На рынках дазволілі прадаваць закаткі, кулінарные і кандытарскія вырабы, прыгатаваныя ў хатніх умовах

Печыва свайго прыгатавання

Месяц таму ў пастанову Савета Міністраў № 686 «Аб стварэнні і функцыянаванні рынкаў» былі ўнесены змены. Адна з іх пашырыла магчымасці фізічных асоб, якія гандлююць прадукцыяй уласнага вырабу. Цяпер на рынках яны могуць выстаўляць на продаж кансерваваныя прадукты, кулінарныя і кандытарскія вырабы, прыгатаваныя ў хатніх умовах. Карэспандэнт «Р» схадзіла на Камароўскі рынак, дзе з'явілася першая кропка з дамашнім печывам, і даведалася, якія дакументы патрэбныя для таго, каб прадаваць сваю прадукцыю.


Дзяўчына гандлюе печывам хатняга прыгатавання ў форме кактусаў, матылькоў, грыбоў.
Месцы для фізічных асоб на рынках краіны прадастаўляюцца яшчэ з кастрычніка 2017 года, калі ўступіў у сілу Указ      № 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб». Так, напрыклад, на той жа «Камароўцы», куды мы зазірнулі, такіх пазначаных месцаў — 14. Але жадаючых іх заняць пакуль няшмат, распавядае Анжэла Барановіч, начальнік службы арганізацыі рыначнага гандлю Камароўскага рынку:

— Зараз пашырылі пералік прадукцыі, якую можна рэалізаваць. Магчыма, больш людзей захочуць гандляваць у нас. Пакуль яшчэ нямногія пра гэта ведаюць. Вось пазаўчора дзяўчына выявіла жаданне прадаваць свае кандытарскія вырабы — яркае печыва ў форме кактусаў, матылькоў, грыбоў. Але прадукцыя прыцягнула больш увагу прадаўцоў, чым пакупнікоў. На рынак пакуль яшчэ не прыходзяць па тавары хатняга прыгатавання. Прадаўцу трэба заваяваць давер пакупнікоў, зацікавіць іх.

На «Ждановічах» такіх месцаў для фізічных асоб каля 20. Таксама пакуль што жадаючых няшмат: пасля ўнясення зменаў у пастанаўленне сюды звярнуліся 2—3 чалавекі з кулінарнымі і кандытарскімі вырабамі.

Размясціцца на рынкавым месцы са сваімі закаткамі ці тартамі аказалася зусім проста. Усяго толькі трэба прынесці пашпарт, талончык аб праходжанні флюараграфічнага абследавання і аплаціць адзіны падатак па месцы жыхарства або па месцы ажыццяўлення гандлёвай дзейнасці. За 10—15 хвілін вам арганізуюць прылавак. Цікаўлюся: а як жа гарантыі таго, што прадукцыя бяспечная?

— Такі тавар не патрабуе санітарна-гігіенічнага заключэння. Мы, як адміністрацыя рынку, інфармуем пра гэта пакупнікоў. На месцах гандлю для фізічных асоб стаяць таблічкі, якія папярэджваюць пра тое, што прадукцыя не праходзіць праверку і не мае пацвярджэння якасці і бяспекі, — тлумачыць Анжэла Барановіч.

Кошт арэнды гандлёвага месца на Камароўскім рынку адрозніваецца ў залежнасці ад таго, ці патрэбны прадаўцу халадзільнік. Напрыклад, арэнда прылаўка для хлебабулачных вырабаў — самая танная. У дзень абыдзецца ў 5 рублёў 96 капеек. Арэнда прылаўка для гандлю кулінарнымі вырабамі, якія патрабуюць халадзільнага абсталявання, — 11 рублёў 84 капейкі.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter