Каму не даспадобы прыйшлася адна з асноўных вясковых прафесій?

Пазакласныя трактарысты

НЕ САКРЭТ, што на вёсцы адчуваецца недахоп кадраў механізатараў, хаця іх нібыта і нямала рыхтуюць у прафесійна-тэхнічных ліцэях. Як альтэрнатыва, у некаторых сярэдніх школах у старшых класах існавалі курсы па вывучэнню трактара, і ў канцы іх выпускнікі атрымлівалі не толькі дыплом, але і прафесію. На жаль, цяпер механізатарскія курсы ў пераважнай большасці школ масава пазакрываліся. Каму так не даспадобы прыйшлася адна з асноўных вясковых прафесій? Чаму і чым можа абярнуцца гэта для гаспадарак? Наш карэспандэнт даследуе праблему на прыкладзе Віцебскай вобласці.


Хто рэжа сабе крылы?


ЯШЧЭ не так даўно ў механізатарскім атрадзе мясцовага сельгаспрадпрыемства «Гарадзец» Шаркаўшчынскага раёна працавалі ці не адны выпускнікі Лужкоўскай школы, якія набылі там сваю хлебаробскую прафесію. І таму забяспечанасць кадрамі трактарыстаў у «Гарадцы» была адной з лепшых у раёне, што дазваляла, як сцвярджае яго дырэктар Аляксандр Маркевіч, арганізоўваць работу тэхнікі ў дзве змены. У тым ліку — і начныя. Усё гэта, безумоўна, спрыяла эканамічнай трываласці гаспадаркі.

І вось нядаўна застаў кіраўніка не ў лепшым настроі. Як высветлілася — з перабору кадраў механізатараў стаў іх дэфіцыт. І прычынай, як лічыць Маркевіч, стала закрыццё ў Лужкоўскай школе класа па падрыхтоўцы трактарыстаў-машыністаў, які больш за сорак год таму адкрыў яго бацька, Анатоль Дзмітрыевіч, на той час дырэктар навучальнай установы.

Наступныя кіраўнікі школы, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Мілецій Андзілеўка і Ларыса Гараніна, працягвалі і ўзбагачалі закладзеныя традыцыі, акцэнтуючы ўвагу на тым, каб выпускнікі прыносілі карысць у першую чаргу той мясцовасці, дзе нарадзіліся.

Асаблівы росквіт школа набыла пры цяперашнім дырэктары Ларысе Гаранінай: праведзены капітальны рамонт будынка ўстановы, закладзены дэндрарый і два сады, зроблена экалагічная сцежка. Вучні паспяхова ўдзельнічаюць у праектах ЕС/ПРААН «Зялёная школа» і «Малыя рэкі — вялікія праблемы». У 2015 годзе гэта навучальная ўстанова занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару. А яшчэ — падпала пад фінансаванне Сусветнага банка на наступны год.

Адзінае, чаго не ўдалося Ларысе Віктараўне, — гэта адстаяць клас падрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў, ліцэнзія на які закончылася тры гады таму і не была працягнута.

Выпускнікі Лужкоўскай школы Шаркаўшчынскага раёна— галоўны
інжынер сельгаспрадпрыемства «Гарадзец» Ілля КВЯТКОЎСКІ
і ўдзельнік абласных «Дажынак-2015» Юрый ВРУБЛЁЎСКІ.


Дазвол на падрыхтоўку трактарыстаў-машыністаў катэгорыі «А» выдае Галоўдзяржтэхнагляд Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Але ж, па логіцы, не можа ён «падразаць крылы» сам сабе. Кансультант-інспектар Галоўдзяржтэхнагляду Іван Лобач за механізатарскія класы ў сельскіх школах. Для гэтага толькі патрэбны база, набор адпаведных дакументаў і запытанне ад мясцовых органаў адукацыі.

Усё гэта ёсць у Лужкоўскай СШ: трактар «МТЗ-82» яшчэ ў даволі добрым стане, бокс для яго захоўвання, спецыяльная вучэбная пляцоўка з участкамі для развароту пры абмежаванай шырыні праезжай часткі і пад’ёмам. Ёсць майстар па ваджэнні Генадзь Руткоўскі, які цяпер возіць дзяцей на школьным аўтобусе.

Каб высветліць сітуацыю, звяртаемся ў Шаркаўшчынскі аддзел адукацыі да яго начальніка Мікалая Рубацкага. Ён заявіў, што закрыццё класа па падрыхтоўцы механізатараў у Лужкоўскай школе адбылося не пры ім, і таму канкрэтна сказаць што-небудзь не можа. Валянціна Лемяшэўская, якая была тады загадчыкам раённага аддзела адукацыі, дала наступнае тлумачэнне: маўляў, падобныя класы закрываліся па ўсёй вобласці з тым разлікам, каб вучні працягвалі далейшае навучанне ў ліцэях і каледжах, дзе рыхтуюць больш класных спецыялістаў. Зроблена гэта было і ў Шаркаўшчынскім раёне.

Афіцыйнага дакумента аб закрыцці класа падрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў у Лужкоўскай СШ не было. Проста з абласнога ўпраўлення адукацыі паступіла вуснае распараджэнне на гэты конт.

Першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага абл- выканкама Леанід Сцяпанаў тлумачыць сітуацыю наступным чынам: каб наладзіць навучанне на належным узроўні ў агульнаадукацыйнай школе, павінна быць добрая база. Яна ёсць толькі ў ліцэях і каледжах, дзе навучэнцы атрымліваюць не адну катэгорыю трактарыста-машыніста, а некалькі і заадно — атэстат аб сярэдняй адукацыі.

Адказ як быццам аргументаваны. Толькі вось з той жа Лужкоўскай школы ні адзін вучань не пайшоў вучыцца за апошнія два гады на механізатара. Сёлета паступіў у Глыбоцкі прафтэхліцэй толькі Юрый Заяц, і то каб набыць прафесію муляра.

Перадавыя механізатары КУП СГП «Гарадзец», якія атрымалі правы трактарыста-машыніста ў
Лужкоўскай школе (злева направа): Мікалай ПРАХАРОНАК, Сцяпан ХРОЛ, Аляксандр КАСНІКОЎСКІ

За тое, каб быў клас падрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў у Лужкоўскай школе, дружна выступаюць механізатары мясцовай гаспадаркі «Гарадзец» і бацькі вучняў.

Такі ж лёс, як і Лужкоўскую школу з класам механізацыі, у мінулым годзе напаткаў СШ №1 раённага цэнтра, хаця ліцэнзія заканчваецца толькі 
1 снежня 2017 года. За 40 год у гэтым класе была падрыхтавана не адна сотня спецыялістаў для суседніх з гарадскім пасёлкам гаспадарак: ААТ «Даватарскі», «Шаркаўшчынскі райагратэхсэрвіс», КУП СГП імя Маркава.

Дырэктар школы Сяргей Ганебны галоўнай прычынай закрыцця  класа лічыць тое, што займаліся ў ім толькі для таго, каб атрымаць за дзяржаўны кошт правы на аўтамабіль. Хаця ён прызнае, што справа гэта вельмі карысная. Асабліва для сялян. Ён нават агучваў ідэю зрабіць механізатарскі клас толькі для хлопчыкаў з сельскай мясцовасці. Цудоўнае жаданне. Шкада, што яно так і засталося на словах. А яшчэ, як прызнаўся Сяргей Рафаілавіч, самі бацькі некаторых вучняў пажадалі плаціць, каб толькі захаваўся гэты клас. Калі ж падлічылі, што выкласці за кожнага вучня патрэбна ад 6 да 7 мільёнаў рублёў, вырашылі не рызыкаваць.

Ніяк не можа пагадзіцца з закрыццём механізатарскіх класаў у школах раёна старшыня райвыканкама Мікалай Баговіч:

— Не разумею, чаму нельга ў сельскай школе выкладаць той жа прадмет для хлопчыкаў? Чаму яны не могуць атрымаць адпаведны дакумент на права кіравання трактарам? Мала чаго ў жыцці чакае? Ну не паступіў чалавек у вучэбную ўстанову, застаўся на вёсцы. А прафесія ўжо ёсць — ідзі і працуй! І ёсць каму вучыць, і жадаючыя вучыцца ёсць.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter