Пазакласныя трактарысты

Не раз даводзілася чуць: у школах, маўляў, слабая тэхнічная база

Скрыўлены профіль


ЗАКРЫВАЮЧЫ школы з механізатарскімі класамі ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкама  разлічвалі, што вучні названых школ папоўняць рады навучэнцаў прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў. Аднак гэтага не здарылася, а праблема з падрыхтоўкай механізатараў наогул яшчэ больш абвастрылася.

Не раз даводзілася чуць: у школах, маўляў, слабая тэхнічная база, і няхай вучні пасля дзевяці класаў ідуць у спецыяльныя вучэбныя ўстановы, дзе створаны ўсе ўмовы для прафесійнага навучання.


Выкладчык Глыбоцкага прафтэхліцэя Уладзімір ЕРАМЁНАК з навучэнцамі групы тэхнічнага
забеспячэння каля камбйнаў-ветэранаў— КЗС-7 іКЗС-10.


СПАЧАТКУ паспрабуем разабрацца з «базай». Не будзем далёка хадзіць, а заглянем у Глыбоцкі прафесійна-тэхнічны ліцэй. Быту навучэнцаў можна толькі пазайздросціць. 

А вось з тэхнічнай базай зусім іншая справа. Згодна з інфармацыяй дырэктара ліцэя Валянціны Шынкевіч, там ёсць 15 трактараў, большасць з якіх выпрацавалі два-тры рэсурсы. Некаторым ажно па 25—30 гадоў. Самы новы — 2006 года выпуску. Не лепшае становішча з камбайнамі — у асноўным КЗС-7, якіх практычна ўжо няма ў сельгаспрадпрыемствах, і КЗС-10. Трапляючы пасля вучобы ў гаспадаркі, выпускнікі вучылішча, па сутнасці, павінны  асвойваць з нуля сучасную тэхніку.

Самастойна набыць новыя агрэгаты, якія каштуюць мільярды рублёў, ліцэй не можа. Тыя 1,5 мільярда, якія ён бярэ з даволі вялікай падсобнай гаспадаркі, хапае толькі на запчасткі, гаруча-змазачныя матэрыялы, рамонт жылых памяшканняў і вучэбных кабінетаў.

Валянціне Шынкевіч урэшце надакучыла мірыцца з такім становішчам, і яна напрасілася на прыём па набалелай праблеме да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі. У выніку Мінскі трактарны завод выдзеліў на год ліцэю новы трактар для выпрабавання на ім навяснога абсталявання. А яшчэ ёсць ліст, падпісаны намеснікам міністра прамысловасці Беларусі А. Агароднікавым яшчэ ў лютым гэтага года, аб перадачы глыбачанам з завода у выглядзе спонсарскай дапамогі трактара МТЗ-2022 выпуску 2009 года. Праўда, да гэтай пары ён так і не з’явіўся на машынным двары ліцэя.

У Відзаўскім прафесійна- тэхнічным каледжы, дарэчы, адным з лепшых у вобласці, з тэхнічнай базай, здаецца, усё ў парадку. Тут дзейнічаюць не першы год дагаворы паміж Мінскім трактарным заводам, ВА «Гомсельмаш» аб пастаўцы ў навучальную ўстанову навейшай тэхнікі на выпрабаванні. Аднак, як і Глыбоцкі, Відзаўскі каледж таксама не выканаў план набору на першы курс: пры заданні 125 прынята 97 чалавек. У групе, дзе навучаюць пасля дзевяці класаў прафесіі трактарыста, усяго 24 чалавекі. 

Намеснік дырэктара каледжа Людміла Капуста такі малюнак патлумачвае тым, што наогул падае прэстыж прафесіі механізатара. 

НЕ вытрымлівае крытыкі і сцвярджэнне, быццам у сярэдніх школах, дзе дзейнічалі курсы трактарыстаў-машыністаў, была слабейшая падрыхтоўка, чым у тых жа каледжах і ліцэях.

— Я б не сказаў гэтага, — заяўляе Міледзій Кукуць, былы начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду Шаркаўшчынскага раёна, які і прымаў якраз экзамены ў выпускнікоў. — Абсалютна ўсе здавалі экзамены, і здавалі добра. Каля дзесяці працэнтаў выпускнікоў школ потым заставаліся працаваць у вёсцы. А што цяпер? У сярэдніх школах курсы трактарыстаў-машыністаў пазакрывалі, у прафесійна-тэхнічных ліцэях з наборам механізатараў таксама не зусім добра.

Былая настаўніца Порпліш- чанскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Людміла Вайцяховіч паказала мне дзве маленькія кніжачкі: пасведчанне медыцынскай сястры і... палявода-механізатара. Першую атрымала яшчэ пры вучобе на ваеннай кафедры, а другую — калі са школьнай брыгадай, яшчэ пры Саюзе, займалася даследчай работай: вырошчвалі на палях племзавода «Порплішча» новыя сарты бульбы, памідораў і тройчы станавіліся ўдзельнікамі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі. Многія, напэўна, памятаюць і маюць дакументы з так званых вучэбна-практычных камбінатаў, што існавалі яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя ці не ў кожным райцэнтры, дзе вучні старшых класаў школ раёна набывалі прафесію трактарыста, вадзіцеля, швачкі, таваразнаўцы, хлебапёка і іншыя.

— Я вучыўся ў Залескай сярэдняй школе, і нас па аўторках вазілі ў вучэбна-практычны камбінат у Глыбокае, — прыгадвае лепшы механізатар сельгаспрадпрыемства «Залатая падкова» Андрэй Федарэнка. — У мяне было ў школе па прадметах 6 чацвёрак і 12 пяцёрак. Усе думалі, што падамся ў інстытут, і, не буду ўтойваць, былі такія магчымасці. Аднак, маючы  на руках правы трактарыста, паспрабаваўшы працаваць у полі, я ўпадабаў работу менавіта з тэхнікай. Каня магу не запрэгчы, а на любым трактары, машыне, камбайне паеду. Што застаўся ў вёсцы, дома, абсалютна не шкадую. Дарэчы, са мной працуе, таксама механізатарам, мой аднакласнік Алег Лук’янёнак.

Вось так. А ўсё пачыналася з прафесіі, набытай за школьнай партай.

А УВОГУЛЕ, маем мы тое, да чаго ішлі. Па чым сёння ацэньваецца работа настаўніка, калектыву школы ў цэлым? Так, па тым, колькі вучняў паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сёння ў вельмі многіх школах гэты паказчык перавышая за 50—60 працэнтаў. Ведаю педагогаў, класы якіх наогул дабіліся амаль стопрацэнтнага выніку. Вось толькі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю ніводнага чалавека. 

Сёння тыповым стаў малюнак, калі вучняў — пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па прадметах — выклікаюць на раённую сцэну разам з настаўнікам, бацькамі, уручаюць усім граматы, падарункі. А чаму б не запрасіць на тую ж сцэну ў такім жа складзе выпусніка школы, які паступіў у ліцэй на трактарыста і мае добрыя адзнакі? Чаму б наогул не ацэньваць работу настаўніка і педагагічнага калектыву сельскай школы не толькі па працэнце паступіўшых у ВНУ, але і па тым, колькі вучняў выбрала сельскагаспадарчы профіль, колькі засталося на зямлі расціць той самы хлеб, пра які мы гаворым, што ён — усяму галава...


В ТЕМУ

Владимир САМСОНОВИЧ, начальник главного управления образования, науки и кадров Министерства сельского хозяйства и продовольствия:

— Наша позиция в этом вопросе — подготовка трактористов-машинистов в сельских школах нужна. Это важная составляющая профориентации. Пусть ученик сразу получит только удостоверение категории  «А», но у него появится интерес к работе на земле. А если еще преподаватель сумеет привлечь к своему предмету, считай, вырастет будущий механизатор. Сейчас, к примеру, в некоторых заочных классах на селе организована такая подготовка.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter