Пазнаць, знайсці сябе ў бязмежным…

Беларускі расіянін атрымаў званне ганаровага жыхара Гуанчжоу

Беларускі расіянін — ганаровы жыхар Гуанчжоу

Апошняя паўгадавая камандзіроўка ў паўднёвакітайскую правінцыю Гуандун скончылася для доктара навук, прафесара Леаніда Бокуця надзвычай адметнай падзеяй. Народны ўрад гарадской акругі Гуанчжоу (сталіцы правінцыі) прысвоіў яму званне «Ганаровы жыхар Гуанчжоу».

Сапраўды, чалавек не можа ведаць, што чакае яго наперадзе, але калі ён марыць, мае ненатоленую прагу да пазнання, не баіцца карпатлівай працы, ставіць перад сабой на першы погляд невырашальныя задачы, то і лёс шчодра адорыць яго добрымі падзеямі. Як жа жыццёвыя сцяжыны прывялі ўраджэнца Міншчыны ў далёкі Кітай?

Нарадзіўся Леанід Аркадзевіч Бокуць у 1937 годзе ў Крупках. «Я — дзіця вайны, і гэта тэма для мяне вельмі кранальная. Маці мая была закатавана фашыстамі ў 1944 годзе ў Крупках. Доўгія гады яе хавала сям’я бацькі і можна сказаць, што ўсё насельніцтва райцэнтра, амаль да канца акупацыі. Пакуль не з’явіўся паліцай з Віцебска, дзе вучылася некалі мама... Шмат гора выпала на лёс нашай сям’і, усяго і не расказаць», — успамінае Леанід Аркадзевіч.

Пасля вайны ён вучыўся ў рускай сярэдняй школе № 2, якую скончыў з сярэбраным медалём. Веды правінцыяльнага хлопца з дапытлівым розумам і надзвычайнай логікай далі яму магчымасць паступіць на механіка-матэматычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і скончыць яго з адзнакай. А затым працягнуць сваю адукацыю ў аспірантуры Інстытута матэматыкі імя Л.С. Собалева Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР у Навасібірску. Там і зараз працуе галоўны навуковы супрацоўнік доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Леанід Бокуць. Ён вельмі ганарыцца тым, што мае прыналежнасць да сібірскай матэматычнай супольнасці, якая рыхтуе сапраўдную інтэлектуальную эліту для навукі, бізнесу, навукаёмістых вытворчасцей і адукацыі. Даўнія і моцныя сувязі яднаюць Навасібірскі ўніверсітэт з многімі замежнымі краінамі, і асаблівае месца займае Кітай. Апошнія сем гадоў таленавіты вучоны Бокуць вельмі плённа супрацоўнічае з размешчаным у Гуанчжоу Паўднёва-Кітайскім педагагічным універсітэтам (SCNU), рэгулярна выязджае туды для чытання лекцый і кіраўніцтва навуковай работай студэнтаў. Гэты ўплывовы матэматык стварыў там і ўзначаліў Цэнтр алгебраічнай камбінаторыкі. Кітайскія калегі адзначаюць, што ён на найвышэйшым узроўні дае студэнтам перадавыя веды, што дазваляе многім з іх увайсці ў міжнародную матэматычную супольнасць.

Леанід Бокуць з’яўляецца вучнем і паслядоўнікам вялікага савецкага матэматыка Анатоля Шыршова, на аснове яго даследаванняў сам змог зрабіць шэраг адметных крокаў у навуцы. «Зараз школу Шыршова нефармальна ўзначальвае наш з ім вучань Яфім Зэльманаў. Гэта вядомы ў свеце вучоны, член пяці акадэмій навук, ганаровы доктар трох універсітэтаў, Філдсаўскі медаліст, што з’яўляецца амаль эквівалентам Нобелеўскай прэміі», — расказвае ён. Ідэі славутага настаўніка Леанід Аркадзевіч працягвае развіваць і ў Паўднёва-Кітайскім педагагічным універсітэце, пад яго кіраўніцтвам выйшла некалькі дзясяткаў даследчых прац, што змаглі запоўніць шмат прабелаў у гэтай сферы ведаў. Да таго ж атрымаць фінансавую падтрымку для далейшых даследаванняў, а гэта некалькі грантаў навуковых фондаў — Нацыянальнага фонду Кітая, правінцыі Гуандун, Кітайска-Амерыканскага і Руска-Кітайскага. «Трэба адзначыць, што мае дасягненні ў SCNU па праву раздзяляе прафесар Ючын Чэн. За гэтыя сем гадоў ён перайшоў у сваіх даследаваннях на навуковую тэматыку школы Шыршова. Такім чынам, можна лічыць, што ў Кітаі зарадзілася аддзяленне гэтай школы, якое, спадзяюся, і надалей будзе паспяхова працаваць пад кіраўніцтвам прафесара», — адзначае Леанід Аркадзевіч.

Дзякуючы намаганням прафесара Бокуця ў кітайскай правінцыі створана трывалая платформа міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне навуковых і тэхналагічных інавацый. Ён прыцягнуў шмат вядомых міжнародных экспертаў, што дало немалы плён. За нястомную працу на навуковай ніве прафесар Бокуць у 2009 годзе быў узнагароджаны медалём Дружбы Кітая, што з’яўляецца высокай адзнакай яго дзейнасці з боку ўрада гэтай краіны.

Знакавай стала і апошняя камандзіроўка ў кітайскую правінцыю. У час яе Народны ўрад гарадской акругі Гуанчжоу прысвоіў запрошанаму прафесару Паўднёва-Кітайскага педагагічнага ўніверсітэта, прафесару кафедры дыскрэтнай матэматыкі і інфарматыкі механіка-матэматычнага факультэта Навасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта Леаніду Бокуцю званне «Ганаровы жыхар Гуанчжоу». Гэта званне заснавана Народным урадам сталіцы паўднёвакітайскай правінцыі Гуандун у 1986 годзе і з таго часу прысуджаецца ў сярэднім адзін раз у тры гады. Апошнім разам яго ўдастоены 23 чалавекі, сярод якіх і наш зямляк. Трэба падкрэсліць, што прафесар Бокуць стаў першым з замежных экспертаў педагагічнага ўніверсітэта, хто стаў уладальнікам гэтага ганаровага звання. Так адзначаны яго бясспрэчны ўклад у развіццё кітайскай навукі і адукацыі. «Прайшоў ужо пэўны час, хоць і зусім невялікі, але мяне не пакідае хваляванне ад гэтай падзеі. Разам са мной яе раздзялілі мае калегі, паплечнікі, вучні. І, канечне ж, мая сям’я», — расказвае ён. Дарэчы, сярод вучняў прафесара — больш за 30 кандыдатаў навук з Расіі, Манголіі, Кітая, якія працуюць зараз па ўсім свеце — у Амерыцы, Англіі, Мексіцы, Канадзе, Бразіліі, Германіі, Ізраілі, Швецыі, не лічачы Расіі, Манголіі і Кітая. Яшчэ дзве абароны навуковых прац пад яго кіраўніцтвам маюць адбыцца ў маі ў SCNU, свае даследаванні прадставяць муж і жонка Ю Лі і Чоўхуэй Мо.

Леанід Бокуць — аўтар шматлікіх навуковых прац, у тым ліку на замежнай мове, удзельнік навуковых сімпозіумаў у многіх замежных краінах. Вірлівае і насычанае прафесійнае жыццё, няўрымслівы характар і жыццялюбства надарылі яго вялікай колькасцю сяброў, многія з іх — сапраўдны гонар навукі. Пра кожнага ён гатовы расказваць гадзінамі з цеплынёй і любоўю. І з вялікім жалем пра тых, каго ўжо няма: «Зусім нядаўна пайшоў з жыцця ганаровы рэктар Гомельскага ўніверсітэта Леанід Аляксандравіч Шамяткоў, мой калега і добры знаёмы. Ён быў рэктарам пасля акадэміка Бокуця Барыса Васільевіча, майго дальняга сваяка па бацьку з вёскі Сакольшчына Уздзенскага раёна. Цікава, што ў асноўным там было два прозвішчы — Бокуці і Даўгалевічы. Усе Бокуці адтуль».

Са шчырасцю расказвае яшчэ пра аднаго свайго сябра: «Аляксандр Яфімавіч Залескі вярнуўся ў Мінск пасля шматгадовай работы ва ўніверсітэтах Англіі і Італіі. Гэта буйны матэматык, вучань акадэміка Супрыненкі, майго добрага знаёмага. Адзін з яго сыноў — вядомы вучоны ў галіне алгебры, працуе ва ўніверсітэце сталіцы Бразіліі».

Сам Леанід Аркадзевіч вельмі любіць прыязджаць на радзіму, хоць і надараецца гэта рэдка з-за занятасці. Ён вельмі ганарыцца, што родам з Беларусі, што многія яго ведаюць і радуюцца поспехам свайго земляка. І бязмерна ўдзячны сваім настаўнікам, якія некалі не толькі далі яму веды, але і навучылі любіць людзей і жыццё, шанаваць кожны дзень: «Пачатак «Новай зямлі» Якуба Коласа я памятаю, як ліст Таццяны з рамана Пушкіна.

О, як бы я хацеў спачатку

Дарогу жыцця па парадку

Прайсці яшчэ раз,

азірнуцца...»

На здымку: (справа налева) прафесары Леанід БОКУЦЬ і Ючын ЧЭН.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter