Как на Полесье добывают дикий мед

Пчолы ў борцях

Бортніцтвам на тэрыторыі сучаснай Беларусі займаюцца не менш за дзве тысячы гадоў. Лічыцца, гэты старадаўні лясны промысел, заснаваны на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах — борцях, развіўся з дзікага пчалярства, калі чалавек знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў і збіраў мёд. У гісторыі беларускага бортніцтва былі і росквіты, і заняпады.



У часы ВКЛ, паведамляе livingheritage.by, у гарадах і мястэчках працавалі цэлыя карпаратыўна-прафесійныя аб’яднанні бортнікаў, правы пчаляроў былі замацаваны заканадаўча, а мёд і воск з’яўляліся аднымі з галоўных відаў экспарту. Аднак з канца XVII стагоддзя ў выніку масавых высечак лясоў пачаўся заняпад бортніцтва, а ў першай палове XIX — яно страціла сваё ранейшае гаспадарчае значэнне. 


На шчасце, гэты промысел не знік зусім з тэрыторыі нашай краіны. У прыватнасці, бортніцтвам займаюцца жыхары Столінскага, Брэсцкага, Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Петрыкаў­скага, Ельскага, Мазырскага раёнаў Гомельскай вобласці. Але найбольшы ўклад у захаванне і развіццё промыслу ўносяць жыхары Лельчыцкага раёна. Тут пражывае больш за сто бортнікаў. Што важна, здабываць дзікі мёд яны стараюцца сёння так, як гэта рабілі некалькі стагоддзяў таму. Многія выкарыстоўваюць інструменты сваіх дзядоў і прадзедаў і борці, якім больш за сто гадоў. Бортнік павінен валодаць шматлікімі навыкамі, якія засвойвае яшчэ ў дзяцінстве. У тым ліку выраб­ляць калоды, плесці кашалі з сасновай дранкі, тапіць воск, сукаць свечкі. І, вядома, добра лазіць па дрэвах. Часам трэба ўзабрацца і на 20-метровую вышыню.

З бортніцтвам звязана шмат іншых нематэрыяльных элементаў. Да прыкладу, ёсць традыцыя браць з сабой у лес хлеб на рушніку і падчас збору салодкага золата частаваць кожнага сустрэчнага лустай з мёдам.

Традыцыя збіраць дзікі мёд з борцяў захавалася і ў суседняй Польшчы. Летась эксперты дзвюх краін падрыхтавалі матэрыялы па элеменце «Лясное бортніцтва Беларусі і Польшчы». Магчыма, хутка ён папоўніць Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

mila@sb.by

Фота Максіма Вечара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter