Педагог дал рекомендации как подготовиться к ЦТ

Месяц застаецца да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове – 14 чэрвеня з гэтага іспыту пачынаецца экзаменацыйная дыстанцыя для абітурыентаў. Людміла Шавель, настаўніца беларускай мовы i лiтаратуры Негарэльскай СШ № 1, падзялілася парадамі, як эфектыўна рыхтавацца да іспыту. Яна вопытны педагог, якому ёсць чым ганарыцца. Падрыхтавала чатырох стабальнікаў.


Людміла Шавель расказвае па пунктах.

1. Падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання – гэта праца круглы год (і не адзін), аднак апошнія тыдні ўсё распісваецца да дробязей, бо неабходна паўтарыць ўсё, што пройдзена, сістэматызаваць. Вельмі важна не сапсаваць дзіцяці настрой, каб яно магло сабрацца, псіхалагічна настроіцца. Цэнтралізаванае тэсціраванне патрабуе многіх намаганняў, часу, душэўных перажыванняў. Таму працу з дзецьмі трэба наладжваць так, каб не губляць дарэмна часу, каб фізічных і псіхалагічных затрат было як мага менш.

Першае звяно ў сістэме падрыхтоўкі – падбор патрэбнай літаратуры, якая зможа паглыбіць веды вучня па прадмеце. Трэба падкрэсліць, што літаратуру прапаноўваю не толькі я сама, але і вучань займаецца яе пошукам, выкарыстоўвае Internet-рэсурсы.

2. Каб менш хвалявацца, выбірайце пункт здачы ЦТ, дзе ўжо здавалі рэпетыцыйнае тэсціраванне. Ці рэгіструйцеся разам з сябрамі ў аднолькавых пунктах здачы. Так вы будзеце адчуваць сябе больш упэўненымі.

3. Удзельнічайце ў розных мерапрыемствах па беларускай мове. Хадзіце на навукова-практычныя канферэнцыя, алімпіяды…

4. Чым больш тэстаў вы выканаеце перад ЦТ, тым вышэй будзе вынік.

Падрыхтоўку можна параўнаць са спартыўнымі заняткамі. Ты можаш чытаць бясконцую колькасць патрэбнай літаратуры, але пакуль не пачнеш праліваць пот у трэнажорным зале, нічога не будзе. Важны, як цяпер гавораць дзеці, лайфхак: бяром апошнія рэпетыцыйныя і дэманстрацыйныя тэсты, сістэматызуем іх, звяртаем увагу, па якіх правілах ёсць заданні. Любы тэст, які б ён добры ні быў, не можа ахапіць увесь курс беларускай мовы (праўда, ёсць такія задачы, дзе ў адным пункце ў цябе могуць праверыць вялікі раздзел). Паўтараем матэрыялы, абавязкова замацоўваем на прыкладах. Але помнім: заўсёды можа «стрэліць» новае правіла. Напрыклад, доўгі час не было заданняў на правапіс вялікай літары, а апошнія два гады запар нам іх прапануюць.

5. Паўтарыце правілы, словы-выключэнні, слоўнікавыя словы

Мае вучні робяць «ЛСМачкі» – логіка-сэнсавыя мадэлі. Іншымі словамі, апорныя канспекты. Я жартую: дзякуючы ім усе тэмы можна паўтарыць за хвіліну.

6. Асцерагайцеся «пастак»

Без уважлівасці на ЦТ ніяк. Многа заданняў з хітрынкай. Не заўважыш – і вось табе прыкрая памылка. Напрыклад, даюць заданне ўставіць літару «ў». А перад вачыма словы – полк, салдат. Лёгка трапіць у «пастку».

7. Ніколі не саромцеся падыходзіць да настаўніка з пытаннямі. Кожны момант, які не зразумелі, удакладняйце.

8. У арсенале настаўніка павінна быць мноства форм і метадаў навучання:

- лінгвістычнае назіранне;

- эксперымент;

- пошукавыя сітуацыі;

- маўленча арыентаваныя практыкаванні;

- розныя віды самастойнай дзейнасці (праца з вучэбнай і навуковай літаратурай, складанне арфаграфічных мінімаў, логіка-сэнсавых мадэляў, алгарытмаў, табліц і інш.).

Возьмем, напрыклад, метад «пошукавая сітуацыя». У ЦТ шмат заданняў, дзе трэба знайсці памылку. Складаную задачу вырашаю наступным чынам: мяняюся з вучнямі ролямі – яны становяцца настаўнікамі, якія павінны знайсці недакладнасць у тэксце.

9. Кантрольны тэст у канцы года

У канцы года для 11-класнікаў раблю аўтарскі кантрольны тэст на два ўрокі. Колькі чалавек у класе – столькі і варыянтаў. Дзеці ведаюць: спісаць нельга. Падбадзёрваю: «Калі напішаце мой тэст на 80 балаў, то менш за 70 на сапраўдным іспыце не атрымаеце. «Дзясятку» скідваю з-за хвалявання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter