Не больш за 40% ад агульнага даходу: чаму банкі вырашылі ўвесці такі ліміт па спажывецкіх крэдытах?

Пазычальнiку паказалi паталок

Праз месяц, верагодна, узяць крэдыт зноў стане больш складана. Намеснiк Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Дзмiтрый Лапко анансаваў, што з 1 мая зменяцца падыходы да выдачы грошай у доўг. Так, з’явіцца «каэфіцыент пазыковай нагрузкі», які складзе 40 працэнтаў ад сярэднямесячных даходаў чалавека. Калі пасля адмены летась абавязковага прадстаўлення даведак аб даходах людзі абмяжоўвалі свае спажывецкія апетыты выключна разумным сэнсам, то зараз давядзецца альбо хлусіць банку, альбо стрымліваць свае жаданні. Банкіры ж пакуль думаюць, як усё гэта адаб’ецца на іх кліентах і рынку ў цэлым.

Крэдыт хутка будзем атрымлiваць па новых правілах.
Фота Таццяны СТАЛЯРОВАЙ
 
Што ўсё ж такі зменіцца? Калі паглядзець на гэтае пытанне груба, то, па сутнасці, нічога. Банкі і раней абмяжоўвалі сумы крэдытаў прыбыткам чалавека. Толькі кожны па-свойму.

Цяпер ва ўсіх будзе адзін агульны крытэрый — «выплаты па крэдытах, мікрапазыках, лізінгу не павінны перавышаць 40 працэнтаў ад абвешчанага фізічнай асобай даходу».

Атрымліваецца, што калі вы, скажам, маеце сярэднюю зарплату па краіне (а гэта цяпер 850 рублёў), то больш чым 340 рублёў у месяц аддаць банку, лізінгавай кампаніі або ламбарду вы не можаце. Хаця банкi вашу плацежаздольнасць вызначылі б так. З даходу аднялі б бюджэт пражытачнага мінімуму (амаль 200 рублёў), камунальныя плацяжы (яшчэ 50), плацяжы за інтэрнэт, мабільную сувязь (яшчэ 20—30) — і ўсё. Астатняе можна лічыць вашай плацежаздольнасцю, гэта значыць каля 550 рублёў. Вядома, калі ў вас няма дзяцей або іншых утрыманцаў. Так што бум спажывецкага крэдытавання можа даволі хутка захлынуцца.

Сёння беларусы павінны банкам 9,3 мільярда рублёў. З іх 6,2 — жыллёвае крэдытаванне, а 3,1 мільярда — крэдыты на спажывецкія патрэбы. Апошняя лічба за год павялічылася ледзь не ўдвая. Праўда, да нядаўняга часу Нацбанк не выказваў занепакоенасці з гэтай нагоды, называючы рэзкі рост даўгоў «аднаўленчым».

Першыя намёкі на магчымыя абмежаванні з’явіліся месяц таму. Намеснік Старшыні Праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц тады сказаў, што Нацбанк не мае намеру прымяняць інструменты прамога абмежавання на рынку спажывецкага крэдытавання. Але рэгулятар зацікавіўся «прудэнцыйнымі інструментамі», якія маглі б дазволіць абмяжоўваць канкрэтных пазычальнікаў. Нягледзячы на ўсё гэта, Дзмітрый Лапко заявіў, што такую ідэю рэгулятар выношваў ужо даўно. Але, як аказалася, банкі былі да гэтага не гатовыя і самі пакуль здзіўленыя.

Адзін з нашых суразмоўцаў у банкаўскай сферы патлумачыў, што нейкія канкрэтныя наступствы рашэння Нацбанка можна прагназаваць толькі пасля з’яўлення адпаведнага дакумента. Пакуль гэта ўсё толькі ініцыятыва. «Будзем спадзявацца, што дакумент мы ўбачым не 30 красавіка, а раней, і паспеем на яго адрэагаваць», — дадаў банкір.

Новыя правілы выдачы крэдытаў пакідаюць пакуль масу пытанняў. Асабліва наконт вызначэння даходаў і выдаткаў кліента. Банкі даведваюцца пра зарплату са слоў чалавека. Можа, тады варта чакаць і вяртання даведак аб даходах на ўсе віды крэдытаў? Акрамя таго, у крэдытных гісторыях не заўсёды ёсць звесткi аб памерах плацяжоў па іншых крэдытах. Бываюць адкрытыя крэдытныя лініі, і зразумець, які рэальна цяпер у чалавека плацеж па іх, немагчыма.

Нацбанк і раней ахалоджваў спажывецкае крэдытаванне: даведкамі аб даходах, высокімі стаўкамі. Але тады былі нізкія зарплаты, а цяпер яны растуць. Таму і патэнцыял росту крэдытавання ёсць. Мінусам застаецца толькі тое, што прадукцыйнасць працы не паспявае за даходамі, і крэдытаванне ў асноўным падтрымлівае імпарт.

А што рабiць з тымі, хто працуе ў «ценю»? Многія з іх могуць спакойна аддаваць крэдыты, не маючы пры гэтым афіцыйна пацверджанага высокага даходу. «Таму, на мой погляд, падобная мера Нацбанка моцна знізіць аб’ёмы крэдытавання», — праінфармавала крыніца ў банкаўскай сферы.

Дарэчы, нашы суразмоўцы сыходзяцца ў меркаванні, што Беларусь яшчэ вельмі далёкая ад закрэдытаванасці ў параўнанні з іншымі краінамі. Але тады навошта такое рэзкае рашэнне выставіць рамкі для крэдытавання? На мой погляд, самы лагічны адказ на пытанне — нехта папрасіў гэта зрабіць. Хутчэй за ўсё, гэта быў наш самы буйны крэдытор — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця. Якраз напярэдадні заявы Нацбанка стала вядома, што зрушваюцца тэрміны выдзялення Беларусі двух апошніх траншаў крэдыту. Хаця зусім нядаўна Мінфін заяўляў аб атрыманні гэтых грошай у першым квартале года.

Цікава, што перад гэтым Еўразійскі банк развіцця, які прама звязаны з ЕФСР, абмовіўся ў штоквартальным макраэканамічным аглядзе, што «найбольшыя рызыкі для эканомікі і фінансавай сістэмы Беларусі нясе рост спажывецкага крэдытавання, улічваючы высокую долю імпартных тавараў у спажыванні».

Нашы крыніцы ў банках пацвярджаюць, што сувязь паміж рашэннем Нацбанка і асцярогамі ЕФСР ёсць. Так, паступленні ад фонду даўно запланаваны, і калі мы іх не атрымаем, то могуць узнікнуць праблемы. Але і спешка тут не патрэбна. Усё гэта спараджае нявызначанасць на рынку, якая ніколі ні да чаго добрага не прыводзіла.

kuletski@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter