Сбор и выезд по тревоге — 30 секунд: так работает пожарная команда военной авиабазы

Пена на ўзлётнай паласе

50-я змяшаная авіябаза ў Мачулішчах. Менавіта тут месціцца ваенная транспартная авіяцыя, ударныя верталёты. Нясуць пастаяннае баявое дзяжурства. Таму мясцовае неба і авіятары — добрыя знаёмыя. Пра майстэрства пілотаў мы пішам часта — і гэта заслужаныя дыфірамбы. Але сёння не пра іх. На першы план выхо­дзяць тыя, хто гарантуе бяспеку палётаў — ваенная каманда супрацьпажарнай абароны і аварыйна-выратавальных работ. Карэспандэнт «Р» заступіў на дзяжурства з ваеннымі ратавальнікамі і расказвае пра іх працу.  

15 чалавек пажарнай каманды сцерагуць ад надзвычайных сітуацый аэрадром, аб’екты вайсковай часткі і ў цэлым увесь пасёлак Мачулішчы.

 Ліга выбітных джэнтльменаў

15 чалавек пажарнай каманды сцерагуць ад надзвычайных сітуацый аэрадром, аб’екты вайсковай часткі і ў цэлым увесь пасёлак Мачулішчы. Кіруе імі старшы лейтэнант Аляксандр Мельнікаў — начальнік пажарнай службы і аварыйна-выратавальных работ:

— Пакуль нашай машыны няма на ўзлётнай паласе, ні адзін пілот нават рухавік не запусціць. Тэхніка бяспекі.


У парку — чатыры аэрадромныя машыны. Цыстэрна МАЗ — маладое папаўненне. Пад яе і новы бокс пабудавалі. Гэты МАЗ трохі адрозніваецца ад сваіх сабратоў, што служаць у МНС. Нясе на сабе 12 тон вады і 1350 — пенаўтваральніка. Можна тушыць «па гусце» — вадой ці пенай. Сваю нялёгкую паклажу хутка раздорыць — цэнтральная помпа падае 70 літраў вады ў секунду.  Ёсць і варыянт тушыць без вады. Як гэта? У кожным паветраным судне ёсць асаблівыя ўчасткі, яны прамаркіраваны проста на борце. Ратавальнікі прабіваюць іх адмысловым ломам, як пакуначак соку трубачкай.

У парку — чатыры аэрадромныя машыны.

— У нашым арсенале — вуглекіслотныя балоны і лом-прабойнік з дзюралевым наканечнікам, — новай машынай Аляксандр Мельнікаў задаволены. — Прабіваем фюзеляж, запускаем вуглекіслату — і, нават не трапляючы ўнутр, ліквідуем полымя. За­мкнёную прастору заўсёды лягчэй тушыць.

Ёсць у камплекце новай машыны і стандартны набор аварыйна-выратавальных інструментаў: бензарэз, дыскавая піла, гідраўлічныя кусачкі. Цеплаадбівальныя касцюмы ТОК-800, серабрыстыя, блішчаць на сонцы, разлічаны для працы ў гарачых умовах — да 800 градусаў. Дарэчы, рабочыя тэмпературы пры тушэнні паветранага судна.  

Стаміўся. Прылёг на пенную падушку

У небе што-небудзь здарылася — на зямлі гатоўнасць. Умоўна — шасі самалёта не выйшла вонкі, выхад — садзіцца на пуза. Трэцца ім аб бетон — ідуць іскры і пачынаецца ўзгаранне. Так адбудзецца, калі ў справу не ўмяшаецца ваенная пажарная каманда.



— Укладваем на паласе пенную падушку, звычайна ў паўметра вышынёй, — расказвае Аляксандр Мельнікаў.

Кожная машына выдае пены на 12 метраў у шырыню. На паласе ідуць побач, як камбайны ў полі, тры аэрадромныя машыны — падушка ўжо на 36 метраў, не прамахнешся. Іншая легенда. Жорсткая пасадка верталёта, праліў паліва, пілоты заблакіраваны ў кабіне. Яе і пакажам.

На ляту ратавальнікі ўскочылі ў ярка-аранжавае баявое адзенне. Удаласці ў іх хоць адбаўляй — маладосць!

Спрацоўвае пажарная трывога. Збор і выезд па трывозе — 30 секунд. На ляту ратавальнікі ўскочылі ў ярка-аранжавае баявое адзенне. Удаласці ў іх хоць адбаўляй — маладосць! Разлікі спяшаюцца з бокса. Ззяе люстра спецсігналаў. На верталётнай стаянцы маюць патрэбу ў іх дапамозе. У кабіне ўдарнага верталёта Мі-24 лётчык без прытомнасці. Яго роля на мне. Апрануты па форме: у лётнай куртцы, сінім касцюме пілота, на галаве — шлем. Перад выездам на ўзлётную паласу цыстэрна мые колы ў спецыяльнай «ванначцы». Гэта зусім не патрабаванне этыкету. За чысцінёй узлёткі старанна сочаць, каб шалёны камень з паласы не заляцеў у рухавік самалёта, верталёта.




У кабіне ўдарнага верталёта Мі-24 лётчык без прытомнасці. Яго роля на мне.

Першы разлік кладзе пенную падушку, другі аблівае корпус верталёта вадой -працуе на астуджэнне, трэці ратуе пілота. Літаральна за хвіліну — уся верталётная стаянка ў пене. Прыгожа. Ратавальнікі беражліва дастаюць мяне з Мі-24.


Першы разлік кладзе пенную падушку, другі аблівае корпус верталёта вадой — працуе на астуджэнне, трэці ратуе пілота. 

Верталёт патушылі — пілот цэлы і здаровы. Добрая праца, хлопцы! Цыстэрны вярнуліся ў боксы, пена асела і высахла. А мне на памяць засталіся яркія ўражанні і гэтыя фотаздымкі.

Верталёт патушылі — пілот цэлы і здаровы. Добрая праца, хлопцы!


ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter