Перад цырульнікам усе галовы схіляюць

Сярод прафесій, служачых прыгажосці, цырульнік — у ліку першых

Сярод прафесій, якія закліканы служыць прыгажосці, прафесія цырульніка — у ліку першых. Знайсці свайго майстра жадае кожны. І калі жанчына прыгожа выглядае, першае, што ў яе могуць спытаць: хто ваш цырульнік?

Прафесія гэта ў наш час настолькі «раскручаная», што праводзяцца нават чэмпіянаты па цырульнніцкім майстэрстве. Адзін з такіх «Стыль і прыгажосць» прайшоў у Беларусі з 7-га па 9 лістапада.

Што ж датычыцца прафесійнага прызвання Вольгі Таранавай, то яна паспела папрацаваць на розных работах. Закончыла тэхнікум лёгкай прамысловасці. У нашым горадзе па гэтай спецыяльнасці не надта і ўладкуешся. Таму папрацавала і страхавым агентам, і прадаўцом. Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе сына, неяк сустрэлася са сваёй аднакласніцай Таццянай Паўлючэнка. І не проста сустрэлася, а мела магчымасць паглядзець, як яна рабіла прычоску суседцы. Папрасіла, каб Таццяна падстрыгла і яе. У працэсе работы разгаварыліся. Таццяна сказала, што райспажыўтаварыства адкрывае цырульню «Мечта» і набірае майстроў. Таццяна прапанавала Вользе прыходзіць працаваць. Гэтая прапанова мела падставу. Некалі Вольга закончыла курсы цырульнікаў ад цэнтра занятасці, але ніводнага дня па гэтай спецыяльнасці не працавала.

Вольга прыйшла ў «Мечту» не ўладкоўвацца на працу, а паназіраць за работай майстроў. Таццяна ўжо мела вопыт, імідж, сваіх кліентаў. Побач працавала яшчэ адзін таленавіты майстар Іна Жук. Вольга сядзела і глядзела, лавіла кожны рух майстроў, унікала ва ўсё і да канца рабочага дня ўсё больш схілялася да таго, што заступіць на працу цырульнікам.

Так і працуе ў цырульні «Мечта» з дня яе адкрыцця, ужо чатыры гады. Памятае свой першы працоўны дзень і вячэрнюю прычоску — трэба ж, на доўгія валасы. Цяпер яна ўсміхаецца, а тады, прызнаецца, дрыжалі і рукі, і сэрца. Зараз Вольга Таранава — умелы і ўпэўнены майстар, рукі якой робяць прыгожыя мужчынскія і жаночыя стрыжкі і прычоскі, якія смела можна назваць аўтарскімі. І калі ў іншых творчых прафесіях на стварэнне шэдэўра ідуць месяцы, то цырульнік свае шэдэўры стварае кожны дзень і, выконваючы сваю справу, так ці інакш удзельнічае ў жыцці кліентаў.

Што ж думае сама Вольга пра сваю прафесію?

— Для мяне больш важна не даследаванне свайго стану, а той камфорт душы, які магчымы толькі тады, калі побач з табою аднадумцы, сапраўдныя сябры, — гаворыць Вольга. — У нас выдатны мікраклімат у цырульні. Таццяна Гарохавік — выпускніца Мінскага тэхналагічнага тэхнікума па спецыяльнасці «мастак-мадэльер», яна стыліст, майстар цырульніцкага майстэрства высокага класа. Прыходзяць маладыя цырульнікі і таксама выдатна працуюць, прыемна слухаць у іх адрас удзячнасць наведвальнікаў. Такія ў нас Юлія Плясецкая, Анастасія Пахомава. Побач — манікюрны кабінет, у якім стараюцца майстры сваёй справы Вольга Якусік і Анастасія Марчанка. Усе маладыя, ініцыятыўныя, вясёлыя. І прыгожыя, канешне. Мы ўдзячны кіраўніцтву Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства, што для нас аплачваюцца курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, наведванне спецыялізаваных выстаў, дзе мы можам развівацца прафесійна, удасканальвацца.

Пра ініцыятыўнасць і творчасць дружнага калектыву цырульні «Мечта» сведчыць не толькі прафесіяналізм майстроў на рабочым месцы, але і дызайн цырульні. Ён настолькі адметны, што кожны ўбачыць тут аўтарскі почырк і эксклюзіў.

Дзяўчатам надакучылі бляклыя сцены, і яны вырашылі самі зрабіць касметычны рамонт. Спатрэбілася ім для гэтага нямнога часу — вечар рабочага дня і наступны (санітарны) дзень. Дзяўчаты купілі самі фарбу — выбралі некалькі колераў, пэндзлі. Выдатны мастак Таццяна Гарохавік зрабіла эскізы, распісала сцены, і ўсе разам расфарбавалі ўзоры.

Перад Новым годам райспажыўтаварыства зробіць падарунак жыхарам Стоўбцаў. Яшчэ адна цырульня спажывецкай кааперацыі — «Шарм», якая працуе на прывакзальнай плошчы, вось-вось плануе пераехаць у новае памяшканне і стаць салонам. Каб ажыццявіць такі праект, райспажыўтаварыства праводзіць цяпер рамонт у былым ведамасным інтэрнаце. Укладваюцца немалыя сродкі для стварэння адпаведнага інтэр’ера, будуць закуплены новае абсталяванне і мэбля.

Майстры цырульніцкага майстэрства Ядвіга Шкляр, Надзея Халопіца, Тамара Турко, Яўгенія Рэвінская гатовы прыняць кліентаў і стварыць ім шарм.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter