У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна Мінска пажылых людзей пачалі вучыць карыстацца смартфонамі

Пенсiя ў стылi смарт

У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна Мінска пажылых людзей сталі вучыць карыстацца смартфонамі.


Людмілу Крашчанка можна параўнаць з блогерам. Куды б яна ні прыходзіла, абавязкова фатаграфуе на тэлефон. Але не для таго, каб выкласці ў сацсеткі.

— Хоць і такое здараецца. Часцей за ўсё раблю гэта дзеля зручнасці. Навошта запамінаць рэжым работы паліклінікі і запісваць ад рукі расклад транспарту? Націснуў кнопку камеры ў смартфоне — і даныя заўсёды пры табе. Калі я хадзіла па сэрвісных цэнтрах і выбірала тэлефон, кансультанты глядзелі здзіўлена, маўляў, навошта табе, бабуля, камера i інтэрнэт? Ох ужо гэта моладзь — гатовы пахаваць нас, — весела падміргвае жанчына, а ёй, між іншым, 70 гадоў. Але Людміла Мікалаеўна лічыць, што гэта самы ўзрост для развіцця:

— З дапамогай смартфона і інтэрнэту і чытаю, і размаўляю з рознымі людзьмі, і ўдзельнічаю ў вэбінарах. 

Людміла Крашчанка і яшчэ шэсць чалавек з гэтага года сталі наведваць курс навучання на смартфоне.

— Навучанне праводзіцца толькі для пенсіянераў, — удакладняе загадчык аддзела дзённага знаходжання для людзей сталага ўзросту ТЦСАН Цэнтральнага раёна Мінска Людміла Аўдзеева. — Курс разлічаны на 12 заняткаў.

Выкладчык Арцём Юркевіч вучыць карыстацца базавымі праграмамі, тлумачыць, як захоўваць файлы, фатаграфаваць, апрацоўваць здымкі, слухаць музыку... Дарэчы, у інтэрнэце ўжо ёсць некалькі акаўнтаў, дзе «раскручваюць» свае старонкі жанчыны і мужчыны ў гадах. Напрыклад, 86-гадовая прабабуля з нікам baddiewinkle амаль кожны дзень дзеліцца фотаздымкамі са сваімі 200 тысячамі падпісчыкаў у Твітары і больш чым 30 тысячамі ў Інстаграм. Цікаўлюся ў нашых прыгажунь, ці не плануюць яны пайсці па яе слядах.

Людміла Мікалаеўна разважае: «Я стварыла сваю старонку на многіх пляцоўках, але не для таго, каб раскруціцца. Для мяне гэта акно ў свет. Ці маглі мы калісьці ўявіць, што веды могуць быць такімі даступнымі».

Мілана МІЛЕЎСКАЯ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter