гiстарычных навук, Арсень Васiльевiч стаў дацэнтам кафедры крымiнальнага i грамадзянскага права Мiнскага iнстытута кiравання. Паралельна вучыўся на аддзяленнi журналiстыкi ВПШ, стаў паза-штатным карэспандэнтам «Звязды». Закончыць вучобу яму не ўдалося.

— Хопiць ужо вучыцца, — пажартаваў П.М. Машэраў, адклiкаўшы яго з чарговай камандзiроўкi. — Ёсць думка даручыць табе пасаду намеснiка мiнiстра сацыяльнага забеспячэння. Гэтую галiну ты ведаеш, i лiчу, што справiшся.

З красавiка 1974 года А.В. Люцко на адказнай пасадзе. Многiм людзям дапамог, асаблiва клапацiўся пра ветэранаў вайны.

У той час ён таксама быў прадстаўнiком ад Беларусi ў Пастаяннай камiсii ААН сацыяльнага развiцця сусветнага сацыяльнага становiшча. На адным з пасяджэнняў у Вене да Арсеня Васiльевiча падышоў дэлегат ад ФРГ i завёў размову аб неабходнасцi прымi-рэння нашых народаў. У якасцi аднаго з першых крокаў выказаў прапанову ўпарадкаваць магiлы салдат вермахта на тэрыторыi нашай рэспублiкi, для чаго неабходна было б з нашага боку адвесцi ўчасткi зямлi.

У Люцко пацямнела ў вачах, але ён стрымаўся i расказаў субяседнiку пра свайго брата, якога павесiлi фашысты, пра iншых братоў, што загiнулi на франтах. Прыгадаў i адзiн эпiзод са свайго франтавога жыцця.

…Невялiчкая група нашых разведчыкаў зайшла адпачыць у адну вясковую хату ва Украiне, але мясцовы здраднiк паведамiў пра гэта фашыстам. Тыя на броне-транспарцёрах наляцелi на вёску. Разведчыкi непрыкметна адышлi i з вялiкiм жалем назiралi за расправай ворагаў над мiрнымi людзьмi. Усiх жыхароў фашысты выгналi на дарогу i палажылi ў каляiны. Зараўлi маторы, i машыны рынулiся па жывых людзях…

Расказаўшы пра гэта, Арсень Васiльевiч спытаў субяседнiка, як, на яго думку, нашаму народу забыцца пра гэта i аддаць сваю зямлю пад перапахаванне такiх вырадкаў? Немец моўчкi адышоў.

Сёння А.В. Люцко глыбока абураны спробамi перапi-саць гiсторыю Другой cусветнай вайны, абялiць фашысцкую нечысць, iх памагатых, прынiзiць ролю СССР у перамозе, вызваленнi Еўропы.

На ўзбраеннi ветэрана цяпер вострае пяро публiцыста. Раней адначасова з выкладчыцкай i адмiнiстра-цыйнай работай А.В. Люцко напiсаў тры манаграфii i кнiгу «Памяць сэрца» — пра вайну i пасляваеннае палiтычнае становiшча. Ёсць у Арсеня Васiльевiча думка напiсаць яшчэ адну кнiгу пра тую страшную трагедыю, якой была Другая cусветная вайна, каб людзi цвёрда памяталi пра яе i не дапускалi новых ваенных трагедый.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter