Пераадоленне духоўнай смерці

Католікі ўсяго ­свету і хры­сціяне некаторых іншых канфе­сій адзначаюць свята Вялікадня 4 кра­савіка. Праз месяц свята Пасхі ў нашай краіне будуць адзначаць праваслаўныя вернікі.

Розніца ў святкаванні галоўнай хрысці­янскай урачыстасці абумоўлена розніцай вызначэння даты Пасхі. Спрошчана кажучы, Вялікдзень адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай вясновай поўні Месяца, але не раней за дзень вясновага раўнадзенства, гэта значыць, не раней за 21 сакавіка. Дзень 21 сакавіка ў Каталіцкім касцёле і ў пратэстантаў вызначаецца па грыгарыянскім календары — тым, якім мы карыстаемся ў штодзённым жыцці, а ў Праваслаўнай царкве гэта дата вызначаецца па юліянскім календары.

Сэнс свята Пасхі здаецца відавочным. У гэты дзень мы вітаем адзін аднаго словамі: «Хрыстос Уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» Значыць, у гэты дзень мы святкуем уваскрасенне Хрыста з мёртвых і верым ва ўваскрасенне лю­дзей у канцы часоў. Нельга дапусціць у нашых сям’ях патуранне розным забабонам, якія супярэчаць такому разуменню Вялікадня. Напрыклад, часта можна пачуць пытанне: «Ці можна на Пасху фарбаваць яйкі ў чырвоны колер, калі нядаўна ў сям’і нехта памёр?» Можна і нават трэба, бо Хрыстос — пераможца смерці.

У Пасхальнай урачыстасці ёсць яшчэ больш глыбокае значэнне. На ўсходніх хрысціянскіх іконах Уваскрэслы Хрыстос прадстаўляецца як той, які пасля сваёй смерці выводзіць некаторых памерлых да вечнага Святла. Змест гэтых абразоў падкрэслівае хрысціяскую праўду аб тым, што наша сапраўдная праблема не ў біялагічнай, а ў духоўнай смерці. Хрыстос гаворыць пра духоўную смерць у прыпавесці пра міласэрнага бацьку, ці як яе яшчэ называюць — пра марнатраўнага (блуднага) сына. Бацька звяртаецца да старэйшага сына пасля вяртання малодшага, кажучы, што «ён быў мёртвы і ажыў». Бацька гаворыць пра жыццё і смерць не ў біялагічным, а ў духоўным сэнсе. Паводле Бібліі, «быць мёртвым» часцей за ўсё значыць быць аддаленым, адасобленым ад Бога і ад іншага чалавека. Калі людзі моцна паспрачаюцца, яны не хочуць бачыцца, паміж імі ўзнікае сцяна. Гэта вобраз духоўнай смерці, якая наступае з-за чалавечых грахоў. Уваскрасенне з мёртвых — гэта найперш пераадоленне духоўнай смерці.

Пасля біялагічнай смерці адбываецца працяг таго, што мы выбіралі падчас зямнога жыцця. Калі мы ў нашым асяроддзі будавалі сцены паміж людзьмі, былі занятыя толькі сабой, значыць, мы выбралі духоўную смерць — вечнае аддзяленне ад Бога і ад любой формы любові. Калі ж мы не былі зацыкленыя толькі на сабе, будавалі з Богам жывыя адносіны, то гэта выбар вечнага жыцця, а значыць — вечнага прабывання ў бясконцым шчасці.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter