У Мiнску завяршаецца будаўніцтва новай веладарожкі

Педальны залiк

Веласпорт у нашай краіне імкліва набірае папулярнасць. І Мінск з задавальненнем падтрымлівае гэтую тэндэнцыю: так, напрыканцы жніўня завершыцца будаўніцтва веладарожкі ў Серабранцы, а ў Ленінскім раёне ў верасні плануюць адкрыць тры велагаражы. Карэспандэнт «Р» праехалася па новым маршруце каля Лошыцкага парку, а таксама даведалася пра перспектывы веларуху ў Мінску.

Новы веламаршрут пачынаецца з вуліцы Якубава.

Бярэ свой пачатак новы 1,2-кіламетровы веламаршрут, які абышоўся гораду ў 1,13 млн долараў, ад вуліцы Якубава. Нягледзячы на тое, што аб'ект яшчэ не здадзены (ён гатовы на 95—98%), дарожку ўжо паспелі аблюбаваць мясцовыя веласіпедысты. Адна з іх, Сяліна, спыняецца, каб адпачыць, і я, скарыстаўшыся момантам, цікаўлюся пра яе ўражанні ад маршруту.

— Асабіста я ў захапленні, што ў нашым раёне з’ явілася камфортная дарога для перамяшчэння веласіпедыстаў, — ахвотна падтрымлівае гутарку дзяўчына. — Раней вуліцы Якубава і Маякоўскага злучала вузкая сцяжынка, дзе двум веласіпедыстам немагчыма было раз'ехацца. Прасцей таксама стала трапіць у Лошыцкі парк.

Да веласіпеднай дарожкі прымыкае двухметровая пешаходная зона, па якой я накіроўваюся ў пункт пракату веласіпедаў і сустракаю жыхароў Серабранкі, якія няспешна шпацыруюць. Яны таксама рады новым маршрутам:

— Цудоўна, што тут усталявалі жалезабетонны мост. Раней быў вузенькі драўляны, дзе не тое што веласіпедыстам, але і проста пешаходам было цяжка размінуцца, — заўважае маладая пара.

Да завяршэння аб'екта засталося нанесці разметку, устанавіць знакі і аздобіць тэрыторыю малымі архітэктурнымі формамі.

Ехаць па новай дарожцы бяспечна: яна шырокая (1,2 метра) і дазваляе веласіпедыстам рухацца ў абодвух напрамках. Андрэй Якубоўскі, начальнік будаўнічага ўчастка, кажа, што да завяршэння аб’екта засталося ўсяго толькі нанесці разметку, устанавіць знакі і ўпарадкаваць тэрыторыю малымі архітэктурнымі формамі. У праекта ёсць і другі этап — пакуль перспектыўны. Ён прадугледжвае будаўніцтва двухкіламетровага ўчастка ад веладарожкі ў раёне вуліц Шэпічы і Якубава і далей уздоўж ракі Свіслач з прыпынкамі на пляцоўках адпачынку. Аднак ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Ленінскага раёна паведамілі, што праект яшчэ не гатовы і калі пачнуць будаўніцтва — невядома.

Веласіпедны спорт патрабуе і адпаведнай інфраструктуры. У ДУ «Мінскі гарадскі вучэбна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва» сцвярджаюць, што праца ў гэтым кірунку вядзецца актыўна:

— Калі ў 2014 годзе ў горадзе было 40 кіламетраў веладарожак, у 2015-м — 78, то на сённяшні дзень — ужо 140 кіламетраў. Плануем і далей павялічваць іх працягласць за кошт нанясення разметкі, піктаграм і знакаў, — падзяліўся планамі спецыяліст Сяргей Буднік.

Веласіпедысты могуць рухацца па новай дарожцы ў абодвух напрамках.

З сакавіка ў краіне рэалізуецца сумесны праект Цэнтра экалагічных рашэнняў з Мінскім веласіпедным таварыствам «Развіццё гарадскога веласіпеднага руху ў інтарэсах грамадскасці Беларусі», на які Еўрапейскі саюз выдзеліў 560 тысяч еўра. Намеснік дырэктара па праграмнай дзейнасці ЦЭР Дар'я Чумакова расказвае, што па праекце ўжо шмат зроблена: арганізоўваліся велафорумы, публічныя лекцыі, а таксама была адкрыта велашкола для дарослых, якія жадаюць навучыцца яздзе на веласіпедзе:

— Чарга туды распісана на два месяцы наперад! Мэта праекта, які называецца «Дзелавы веласіпед», наступная: мы хочам паказаць людзям, што веласіпед можа быць паўнавартасным транспартам, на якім можна і на працу даехаць, і дзіця забраць з садзіка.

У бліжэйшых планах Цэнтра экалагічных рашэнняў адкрыць у верасні тры велагаражы ў Ленінскім раёне, а таксама ўстанавіць у Мінску лічыльнікі, здольныя зафіксаваць колькасць веласіпедыстаў, якія праязджаюць штодзень па той ці іншай вуліцы.

matuzova@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter