Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларуская суполка “Прамень” зладзіла ў Рызе вялікае Каляднае свята

Перад Сонцам усе роўныя

Здаўна ў беларусаў снежань ды студзень — святочная пара. Як вядома, раней нашы продкі святкавалі Каляды, язычніцкае ўшанаванне Сонца, калі “на вераб’іны крок” пачынаў прыбываць зімовы дзень. У наш час гэтае прыроднае таямніцтва, якое мае і вялікі духоўны, культурны сэнс, прыпадае на 25 снежня. Зрэшты, у гэты ж час у каталіцкім, пратэстанцім свеце мільёны людзей і святкуюць Раство Хрыстова. Ну а потым яшчэ ў календары — святкаванне і Новага года, і Раство Хрыстова па праваслаўнай традыцыі, ды і так званы Стары Новы год, а на заканчэнне Святак — Вадохрышча, ці Хрышчэнне Гасподняе. Карацей, святаў зімовых — на ўсе густы!

Якраз да свята выйшаў чарговы нумар газеты “Прамень”

Святочная пара была і ў беларусаў Рыгі. Вялікую, прыгожую Калядную імпрэзу зладзіла 13 студзеня нашае Рыжскае беларускае таварыства “Прамень”, якім кіруе Алёна Лазарава. Пад час яго мы згадвалі, што ў народнай традыцыі Каляды — гэта вялікае свята, якое ў кругавароце дзён азначае паварот Сонца з зімы на лета. Ушаноўваючы “уваскрэслае Сонца”, якое з кожным днём усё вышэй узыходзіць на неба, беларусы і цяпер ладзяць шматлікія забавы, гульні, катанні з горак. Гурты калядоўшчыкаў яшчэ й цяпер ходзяць у такую святую пару ад хаты да хаты, спяваюць Калядныя песні-шчадроўкі, у якіх віншуюць-велічаюць гаспадараў хатаў, дамоў, палацаў (перад Сонцам жа ўсе роўныя!) ды іх сем’і, жадаюць ім дабрабыту і здароўя. А яшчэ ў такую пару варажылі раней, ды і цяпер варожаць на добры ўраджай і падзеі на будучыню, стараюцца задобрыць сілы Прыроды і багоў. А як задобрыць? Радасцю, весялосцю!

Урачыстую частку нашай імпрэзы адкрыў святар пратаіерэй Алег Пялевін, які сардэчна павіншаваў усіх з Новым годам, пажадаў здароўя і бадзёрасці ды блаславіў беларускую грамаду на новыя творчыя знаходкі, здзяйсненні. Потым Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі Аляксей Васількоў вітаў грамаду. Казаў, што прыемна яму бачыць на вечарыне так многа людзей, якія шануюць традыцыі сваёй этнічнай радзімы і сяброўскія стасункі ў дыяспары.

Старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова таксама вітала ўсіх, хто прыйшоў на свята, віншавала з Новым годам і пажадала і надалей берагчы, развіваць нашу мову, культуру і традыцыі беларусаў, цесна супрацоўнічаць з Бацькаўшчынай, а Латвіі, дзе мы жывём — росквіту і дабрабыту.

Затым распачалося вялікае Каляднае прадстаўленне, якое падрыхтавалі таленавітыя актывісты беларускага таварыства “Прамень” і ансамбля беларускай песні “Надзея”. Выдатна адыгралі свае ролі Гаспадара і Гаспадыні Юзік Цыргановіч і Галіна Междрэя. Цудоўна здзейснілі Шчадроўны абрад калядоўшчыкі пад кіраўніцтвам Ларысы Люцько. Калядоўшчыкам не шкадавалі мы апладысментаў, а таксама й прысмакаў.

Пасля рыжан сваю яркую праграму паказалі нашы госці: ансамбль “Завіруха” з Екабпілса на чале з Валянцінай Дарашчонак, якая ўзначальвае там беларускую суполку “Спатканне”. Пастараліся ж супляменнікі  на славу. У іх уся атрыбутыка адпавядала народнай традыцыі: была і Віфлеемская зорка, і Каза, якая ў беларусаў сімвалізуе плоднасць (і ў поле, і ў хляве, і ў хаце), і Цыганка, і нават Мядзведзь з Механошам. Гучалі песні, жарты, прымаўкі... Ну проста душа радавалася ды спявала разам з гасцямі! І мы не шкадавалі сваіх далоняў. Пазней да гасцей далучыліся й спевакі з ансамбля “Надзея”, і свята прадоўжылася ў добразычлівай атмасферы еднасці, цеплыні.

Калі ж артысты ўсіх пацешылі, з’явіўся і Дзед Мароз (Міхал Саўчук) ды Снягурка (Вольга Лукша). Былі жарты, цікавыя нумары з прызамі. Дзве цудоўныя дзяўчыны — Аня і Яна Лазаравы — вучылі ўсіх танцаваць, і хутка многія сталі ў карагод. Было шумна, весела, утульна. Кожны адчуваў сябе сярод сваіх, а настрой быў такі, што душа спявала. Так што — вялікі дзякуй за такую актыўную творчую дзейнасць і суполцы “Прамень”, і яе энергічнай старшыні Алёне Лазаравай, якая ўмее захапіць людзей чарговай арыгінальнай задумкай, аб’яднаць і прыўзняць над штодзённасцю.

Алёна Міцкевіч, член рэдкалегіі газеты беларусаў Латвіі “Прамень”

Голас Радзімы № 4 (3556), чацвер, 25 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter