«Пегас воз цягне, але накульгвае...»

Дабрынi  i  памяркоўнасцi  Леанiда  Левановiча  навучылi  бацькi  i...  пчолы

Дабрынi  i  памяркоўнасцi  Леанiда  Левановiча  навучылi  бацькi  i...  пчолы

— Калi не супраць, шаноўны Леанiд Кiрэевiч, то пачнём нашу гутарку з новага рамана – “Бесядзь цячэ ў акiян”, выдадзенага нядаўна ў выдавецтве “Кнiгазбор”. Тут я знайшоў старонкi, якiя ў свой час друкавалiся ў нашай газеце… 

— Сапраўды, менавiта ў “Рэспублiцы”, якая, на маю (i не толькi маю!) думку, вельмi памяркоўна ставiцца да творчага люду, быў надрукаваны ўрывак з будучага рамана. У iм апiсваецца малавядомая сустрэча чатырох кiраўнiкоў, якiя ў розныя гады былi на пасадзе генеральнага сакратара ЦК партыi: Брэжнева, Чарненкi, Андропава i Гарбачова ў вераснi 1978 года на станцыi Мiнеральныя воды… 

— Можа, i вы там прысутнiчалi?  

— Разумею падтэкст пытання, хоць яно i гучыць, як жарт. Канешне, мяне б туды не падпусцiлi. Але засталiся архiвы, успамiны людзей, якiя былi сведкамi той памятнай сустрэчы. Нарэшце, у лiтаратурным творы дапускаецца i пэўная доля аўтарскага вымыслу, калi ён не супярэчыць зместу i логiцы падзеi, характарам i звычкам дзеючых асоб… Да таго ж хоць гэты эпiзод i iграе пэўную ролю ў кантэксце рамана, але ён далёка не асноўны. Наогул, мая “Бесядзь…” – шматпланавы твор пра жыццё ў 80-я гады ХХ стагоддзя. Падзеi адбываюцца ў вёсцы Хатынiчы, Магiлёве i Мiнску. Сярод герояў твора — партыйныя функцыянеры, тэлежурналiсты, старшынi калгасаў, настаўнiкi, лесаводы, паляўнiчыя, пчаляры. 

— У вашых творах так многа дабрынi i памяркоўнасцi, што мiжволi задумваешся, адкуль такiя якасцi i як удаецца вам захаваць iх у наш тлумны i даволi жорсткi век? 

— Вялiкую ролю адыгралi бацькi. Iхнiя гены, iхнiя паводзiны – тая ахоўная грамата, якую я атрымаў разам са сваiм нараджэннем i якой строга кiруюся ў паўсядзённым жыццi. Мо таму i збег ад гарадскога тлуму ў вёску. Выдатна адчуваю сябе сярод яе жыхароў, у асяроддзi, напоўненым гукамi i колерамi матухны-прыроды… Напрыклад, пчалярства для мяне не проста гаспадарчы, хай сабе i карысны, занятак, але i роздум пра разумных iстот, якiя ў адрозненне ад людзей умеюць граматна будаваць сваю жыццядзейнасць па правiлах, суладных з законамi прыроды. У пчол трэба вучыцца працавiтасцi, руплiвасцi, калi хочаце, мудрасцi i ўмельству. Заўсёды здзiўляюся, як яны будуюць соты: усе разам, талакою, i нiводная не схiбiць. 

— А цi ўдаецца ў глыбiнцы сачыць за лiтаратурным жыццём, якiя праблемы здаюцца вам адтуль асаблiва актуальнымi? 

— Я ўважлiва сачу за творчасцю сваiх калег, i сякiя-такiя думкi на гэты конт нараджаюцца. Напрыклад, гляджу тэлеперадачы з музыкальных фестываляў. Звяртаю ўвагу на тое, што аб’яўляюць прозвiшчы спевака i кампазiтара, а вось пра аўтара тэкста песнi, здараецца, забываюць нагадаць… Але ж лiтаратура – гэта першааснова, хлеб мастацтва. Паэт — той Пегас, якi цягне за сабой увесь воз, запоўнены памкненнямi iншых работнiкаў  культуры… На жаль, у апошнiя гады i наш Пегас моцна накульгвае. Спашлюся на ўласны прыклад. Свой раман “Сiняе лета” надрукаваў у часопiсе “Полымя” ў 1998-м, а асобнай кнiгай ён выйшаў у 2005 годзе… 

А што ляжыць сёння на палiцах кiёскаў? На Мiнскiм цэнтральным аўтавакзале iх некалькi, але цi ўбачыце хоць адну кнiгу на беларускай мове? Цi ёсць там творы сучасных таленавiтых беларускiх лiтаратараў Людмiлы Рублеўскай, Раiсы Баравiковай, Алеся Наварыча, Адама Глобуса, Андрэя Федарэнкi i многiх iншых, не кажучы пра класiкаў? На гэтую акалiчнасць звярнуў увагу нават нобелеўскi лаўрэат Жарэс Алфёраў. Аднойчы ён слушна заўважыў: беларуская лiтаратура вельмi багатая, але ў свеце пра яе мала ведаюць, бо мала перакладаў… 

— Ведаю, раней актыўна дзейнiчала бюро прапаганды беларускай лiтаратуры… 

— Я супрацоўнiчаў з гэтым бюро, па 100—120 выступленняў перад чытачамi рабiў штогод… Нешта не чуваць цяпер пра яго дзейнасць. А дарэмна! Мабыць, не трэба забываць правераныя практыкай формы работы з чытачамi. 

— Дзякуй за гутарку. 

P.S. Пакуль рыхтавалася публiкацыя, пчолкi на пасецы Леанiда Левановiча сабралi бочку мёду. Вось у каго трэба вучыцца стараннасцi i працавiтасцi! 

-------------------------

Вiзiтоука 

Леанiд Левановiч (Лявонаў) нарадзiўся 14 верасня 1938 года ў вёсцы Клеявiчы Касцюковiцкага раёна. Скончыў Магiлёўскае культасветвучылiшча. Служыў на Балтыйскiм флоце i завочна вучыўся на журфаку БДУ. Працаваў у рэспублiканскiх газетах, тыднёвiку “Лiтаратура i мастацтва”, часопiсах “Нёман”, “Полымя”, на Беларускiм тэлебачаннi, у выдавецтве “Мастацкая лiтаратура”. 

Аўтар кнiг публiцыстыкi i прозы “Зялёны трохкутнiк”, “Мадонна з кветкаю”, “Валанцёр свабоды”, ”Шчыглы”, “Хлеб i мужнасць”, “Вяртанне ў радыяцыю” i iнш. Лаўрэат Лiтаратурнай прэмii iмя Iвана Мележа i прэмii Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi. Апошнiм часам стала жыве ў вёсцы Пятрылава на Вiлейшчыне, займаецца пчалярствам, сее грэчку, рапс, фацэлiю, дае парады пчалярам у часопiсе “Гаспадыня”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter